Як на сонца і вецер «палююць»

Падзеі

Дыплом Міжнароднага конкурсу «SPARE» «Энергія і асяроддзе», дыплом Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь, грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, шматлікія ганаровыя граматы, кубкі, знакі, медалі, дыпломы — гэта ўзнагароды настаўніцы сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Ірыны Уладзіміраўны Дарафейчык. Разам са сваімі вучнямі яна чатыры гады запар «палюе» на сонца і вецер, каб атрымаць іх прыродную энергію на карысць людзям.

Як гэта адбываецца? Якія прыстасаванні для атрымання цеплавой, светлавой, электрычнай энергіі сканструявалі настаўніца і яе вучні? Як іх работы ацанілі энергетыкі і навукоўцы? Пра гэта і іншае карэспандэнтка газеты «Перамога» пацікавілася ў І. Дарафейчык.

— Ірына Уладзіміраўна, з чаго ўсё пачыналася?

— У 2013 годзе мне прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе «Энергамарафон». Тады і з’явіліся ідэі, якія мы паспрабавалі ажыццявіць. З вучнямі Аляксандрам Пацыновічам і Вадзімам Багдзялём распрацавалі праект «Альтэрнатыўныя крыніцы святла і цяпла». Работа была паспяховая. З ёй перамаглі на абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу «Энергамарафон-2013».

Затым вырашылі прыняць удзел у завочным Міжнародным конкурсе «Энергія і асяроддзе», што праходзіў Нарвегіі. Аднак на той час толькі пачалі распрацоўваць міні-паравы рухавік-генератар для зарадкі мабільнага тэлефона і змайстраваць яго не паспелі. Тым не менш, журы прысудзіла нам спецыяльнае месца, мы адсталі ад трэцяга месца ўсяго на 0,2 бала.

Наступны праект «Магчымасці выкарыстання энергіі сонца і ветру для атрымання святла і цяпла», які распрацоўвалі з Максімам Заблоцкім, мы прадставілі на абласным конкурсе «Таленты ХХІ стагоддзя» і атрымалі дыплом трэцяй ступені.

Удалы старт надаў упэўненасці. Падалі заяўку на ўдзел у навукова-інжынерным конкурсе навучэнцаў «Belarus Science and Engineering Fair», які праходзіў з ініцыятывы Парка высокіх тэхналогій, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, карпарацыі Intel. У катэгорыі «Экалогія і праблемы навакольнага асяроддзя, энергазберагальныя тэхналогіі» занялі другое месца.

Паўдзельнічалі і ў сёмым рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў «ТэхнаІнтэлект», які ладзіўся на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта для маладых рацыяналізатараў і вынаходнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Конкурс прэстыжны, у рабоце секцый і выставаў, майстар-класах удзельнічалі вядомыя беларускія вучоныя, вынаходнікі, педагогі-наватары. Наш праект стаў «бронзавым» прызёрам у секцыі «Энергазберагальныя тэхналогіі». За гэты конкурс Максім Заблоцкі быў унесены ў банк даных фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі.

Па рэкамендацыі Наталлі Сяргееўны Белаус, я сама прыняла ўдзел у конкурсе «Энергамарафон-2014» у намінацыі «Лепшы педагог па выхаванні ў навучэнцаў культуры энергазберажэння». У выніку стала пераможцай спачатку абласнога, а затым і рэспубліканскага этапаў.

— Як вы, настаўніца англійскай мовы, разам з вучнямі змаглі не проста авалодаць новымі ведамі, але і стаць паспяховымі вынаходнікамі?

— Ведаеце, праблема энергазберажэння настолькі актуальная ў свеце, што мы разглядалі яе і на ўроках англійскай мовы ў час работы над тэмай «Навука і тэхніка». Адважыцца на ўдзел у «Энергамарафоне», які стаў адпраўной кропкай для далейшых поспехаў, дапамагла падтрымка адміністрацыі школы, вучняў і маіх родных. Мой муж Анатоль, сын Аляксандр, дачка Ірына, зяць Сяргей — энергетыкі. Дома часта даводзіцца чуць, якія задачы яны вырашаюць на працы, з якімі праблемамі сутыкаюцца, і тэма для мяне не новая.

Да таго ж, я была ўпэўнена, што падрыхтоўка да падобных конкурсаў дае вельмі шмат як для творчага і прафесійнага росту педагога, так і для развіцця здольнасцяў і навыкаў навучэнцаў.

Шукаю новае па сваім праекце, а знаходжу якую-небудзь цікавую ідэю, і ўзнікаюць новыя ідэі, якія таксама хочацца ажыццявіць. І вось разумею, што спыніцца практычна немагчыма: не паспяваю зрабіць адзін праект, а ў галаве нараджаецца другі.  

— Якія прыстасваванні вы з вучнямі змайстравалі за час рэалізацыі праектаў?

— Гэта сонечныя калектары для атрымання гарачай вады і для абагрэву гаспадарчых памяшканняў або цяпліц, ротарны ветрагенератар для асвятлення ўчастка вечарам, вулічны ліхтар са святлоназапашвальнай лямпай, міні-паравы рухавік-генератар для зарадкі мабільнага тэлефона на эфекце Пельцье, канцэнтратар сонечнай энергіі. На гэтым не спыняемся, імкнёмся ўдасканаліць нашы прыстасаванні.

 

Напрыклад, калі рабілі сонечныя калектары з алюмініевых бляшанак, у мяне ўзнікла ідэя паспрабаваць і пластык (у літаратуры прачытала, што ён валодае неабходнымі якасцямі). Пластык шкодны для экалогіі, а тут яго можна эфектыўна выкарыстоўваць і для нагрэву вады, і для абагрэву дачных дамоў. Важныя фактары эфектыўнасці такіх сонечных калектараў — колькасць бутэлек і іх аб’ём. Калі ўзяць 50 двухлітровых бутэлек — атрымаем 100 літраў цёплай вады (варыянты могуць быць розныя). Калі на гаспадарчыя патрэбы неабходна шмат вады, калектар такога аб’ёму можна падключыць да цёмнай бочкі. У нас такое прыстасаванне ёсць на дачы. Вады хапае і для душа, і для паліву агарода. Па такім жа прынцыпе майструем калектары для абагрэву памяшканняў, на зіму ў ваду дадаём антыфрыз, каб не замярзала. У пакоях, дзе на вокнах знаходзяцца такія калектары, даволі камфортная тэмпература.

Для асвятлення надворка мы выкарыстоўвалі ветрагенератар, аднак гэта даволі складаная ўстаноўка. Пачалі думаць, як атрымаць энергію з меншымі затратамі. Вырашылі выкарыстоўваць назапашаную энергію сонца: змайстравалі вулічны ліхтар з трубы, ёмістасцяў, мантажнай пены. Пакуль што выкарыстоўвалі для яго заводскія лямпачкі. Магчыма, з-за гэтага мы з удзельніцамі праекта Кацярынай Залеўскай і Наталляй Крывулька занялі толькі 3 месца на конкурсе «Энергамарафон-2016». Аднак ужо ёсць ідэі, як і з чаго самім зрабіць лямпы-назапашвальнікі. Канструкцыі падобных ліхтароў таксама будуць розныя.

— Якія апошнія вашы дасягненні?

— Нядаўна з Кацярынай Залеўскай і Мікітам Сайчыкам удзельнічалі ў міжнародным анлайн-конкурсе для навучэнцаў і педагогаў у намінацыі «Праектна-даследчая дзейнасць», дзе сталі пераможцамі. У гэтым конкурсе ў той жа намінацыі ў частцы «для педагогаў» прыняла ўдзел і я. Таксама заняла першае месца. У час удзелу даведалася яшчэ пра адзін міжнародны конкурс — «Арганоміка будучыні», удзел у якім прымаюць краіны блізкага і далёкага замежжа. Мы паспяхова прайшлі ўсе этапы конкурсу, увайшлі ў дзясятку мацнейшых. У заключным этапе удзельнічалі з дапамогай «скайпа». Сувязь была кепская, губляўся гук. Напрыканцы нам сказалі чакаць вынікаў. Толькі праз некалькі дзён, калі ўжо не спадзяваліся, на электронную пошту прыйшло паведамленне, што мы занялі другое месца.

Зусім нядаўна прынялі ўдзел у абласным этапе конкурсу «Энергія і асяроддзе жыцця». Кацярына Залеўская з праектам «Святло ў маім двары» стала пераможцай, а Наталля Крывулька з праектам «З клопатам пра заўтрашні дзень» заняла другое месца.

— Колькі ўсяго ўзнагародаў вам прынесла альтэрнатыўная энергетыка?

— Усяго 16 прызавых месцаў, сярод якіх 4 — міжнароднага ўзроўню, 4 — рэспубліканскага, астатнія — абласнога.

— Чаму гэты накірунак навукі такі папулярны?

— Будучыня — за прыроднымі крыніцамі энергіі. Энергію сонца і ветру можна выкарыстоўваць без вялікіх грашовых затрат, не наносячы шкоды навакольнаму асяроддзю. Гэта асабліва актуальна ў ХХІ стагоддзі, калі эколагі б’юць трывогу. Многія цяпер пераходзяць на выкарыстанне альтэрнатыўнай энергіі. Напрыклад, вы звярталі ўвагу колькі ветрагенератараў устаноўлена на Навагрудчыне, з’явіліся яны і на Дзятлаўшчыне. Лічу, што і надалей гэты накірунак будзе развівацца.

А нашы прыстасаванні карысныя тым, што дапамагаюць эканоміць за кошт бясплатных крыніц энергіі, а зроблены яны з другаснай сыравіны, даступнай для кожнага.

— Ірына Уладзіміраўна, нядаўна вы пабылі на прыёме ў старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Якія ўражанні?

— Самыя лепшыя. Сустрэча праходзіла на высокім узроўні і была прысвечана 8 Сакавіка. Былі запрошаны 25 жанчын Гродзеншчыны, якія дасягнулі значных поспехаў у прафесійнай дзейнасці. Сярод іх — прафесары, дактары навук, дацэнты, выкладчыкі ўніверсітэта. Спачатку мы сустрэліся за круглым сталом, затым пабачылі канцэрт, у час якога для нас быў арганізаваны фуршэт. Мелі магчымасць пагаварыць, падзяліцца думкамі і меркаваннямі. Парадавала, што сярод гасцей я сустрэла ўніверсітэцкіх знаёмых.

Заўжды прыемна адчуваць, што цябе цэняць, падтрымліваюць, што твае ідэі патрэбныя. Таму, карыстаючыся выпадкам, хачу адрасаваць словы шчырай удзячнасці Ігару Станіслававічу Кухарэвічу, Наталлі Сяргееўне Белаус, Алене Іванаўне Жадзейка, Аксане Міхайлаўне Пацыновіч, сваім калегам па школе і ўсім работнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму, якія заўсёды аказвалі мне садзеянне і дапамогу. Без іх падтрымкі мне было б складана дасягнуць такіх высокіх вынікаў.

— Якія ў вас планы надалей?

— Як я ўжо зазначала, ёсць яшчэ шмат ідэяў, якія збіраемся ажыццявіць з вучнямі. Гэта значыць, будуць новыя праекты, вынаходніцтвы, конкурсы. Аднак галоўнае, аб чым мару — стварыць на базе сярэдняй школы №1 горада Дзятлава музей энергазберажэння пад адкрытым небам. У музеі можна будзе паказаць, якім чынам магчыма выкарыстоўваць энергію сонца і ветру. Спадзяюся, што нашы планы ажыццявяцца. Праўда, спатрэбіцца шмат бутэлек, бляшанак для стварэння экспанатаў. Аднак мы можам аб’явіць акцыю па збору другаснай сыравіны, каб рэалізаваць нашы задумкі. У Беларусі падобнага музея пакуль не існуе. Калі ўсё атрымаецца — мы будзем першыя. Выдатна было б паспець ажыццявіць гэты цікавы праект у Год навукі.  

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *