Яна Мармыш: «Адкрываю для сябе новыя гарызонты»

Падзеі

Яна Мармыш, навучэнка Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, удзельніца і прызёр многіх абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў песні, па выніках 2015 года стала стыпендыяткай прэміі імя Аляксандра Дубко «За высокія дасягненні ў галіне культуры». Гэта ўзнагарода Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта штогод на конкурснай аснове прысуджаецца адораным навучэнцам Гродзеншчыны.
Якім быў шлях нашай зямлячкі да ўзнагароды? Ці плануе дзяўчына і надалей займацца вакалам на прафесійным узроўні? Пра гэта і іншае ў Яны Мармыш цікавілася карэспандэнтка газеты.

— Яна, як змянілася тваё жыцце з моманту нашай апошняй сустрэчы, якая адбылася ў красавіку 2015 года?

— Амаль кожны мой дзень быў напоўнены плённай работай, падзеямі, уражаннямі. Мая скарбонка ўзнагародаў папаўнялася новымі дыпломамі. На адкрытым конкурсе юных выканаўцаў эстраднай песні ў Маладзечне «Маладзічок» я атрымала дыплом трэцяй ступені. Паспяхова выступіла на рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Дзень добры, свет!», адкуль вярнулася з перамогай. Стала лаўрэатам другой ступені сярод салістаў-вакалістаў узроставай катэгорыі 15-17 гадоў міжнароднага конкурсу-фестывалю дзіцячай і моладзевай творчасці, прысвечанага яднанню нацыянальных культур «Вясёлка над Віцебскам». Гэты конкурс праходзіць у рамках «Славянскага базару».

— Як ты трапіла ў лік абласных стыпендыятаў прэміі Аляксандра Дубко?

— У мінулы раз я ўжо расказвала, што займаюся вакалам з педагогам Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Інай Вітальеўнай Шатуновай. Пасля майго паспяховага выступлення на міжнародным конкурсе ў Віцебску Іна Вітальеўна звярнулася ў Вензавецкую школу да майго класнага кіраўніка Аксаны Віктараўны Роўбы, і маёй мамы — завуча па выхаваўчай рабоце Таццяны Станіславаўны Мармыш з прапановай падаць заяўку на прэмію. Заяўка была адпраўлена ў Гродна, і там прынялі рашэнне ўключыць мяне ў спіс стыпендыятаў па выніках 2015 года. У лістападзе я ездзіла ў абласны цэнтр на ўручэнне прэміі. Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук і ўдава Аляксандра Іосіфавіча Дубко Эма Нікіфараўна на сцэне ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі мне ўзнагароду.

— Ты ўжо паспела патраціць атрыманыя грошы?

— Пакуль яшчэ не. Сваю прэмію я выкарыстаю для далейшага развіцця, каб адкыць сабе новыя гарызонты. Ведаеце, для ўдзелу ў многіх прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах выканаўцу неабходна мець у сваім рэпертуары аўтарскую песню. Яна, як прапускны білет, ставіць саліста на больш высокі ўзровень, падкрэслівае яго індывідуальнасць, адкрывае магчымасці для новых перамогаў. Таму я ўжо заказала верш, і хутка ён будзе гатовы. Пазней словы пакладуць на музыку, і ў мяне будзе свая песня. Вось на што я патрачу грошы.

— Калі не сакрэт, песня будзе ў міноры ці ў мажоры?

— Мне падабаюцца сур’ёзныя творы, якія можна не проста праспяваць, а «пражыць» на сцэне. Як бачыце, я — лірык. Таму не дзіўна, што прасіла напісаць для мяне сур’ёзны твор, які будзе кранаць душу, узнімаць вечныя праблемы, і, безумоўна, гучаць мая песня будзе ў міноры.

— У якіх конкурсах і фестывалях ты збіраешся паўдзельнічаць у бліжэйшы час?

— Нядаўна я прымала ўдзел у конкурсе «Юныя таленты Беларусі», дзе стала лаўрэатам першай ступені. Такім чынам, 2016 год пачаўся для мяне паспяхова. Хачу, каб і надалей ён быў спрыяльным, бо наперадзе яшчэ шмат выступленняў. Хутка буду прымаць удзел у абласным фестывалі-конкурсе «Таленты Прынямоння». А ў час выступлення на міжнародным конкурсе «Салют талентаў» у Мінску мяне заўважылі і запрасілі на міжнародны конкурс мастацтваў «Зорныя кветкі», які пройдзе напрыканцы сакавіка гэтага года ў беларускай сталіцы. У ім прымуць удзел канкурсанты з Сербіі, Чэхіі, Расіі, Украіны, Беларусі. Уладальнікі гран-пры, лаўрэаты і дыпламанты гэтага конкурсу, акрамя дыпломаў, спецыяльных прызоў і прэмій, атрымаюць права ўдзелу ў міжнародных фестывалях і конкурсах у Расіі, Македоніі, Сербіі, Ізраілі, Славеніі, Іспаніі, Чэхіі, Германіі за кошт арганізатараў на ўмовах поўнага або частковага фінансавання. Такім чынам, калі на фестывалі «Зорныя кветкі» мне будзе спадарожнічаць удача, геаграфія маіх наступных выступленняў можа значна пашырыцца.

Я.-Мармыш

— Яна, раней ты мне гаварыла, што не збіраешся звязваць сваё далейшае жыццё з музыкай, а плануеш выбраць больш сур’ёзную спецыяльнасць. Ці памяняліся твае планы?

— Так. Цяпер я ўсё больш задумваюся аб тым, што спяваць мне падабаецца. На сцэне я маю магчымасць раскрыцца, данесці да слухачоў глыбокі сэнс песень, якія выконваю, і такім чынам нагадаць людзям аб важных рэчах, без якіх немагчыма наша жыццё. Яшчэ мне падабаецца мой педагог па вакале Іна Вітальеўна Шатунова, дзякуючы якой мы, яе вучні, паспяхова ўдзельнічаем у многіх фестывалях і конкурсах. У будучым я і сама хацела б выкладаць вакал у дзяцей, ездзіць з імі на конкурсы, падтрымліваць, радавацца іх дасягненням, як гэта робіць мая настаўніца. Для сябе ўсё часцей зазначаю, што вельмі прывыкла да напружанага жыцця, сумую, калі няма конкурсаў. Таму, хутчэй за ўсё, пасля заканчэння школы буду паступаць у каледж мастацтваў — гэта сапраўды маё.

— А чаго пажадаеш сваім равеснікам і моладзі Дзятлаўшчыны?

— Не сядзець склаўшы рукі. Каб быць паспяховымі, варта правільна ставіць перад сабой мэты, ісці да іх. Не палохайцеся, калі вам што-небудзь не па сілах, вучыцеся, працуйце, самаўдасканальвайцеся, і ўдача вас не пакіне. Галоўнае — не збочваць з дарогі, якую выбралі для сябе.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота з асабістага альбома Я. Мармыш.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *