11 верасня, у дзень выбараў, на Кастрычніцкім участку для галасавання №9 масава і ажыўлена. Каб аддаць свой голас за будучага дэпутата Палаты прадстаўнікоў, прыходзяць сямейныя пары, часта з дзецьмі.
Разам з дзятлаўчанамі сёння свой выбар робіць і старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік са сваёй жонкай. Сёлета Аляксандр Міхайлавіч упершыню галасуе на выбарах як кіраўнік раёна, але сваім традыцыям не здраджвае:
— Як заўжды, стараюся разам з сям’ёй зранку прыйсці на выбарчы ўчастак прагаласаваць. На маю думку, актуальная выбарчая кампанія мае вельмі важнае значэнне як для жыхароў нашага раёна, так для ўсіх беларусаў. Як правільна адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у парламенце павінны працаваць дасведчаныя людзі, прафесіяналы. Кожны з дзятлаўчан аддае свой голас за таго кандыдата, якога хоча бачыць прадстаўніком інтарэсаў нашага раёна на рэспубліканскім узроўні. З другога боку, работнікі службаў раёна робяць усё, каб выбары сталі для мясцовых жыхароў яшчэ і святам, якое можна сустрэць разам з сям’ёй. Са свайго боку, мясцовая ўлада будзе супрацоўнічаць з дэпутатам ад нашага рэгіёна, каб разам паляпшаць жыццё мясцовых жыхароў.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК