Памяць

Падзеі

РАМАН ЖЫХ – КАВАЛЕР ОРДЭНА СЛАВЫ
Калі з Дзятлава ехаць на чыгуначную станцыю Выгада, то праваруч, каля былога вадзянога млына, напаткаеш некалі даволі вялікую вёску Агароднікі. У ёй на сёння не больш за дзесяць жылых селішчаў, астатнія двары зараслі травою і пустуюць хаты. Сярод жыхароў вылучаецца сям’я былога франтавіка, працавітага на ўсе рукі чалавека – Рамана Андрэевіча Жыха.
Ён нарадзіўся 17 студзеня 1922 года ў сялянскай сям’і і з маленства спазнаў працу на зямлі, якую затым давялося абараняць. У маладосці ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Верай, якая стала яму надзейнай памочніцай, жонкаю, маці траіх дзяцей. Яна выпраўляла яго на вайну, яна чакала яго з ваеннага шпіталя, яна атрымала… “пахаронку” на Рамана ў ліпені 1945 года.
У канцы чэрвеня 1941-га фашысцкія захопнікі акупіравалі раён. Раман працаваў у хатняй гаспадарцы. Чуў пра партызан, але сувязі з імі не было. У пачатку ліпеня 1944 года, пасля вызвалення вёскі Чырвонай Арміяй, хлопца мабілізавалі ў войска. Полк камплектавалі ў Брэсце. Там жыла радня, і маладая жонка з вёскі прыехала ў горад, каб правесці Рамана на фронт. З пісьма, якое пазней атрымала Вера Іванаўна, даведалася, што сфарміраваны полк трапіў у склад войск 1-га Беларускага фронту і знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.
Служыў і ваяваў Раман у роце сувязі пры разведчыках. У пачатку 1945 года за мужнасць і адвагу пры захопе і ўтрыманні плацдарма на рацэ Вісла быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-яй ступені. На тэрыторыі Германіі быў паранены і кантужаны. Пракладвалі тэлефонную сувязь, салдат, які ішоў першы, падарваўся на міне. Рамана пасекла міннымі асколкамі, ён страціў прытомнасць, слых і мову. Выратавалі санітары.  Параненага накіравалі ў ваенны шпіталь у нямецкім горадзе. Лячыў яго пажылы нямецкі доктар. Доктар добра ведаў польскую мову і размаўляў на ёй з параненым чырвонаармейцам. Ён і даў Раману надзею на вяртанне слыху і мовы. Салдат папраўляўся. Як прыбыло сіл, не мог уседзець, склаўшы рукі – узяўся рамантаваць шпітальную мэблю.
Праз месяц пасля Перамогі Раман Жых вярнуўся ў родную вёску Агароднікі. А ў пачатку ліпеня Веру Іванаўну выклікалі ў Дзятлаўскі райваенкамат, дзе ёй зачыталі пасведчанне аб… смерці мужа. Спачатку здзівілася яна, а затым – службоўцы ваенкамата, калі Вера Іванаўна паведаміла, што Раман Жых не толькі жывы, але і месяц таму вярнуўся дахаты з баявымі ўзнагародамі. Праўда, і з паследкамі кантузіі. Нядаўняга франтавіка выклікалі ў ваенкамат, каб пераканацца на ўласныя вочы.
У вёсцы Агароднікі стварылі калгас “Камунар”. Рамана Жыха залічылі ў будаўнічую брыгаду. Нямецкі доктар не падмануў: паступова да франтавіка вярнуліся слых і мова. Ветэрану вайны кіраўніцтва калгаса выдзеліла   матэрыялы для будаўніцтва хаты. Гэта хата, складзеная рукамі Рамана Андрэевіча, захавалася да сёння. У ёй цяпер жыве малодшы сын. Разам з Верай Іванаўнай Раман Андрэевіч выхаваў дачку Галіну і двух сыноў – Вячаслава і Андрэя. Галіна ўжо выйшла на пенсію, жыве ў Навагрудку, а сыны – на бацькоўскім падворку ў Агародніках.
Якраз сюды ў адзін з цёплых дзён 1995 года завітаў нечаканы госць – на той час кіраўнік краіны старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Іванавіч Грыб. Ён сардэчна павіншаваў ветэрана вайны з Днём Перамогі, уручыў яму юбілейны медаль.
Памёр Кавалер ордэна Славы Раман Андрэевіч Жых у 1997 годзе.
З ВЕРАЙ У ЖЫЦЦЁ
У цэнтры вёскі Ахонава жыве былая настаўніца, цяпер пенсіянерка Валянціна Васільеўна Прымшыц. Яна і расказала пра свайго Мікалая.
Мікалай Юльянавіч Бранкоўскі пражыў складанае, трывожнае жыццё, і нават 13 з паловай гадоў прыкаваны цяжкай хваробай да ложка не губляў аптымізму.
Ён нарадзіўся і вырас у сялянскай сям’і. Вайну сустрэў 20-гадовым хлопцам. Адным з першых быў прыняты у атрад “Кастрычніцкі” брыгады імя Кірава. Доказам  таму з’яўляецца пасведчанне партызана Беларусі. Пасля вызвалення раёна ад нямецкіх акупантаў быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў у складзе 105-га стралковага палка 1-га Беларускага фронту. У Германіі быў паранены ў перадплечча. Рана загаілася і, як потым акажацца, затаілася. За асабістую храбрасць быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені, ордэнам Айчыннай вайны  I ступені, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, шматлікімі юбілейнымі медалямі. Дэмабілізавалі воіна ў маі 1945 года.
Вярнуўся дахаты, пайшоў працаваць на чыгунку. У 1947 годзе працаваў  вагаўшчыком станцыі “Нёман” Беларускай чыгункі. У тым жа годзе Мікалай Бранкоўскі ажаніўся з настаўніцай пачатковых класаў Валянцінай Прымшыц, якая прыехала разам з бацькамі з вёскі Мілавіды былога Быценьскага раёна Баранавіцкай вобласці. Перайшоў працаваць у калгас, быў брыгадзірам. Хацеў паступіць на курсы трактарыстаў, але не прайшоў медыцынскую камісію з прычыны ранення. Здароўе пагаршалася, і яго прызналі інвалідам трэцяй групы,  затым – другой.
А былая рана не супакойвалася. Курс лячэння ў ваенным  шпіталі ў Бараўлянах не дапамог, і ветэрану вайны Мікалаю Бранкоўскаму ампутавалі абедзве  нагі. Атрымаў 1-ю групу інваліднасці і пенсію ў памеры 90 рублёў. Валянціна Васільеўна з удзячнасцю ўспамінае дактароў і медсёстраў Дзятлаўскай раённай бальніцы, якія аказвалі ветэрану пасільную медыцынскую дапамогу, падтрымлівалі маральна. І сёння помніцца, як пасля гутарак з Аленай Аляксандраўнай Латушка святлела душа ў Мікалая Юльянавіча і ён набіраўся веры, што будзе жыць доўга.
Перад адыходам свае баявыя ўзнагароды ветэран завяшчаў дзецям і ўнукам. Яны клапатліва зберагаюць спадчыну.
М. ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *