Апантаны бардаўскай музыкай

Падзеі

На працягу двух дзён у Віцебску праходзіў фестываль бардаўскай песні «Віцебскі лістапад-2015». Удзел у ім прынялі як беларускія барды, так і выканаўцы з замежжа. У рамках фестывалю адбыўся конкурс аўтарскай песні. У ліку яго пераможцаў —  дзятлаўчанін Аляксандр Раеўскі.

Сустрэўшыся з ім, карэспандэнтка газеты папрасіла расказаць аб фестывалі, аб іншых творчых мерапрыемствах, у якіх атрымалася паўдзельнічаць, аб захапленні музыкай увогуле.

IMG_8650

— Аляксандр, як вы даведаліся пра фестываль «Віцебскі лістапад-2015», чаму вырашылі паўдзельнічаць у ім?

— Фестываль сёлета праводзіўся 29-ы раз, ён сабраў аматараў бардаўскай песні з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана.

Паўдзельнічаць у ім мне параіў мой знаёмы з Мінскага літаратурнага аб’яднання «Знание». Ён, дарэчы, увайшоў у лік пераможцаў мінулагодняга  конкурсу аўтарскай песні.

Едучы на фестываль пасля адборачнага тура, я, шчыра кажучы, не спадзяваўся, што ўвайду ў лік пераможцаў. Перш за ўсё ставіў на мэце папрысутнічаць на мерапрыемстве такога ўзроўню, паслухаць іншых выканаўцаў, пераняць вопыт.

І я вельмі рады, што ў мяне гэта атрымалася. Мерапрыемства пакінула самыя цёплыя ўражанні, як і  знаёмства  з Віцебскам. На мой погляд, гэта вельмі прыгожы, чысты, «элегантны» горад, які, дарэчы, упрыгожвае вялікі партрэт Марка Шагала, намаляваны ў стылі графіці.

— А ў якіх творчых мерапрыемствах вам яшчэ давялося  паўдзельнічаць сёлета, у мінулым годзе?

— Гэта фестываль бардаўскай песні і паэзіі «Пісьмянкоў луг», які праходзіць у Магілёўскай вобласці, першы міжнародны бард-форум імя Уладзіміра Высоцкага, які сёлета адбыўся на Брэстчыне. Адным з ініцыятараў правядзення дадзенага мерапрыемства стала газета «Брэсцкі кур’ер». Наколькі ведаю, яны ўжо даўно хацелі арганізаваць штосьці падобнае, і сёлета гэта атрымалася. На форуме прысутнічалі аўтары-выканаўцы з Беларусі, Расіі, Грузіі, нават Ізраіля.

У планах — наведаць клуб мінскіх бардаў, а таксама бардаўскі фестываль, які пройдзе ў Смаленску. Хачу паўдзельнічаць і ў фестывалі аўтарскай песні і паэзіі «Аладачкі». Пра яго я даведаўся зусім нядаўна. Цікава тое, што ён праходзіць летам на беразе ракі Моўчадзь, за 35 кіламетраў ад Ліды, у  раёне вёскі Нясілавічы.

— Аляксандр, а хто з’яўляецца вашым любімым бардам?

— Перш за ўсё гэта Булат Акуджава. Яго творчасць уражвае нейкай толькі для яе характэрнай рамантыкай.

Асабліва падабаецца яго «Грузінская песня».
Таксама люблю творчасць Уладзіміра Высоцкага.

— А з сучасных аўтараў каго вылучаеце?

— Гэта  Аляксандр Баль, Віктар Цвікі — беларускія аўтары-выканаўцы. Падабаецца і творчасць расійскага барда  Аляксандра Мароза. Нават пашчасціла папрысутнічаць на яго канцэрце.

— Аляксандр, а як даўно вы захапляецеся музыкай?

— Вельмі даўно. Яшчэ ў арміі пачынаў іграць на гітары, якую асвоіў самастойна. Быў час, калі я з’яўляўся ўдзельнікам  рок-групы, якая мела назву «Цяжкія наступствы». Дарэчы, удзельнічаючы ў ёй, давялося быць не толькі гітарыстам, але і клавішнікам, іграць на ўдарных інструментах.

— Крыху раскажыце пра сябе.

— Я нарадзіўся ў Казахстане, Акмоленскай вобласці, горадзе Есіль. Гэта звычайны стэпавы горад з вялікай чыгуначнай станцыяй, а вакол яго — мноства цюльпанаў.
У Беларусь, адкуль родам мая мама, я пераехаў у 2000 годзе.

— Аляксандр, які лейтматыў вашай творчасці як аўтара-выканаўцы?

— Гэта  паэтычныя разважанні аб сэнсе жыцця і месцы чалавека ў ім.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *