“Белтэрміз” (Дзятлава) – Слонім – 3:0
У трэцім туры чэмпіянату вобласці па валейболе (жаночыя каманды, група “А”) дзятлаўскі “Белтэрміз” сёння, 18 лютага, правёў дамашні матч супраць каманды Слонімскага раёна. Гульня завяршылася упэўненай перамогай “Белтэрміза” – 3:0 (25:10, 25:6, 25:11).
Трэнер каманды Васіль Русін адкаментаваў матч:
– Згулялі ўпэўнена ад першай хвіліны да апошняй, хоць наш склад і не быў аптымальны. Прыхварэлі дзяўчаты з асновы Ганна Салкевіч і Алена Дарашкевіч. Таму месца сувязной на пляцоўцы прапанаваў Алене Пяцэвіч, і яна справілася. З рэзерву на пазіцыю дыяганальнай нападаючай паднялі Таню Сцяцко (яна з Хвінявічаў). Потым давялося замяніць і Таню, яна адчула недамаганне. Замяніла яе Ганна Гульнік. Аня вучыцца ў Дзятлаўскай гімназіі і, па-сутнасці, гэта быў яе дэбют у аснове “Белтэрміза”.
Саперніцы стараліся, але шанцаў ім мы не далі.
Прадстаўнікі слонімскай каманды ацанілі матч сваёй каманды, як самы горшы ў сезоне. І не таму, што супрацьстаяла гасцям каманда больш высокага ўзроўню, а з прычыны ўласнай слабой гульні.
Пасля трох тураў “Белтэрміз” упэўнена лідзіруе ў групе з абсалютным наборам ачкоў – 9.
Матч другой пары каманд завяршыўся так: Ліда – Ашмяны – 3:0.
Б. ВАРНА