Галасаваць на выбарах – законнае права кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Якім чынам у выбарчым працэсе могуць удзельнічаць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, карэспандэнтка газеты “Перамога” даведалася ў старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Кастрычніцкага ўчастка для галасавання №9 Ігара Грынчука.
— Ігар Мікалаевіч, якія ўмовы створаны на вашым участку для выбаршчыкаў з абмежаванымі магчымасцямі?
— На Кастрычніцкім участку для галасавання №9, які размяшчаецца на першым паверсе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, створана безбар’ернае асяроддзе. Ганак будынка школы абсталяваны пандусам, па якім можна свабодна патрапіць на выбарчы ўчастак інвалідам-калясачнікам.
— Што рабіць пажылым людзям, якіх ужо падводзіць зрок?
— На выбарчым участку, як і належыць, ёсць павелічальная лупа, з дапамогай якой можна ўважліва разгледзець як выбарчы бюлетэнь, так і любую друкаваную інфармацыю. Для выбаршчыкаў, хто слаба бачыць або не бачыць, ёсць спецыяльныя трафарэты з выразанымі акенцамі, у якія ўкладваецца выбарчы бюлетэнь. Біяграфічную інфармацыю пра кожнага з кандыдатаў у дэпутаты можна ў вуснай форме даведацца ў членаў камісіі.
— Ці мае права прагаласаваць грамадзянін, які па стане здароўя не можа прыйсці на выбарчы ўчастак?
— Калі выбаршчык па стане здароўя або па іншых важных прычынах не можа ў дзень выбараў прыйсці ў памяшканне для галасавання, ён мае права пісьмова або вусна звярнуцца ў сваю выбарчую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы яго знаходжання. Выбаршчык можа перадаць такую просьбу ва ўчастковую камісію пры дапамозе іншых асобаў, напрыклад, праз родных, суседзяў. Афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрэбна. Выбаршчык можа звярнуцца з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы свайго знаходжання ў дзень выбараў у любы час пасля ўтварэння ўчастковай камісіі, а ў дзень выбараў не пазней, чым за дзве гадзіны да заканчэння часу галасавання, гэта значыць — да 18 гадзінаў. Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка арганізуецца не менш, чым двума членамі ўчастковай камісіі.
— Як рэгіструюцца просьбы выбаршчыкаў па арганізацыі галасавання па месцы знаходжання?
— Вусныя і пісьмовыя просьбы выбаршчыкаў аб арганізацыі галасавання ў дзень выбараў па месцы іх знаходжання заносяцца ў спецыяльна складзены спіс, які падпісвае старшыня або сакратар участковай камісіі.
— Нагадайце графік работы Кастрычніцкага ўчастка для галасавання №9.
— Участак для галасавання працуе з 6 па 10 верасня з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзінаў. У дзень выбараў, 11 верасня, выбарчы ўчастак працуе з 8 гадзін да 20 гадзін.
Гутарыла Н. АВЯРЧУК