«Сельскія «Алімпійскія» гульні» — гэта абласны моладзевы праект, ініцыятарамі якога з’яўляюцца абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», упраўленне спорту і турызму, упраўленне адукацыі, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама.
Новы праект стартаваў сёлета 16 верасня ў Зэльве, дзе на занальным этапе сустрэліся каманды Зэльвенскага, Слонімскага, Ваўкавыскага раёнаў.
А 24 верасня гульні адбыліся адразу ў двух райцэнтрах — у Ашмянах і Дзятлаве. У Ашмянах, акрамя гаспадароў пляцоўкі, спаборнічалі прадстаўнікі Астравецкага, Смаргонскага раёнаў. Каманды Лідскага, Воранаўскага, Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага раёнаў сышліся ў спартыўных баталіях у горадзе Дзятлаве.
У праграму «Сельскіх «Алімпійскіх» гульняў» увайшлі такія спартыўныя дысцыпліны, як валейбол, армрэслінг, масрэслінг, гіравы спорт, спаборніцтвы па дартсе і шашках. Не абыйшлося і без відовішчнага конкурсу, у якім сышліся капітаны каманд, гэта былі баі гімнастычнымі шарамі. Завершыў праграму сустрэчы творчы конкурс візітовак «Па алімпійскія медалі».
У занальным этапе, які праходзіў на Дзятлаўшчыне, лепшай стала каманда гаспадароў пляцоўкі, такім чынам дзятлаўчане атрымалі права выступаць на фінальных гульнях праекта. Другое месца заняла навагрудская каманда, замкнулі тройку лідараў Карэлічы.
Занальныя этапы праекта «Сельскія «Алімпійскія» гульні» звершацца 30 верасня ў Мастах, дзе, акрамя мастаўчан, за права сустрэцца ў фінале пазмагаюцца каманды Бераставіцкага, Гродзенскага, Шчучынскага, Свіслацкага, Іўеўскага раёнаў.
Сельскіх «алімпійскіх чэмпіёнаў» сярод пераможцаў занальных этапаў вызначаць на абласным свяце «Дажынкі» ў Воранаве.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота Б. ВАРНЫ