Супербабуля-2016
13 лістапада ў аграгарадку Мілевічы, 27 лістапада — у аграгарадку Пацавічы Мастоўскага раёна будзе праходзіць конкурс «Супербабуля-2016».
Конкурсную праграму складуць заданні «Візітная картка», «Любімае хобі», «Творчы конкурс», «Бліц-інтэрв’ю».
Намінацыі конкурсу — «Супербабуля-2016», «Самая артыстычная бабуля — 2016», «Самая лепшая гаспадыня — 2016».
На перакрыжаванні сустрэч
16 лістапада ў 18 гадзін у Палацы культуры горада Ліды пройдзе музычна-віншавальная праграма, прысвечаная 20-годдзю народнага аматарскага ансамбля яўрэўскай музыкі «Шалом».
Калектыў з поспехам гастралюе па Беларусі, Ізраілі, Італіі, Польшчы, Украіне, Літве, з’яўляецца дыпламантам многіх міжнародных конкурсаў, актыўна супрацоўнічае з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі ансамбля запісалі 4 кампакт-дыскі, выпусцілі 2 нотныя зборнікі «Яўрэйскія матывы». Кіраўнік ансамбля Міхаіл Якаўлевіч Двілянскі адзначаны граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, Лідскага райвыканкама, Падзячным пісьмом Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Адзначаем 120-годдзе
17 лістапада ў 15 гадзін у гарадскім пасёлку Мір пройдзе святочны вечар, прымеркаваны да 120-годдзя Мірскага спіртзавода. У праграме свята — выстава прадукцыі завода, урачыстае адкрыццё, святочны канцэрт, выступленне творчых калектываў, шанаванне работнікаў завода.
Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі
17 лістапада ў аграгарадку Жыровічы або Сенькаўшчына Слонімскага раёна пройдзе раённае свята ў гонар работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
У праграме — парад удзельнікаў жніва, адкрыццё свята, прывітальнае слова старшыні Слонімскага райвыканкама, урачыстае ўзнагароджанне перадавікоў жніва, музычнае суправаджэнне, святочны канцэрт з удзелам А. Ланской і А. Ціхановіч, выстава народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Арганы Еўропы гучаць у Гродне
17 лістапада ў 19 гадзін у Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы адбудзецца арганны канцэрт. У праграме — выступленне вядомага выканаўцы, майстра арганнага мастацтва Расіі А. Фісейскага.
Пройдуць адборачныя туры
17 лістапада ў 10 гадзін у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў пройдуць адборачныя туры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2017» і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2017».
Канцэрт групы «ТЭNІ»
18 лістапада ў 22 гадзіны да Дня студэнта ў начным клубе «Movie 60» Моладзевага цэнтра горада Гродна пройдзе канцэрт вядомай групы «ТЕNI». Яе ўдзельнікамі з’яўляюцца выпускнікі вышэйшых музычных установаў адукацыі Беларусі, удзельнікі розных папулярных тэлевізійных шоу, музычныя суправаджальнікі розных еўрапейскіх і сусветных турніраў па спартыўных танцах.
Свята горада Воранава
19 лістапада гарадскі пасёлак Воранава запрашае на святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да 480-годдзя населенага пункта.
Юбілейная дата збярэ людзей, якія сваёй няспыннай працай ствараюць гісторыю Воранаўшчыны.
У праграме —святочная меса ў касцёле Святых Апосталаў Сімяона і Іуды Фадзея, афіцыйны прыём гасцей у старшыні Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта, святочнае адкрыццё свята, канцэрт. Пачатак у 10 гадзін.
Свята Беларускай лялькі
Яно пройдзе 19 лістапада ў аграгарадку Індура. У час свята майстры народнай творчасці Гродзенскага раёна прадставяць свае калекцыі лялек.
У праграме свята:
тэатралізаванае прадстаўленне «Лялька ў карагодзе жыцця», выстава-кірмаш лялек, гульнёвая праграма «Гульні з чароўнага куфара».
Падрыхтавала да друку А. ГОМАН