Часта ідучы па вуліцы, мы заняты сваімі думкамі, справамі, вырашэннем праблемаў. Уся гэта мітусня здаецца нам важнай, неадкладнай. Безумоўна, ёсць такія праблемы, якія нельга адкласці на потым і трэба іх вырашаць хутка. Але часцей за ўсё гэта звычайная “бытавуха”, якая здаецца важнай, але за ёю мы не заўважаем нешта большае.
Адны лічаць іх неад’емнай часткай горада, другія – небяспечнымі і заразнымі, а трэція — проста не заўважаюць. А яны з надзеяй падыходзяць да кожнага, просяць, каб далі ім прытулак. Гэта — хатнія жывёліны, якіх кінулі іх гаспадары. Яны жывуць побач з намі, але ў адрозненні ад дзікіх жывёлін не такія агрэсіўныя, бо калісьці былі хатнімі, жылі, ні ў чым не маючы патрэбы. Але аднойчы надакучыла “старая цацка”, і выкінулі яе за парог, а то і далёка ад жылля. А гэта ж не плюшавы мішка, не лялька, а жывая істота, як мы ўсе.
Хатнія жывёліны, якія ніколі не жылі на вуліцы, часцей за ўсё не выжываюць ад холаду, голаду, гінуць пад коламі аўтамабіляў. Застаюцца толькі самыя моцныя. А хутка людзям ізноў захочацца пагуляць з “жывой лялькай”, і яны возьмуць яшчэ аднаго гадаванца, якога ў выніку чакае такі ж лёс, што і “старую ляльку”.
Хіба гэта не жахліва? Хіба не палохае тое, што мы знішчаем жывых істотаў, не заўважаем гэтага? Будзьце міласэрнымі, людзі, часцей глядзіце, хто знаходзіцца побач з вамі, калі ідзяце па вуліцы: можа, вы сустрэнеце не проста шэрага коціка, а вернага сябра на многія гады.
А. ЛАЎНІК,
вучаніца гімназіі №1 г. Дзятлава