Пра вынікі работы будаўнічага комплексу раёна ў 2011 – 2014 гадах і на працягу 6 месяцаў 2015 года расказвае намеснік старшыні райвыканкама Ю. Залеўскі
– Што было ў прыярытэце будаўнічай галіны раёна ў апошнія чатыры з паловай гады?
– Адзін з прыярытэтаў у рабоце будаўнічай галіны Дзятлаўскага раёна ў 2011 – 2014 гадах і ў першым паўгоддзі 2015 года – узвядзенне жылля, рэканструкцыя, рамонт і добраўпарадкаванне аб’ектаў сацыяльнай сферы і інжынерна-транспартнай інфраструктуры. За гэты час у эксплуатацыю здадзены 33 416 квадратных метраў жылля.,
– Дзе адбывалася будаўніцтва жылля?
– У 2011 годзе ўведзены ў эксплуатацыю аднакватэрны дом у аграгарадку Белагурна (СВК “Белагурна”), 5 аднакватэрных дамоў у аграгарадку Дварэц (СВК “Дварэц-Агра”), аднакватэрны дом у аграгарадку Вензавец (СВК “Вензавец”), 5 аднакватэрных дамоў у аграгарадку Войневічы (СВК “Войневічы”).
Здадзены ў эксплуатацыю 60-кватэрны дом жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыву (ЖБСК) №9 “Зорны” агульнай плошчай 3 480 квадратных метраў, 20-кватэрны дом ЖБСК №13 “Юность” агульнай плошчай 1 079 квадратных метраў, 30-кватэрны дом ЖБСК №4 у Наваельні агульнай плошчай 1 526 квадратных метраў.
Усяго ў 2011 годзе пабудавана 10 200 квадратных метраў жылля. У тым ліку ў сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах (СВК) – 1 002 квадратныя метры, жыллёва-будаўнічыя спажывецкія кааператывы пабудавалі 6 085 квадратных метраў, індывідуальныя забудоўшчыкі – 3 113 квадратных метраў.
– У 2012 годзе?
– У 2012 годзе ў сельгасарганізацыях раёна ўведзены ў эксплуатацыю 3 аднакватэрныя дамы ў аграгарадку Жукоўшчына (СВК “Жукоўшчына”), 3 аднакватэрныя дамы ў аграгарадку Раклевічы (СВК “Русь-Агра”).
Усяго ў 2012 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 2 737 квадратных метраў жылля, у тым ліку ў сельгасарганізацыях – 492 квадратныя метры, індывідуальныя забудоўшчыкі пабудавалі 2 245 квадратных метраў.
– Помню, вельмі “ўраджайны” на наваселлі быў 2013 год. Што і дзе пабудавалі тады?
– У 2013 годзе заселены 12-кватэрны дом ЖБСК №15 “Брыз-12” агульнай плошчай 786 квадратных метраў, 60-кватэрны дом ЖБСК №14 “Навасёл” агульнай плошчай 3 700 квадратных метраў, 20-кватэрны дом ЖБСК №3 “Надзея” ў Казлоўшчыне агульнай плошчай 1 279 квадратных метраў, 60-кватэрны дом ЖБСК №12 “Восток” агульнай плошчай 2 932 квадратныя метры.
Была завершана рэканструкцыя інтэрната пад жылы дом агульнай плошчай 1 939 квадратных метраў па вуліцы Міцкевіча, 4 у Дзятлаве. Дзятлаўскі лясгас пераабсталяваў стары будынак Наваельнянскага лясніцтва па вуліцы Фурсенкі ў Наваельні пад 2-кватэрны дом агульнай плошчай 75 квадратных метраў.
У сельгасарганізацыях на канец 2013 года здадзены ў эксплуатацыю 10 кватэр агульнай плошчай 820 квадратных метраў. Пабудаваны 2 адна-кватэрныя дамы ў аграгарадку Раклевічы (СВК “Русь-Агра”), 4 адна-кватэрныя дамы ў аграгарадку Вензавец (СВК “Вензавец”), 2 аднакватэрныя дамы ў аграгарадку Круцілавічы (СВК “Граніт-Агра”), 2 аднакватэрныя дамы ў аграгарадку Жукоўшчына (СВК “Жукоўшчына”).
Усяго ў 2013 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 12 816 квадратных метраў жылля, у тым ліку ў сельгасарганізацыях – 820 квадратных метраў, жыллёва-будаўнічымі спажывецкімі кааператывамі – 8 696 квадратных метраў, індывідуальнымі забудоўшчыкамі – 1 286 квадратных метраў.
– Што пабудавалі ў 2014-ым?
– У 2014 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 72-кватэрны дом ЖБСК №17 “Фаварыт Дзятлава” агульнай плошчай 4 114 квадратных метраў.
У сельгасарганізацыях прынята ў эксплуатацыю група жылых дамоў на 4 кватэры ў аграгарадку Круцілавічы (СВК “Граніт-Агра”) агульнай плошчай 164 квадратныя метры, 8-кватэрны дом у аграгарадку Дварэц (СВК “Дварэц-Агра”) агульнай плошчай 611 квадратных метраў.
Усяго ў 2014 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 6 632 квадратныя метры жылля, у тым ліку ў сельгаскааператывах – 775 квадратных метраў, жыллёва-будаўнічыя спажывецкія кааператывы пабудавалі 4 114 квадратных метраў жылля, індывідуальныя забудоўшчыкі – 1 424 квадратныя метры.
Акрамя таго, паводле праекта дзяржінвестпраграмы ў Дзятлаве ў снежні 2014 года ўведзены ў эксплуатацыю дом для сям’і, якая выхоўвае дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў агульнай плошчай 319 квадратных метраў.
– Сёлета будавалі жыллё?
– За студзень – чэрвень 2015 года прыняты ў эксплуатацыю 1 031 квадратны метр індывідуальнага жылля.
– Акрамя ўласна жылля – дамоў, кватэр – фінансавалася абнаўленне інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў мікрараёнах жылой забудовы. Нагадайце, што было зроблена?
У 2011 – 2014 гадах і ў першым паўгоддзі 2015 года ў Дзятлаве выкананы работы па добраўпарадкаванні вуліцы Чырвонаармейскай з мадэрнізацыяй маста праз рэчку Дзятлаўку, была зроблена мадэрнізацыя Кастрычніцкай і Першамайскай вуліц, пабудаваны праезд ад мікрараёна шматпавярховай жылой забудовы па вуліцы Навагрудскай да вуліцы Кірава, добраўпарадкаваны двор шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Міцкевіча, 4. У гэты ж час выкананы работы па добраўпарадкаванні вуліц Чырвонаармейскай, Кастрычніцкай, Першамайскай і Снітко ў Наваельні.
Раённы жылкамунгас шмат увагі надаваў паляпшэнню комплекса жыллёва-камунальных паслугаў для насельніцтва і вытворчых спажыўцоў. Была мадэрнізавана кацельня ў аграгарадку Гезгалы, там устаноўлены кацёл магутнасцю 3 МВт, які працуе на мясцовых відах паліва. У Наваельні пабудавана станцыя абезжалезвання вады, у Гезгалах і Рудзе Яварскай капітальна адрамантаваны воданапорныя вежы. У вёсцы Харашкі зроблена новая артэзіянская свідравіна. Штогод ЖКГ капітальна рамантуе аб’екты жыллёвага фонду за кошт бюджэтных сродкаў і сродкаў з адлічэнняў жыхароў.
Акрамя таго, у раёне пракладзена 4 095 пагонных метраў інжынерных сетак, у тым ліку 1 402 пагонныя метры водаправоду, 2 564 пагонныя метры каналізацыі, 129 пагонных метраў цепласетак.
– У што абышліся названыя работы?
– На будаўніцтва аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры за 2011 – 2014 гады і 6 месяцаў 2015 года выдаткавана 29,2 мільярда рублёў капітальных укладанняў. У раёнах індывідуальнай жылой забудовы на гэтыя мэты зрасходавана 9,8 мільярда рублёў.
– Актуальнай і дарагой праблемай была газіфікацыя вёсак. Што зроблена?
– Паводле Указа Прэзідэнта РБ ад 2 чэрвеня 2006 года №368 “Аб мерах па рэгуляванні адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян” газіфікаваны 5 паселішчаў: у 2011 годзе пабудаваны вулічны размеркавальны газаправод у вёсках Лозкі і Скіпоравічы, у 2012 – 2013 гадах прыродны газ прыйшоў у аграгарадок Таркачы, у 2014 годзе – у вёску Курпяшы, сёлета завершаны будаўнічыя работы па газіфікацыі вёскі Хадзяўляны.
– Вялікія інвестыцыі былі накіраваны ў сельгасвытворчасць. Што новага і абноўленага з’явілася там?
– За 2011 – 2014 гады выканана будаўніцтва і рэканструкцыя шэрагу аб’ектаў у сельгасарганізацыях. Уведзены ў эксплуатацыю збожжасушыльныя комплексы ў СВК “Хвінявічы”, “Слава працы”, “Граніт-Агра”.
У СВК “Русь-Агра” здадзена ў эксплуатацыю агароднінасховішча. Першы пускавы комплекс рэканструкцыі будынка агароднінасховішча ўведзены ў эксплуатацыю ў СВК “Хвінявічы”. Завершана рэканструкцыя бульбасховішча на 2 000 тон у СВК “Жукоўшчына”.
Завершана будаўніцтва малочнатаварнай фермы “Васявічы” на 777 дойных кароваў у СВК “Дварэц-Агра”, агульны аб’ём інвестыцый у будаўніцтва склаў 41,3 мільярда рублёў. На будаўніцтве малочнатаварнай фермы “Хадзяўляны” на 777 дойных кароваў СВК “Русь-Агра” асвоены 56,2 мільярда рублёў. Будаўніцтва малочнатаварнай фермы “Парэчча” на 777 дойных кароваў СВК “Хвінявічы” абышлося ў 85,8 мільярда рублёў.
У названы час выканана рэканструкцыя малочнатаварных фермаў у СВК “Белагурна”, “Слава працы”, “Войневічы”, “Жукоўшчына”, “Вензавец”.
– Што абноўлена ў сацыяльнай сферы раёна?
– Выкананы рамонт і рэканструкцыя шэрагу аб’ектаў сацыяльнай сферы раёна. Капітальна адрамантаваны будынак паліклінікі, мадэрнізаваны харчблок і агароднінасховішча, бягучым рамонтам абноўлены дах і фасады будынкаў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. У аграгарадку Раклевічы капітальна адрамантаваны з унутранай перапланіроўкай будынак магазіна і сталовай з размяшчэннем у ім фельчарска-акушэрскага пункта, комплекснага прыёмнага пункта камбіната бытавога абслугоўвання і аддзялення сувязі. У аграгарадку Хвінявічы будынак дзіцячага сада перабудаваны пад амбулаторыю. ФАП адрамантаваны і ў аграгарадку Жукоўшчына.
Кардынальна абноўлены харчблокі ў дзятлаўскіх СШ №1 і СШ №3, капітальна адрамантаваны адзін з карпусоў Казлоўшчынскай СШ. Абноўлены фасады і дахі, мадэрнізаваны харчблокі ў Жукоўшчынскай і Хвінявіцкай школах-садах.
Абноўлены фасады і добраўпарадкавана тэрыторыя каля Дома культуры ў аграгарадку Раклевічы, праведзена рэканструкцыя кінатэатра ў Дзятлаве, адрамантаваны фасады дамоў культуры ў аграгарадках Жукоўшчына і Хвінявічы.
– Яшчэ нічога не сказалі пра гандаль і грамадскае харчаванне…
– Зараз скажу. І тут зроблена, лічу, нямала. Адрамантаваны фасады з усталяваннем фальш-даху “Дома гандлю” ў Дзятлаве, праведзена рэканструкцыя жывёлазабойнага цэха па вуліцы Савецкай, 111 у Дзятлаве, пабудаваны магазін фірменнага гандлю па вуліцы Міцкевіча, 16 у Дзятлаве, адрамантаваны фасады сталовай і магазіна СВК “Жукоўшчына” ў аграгарадку Жукоўшчына. Гэтым часам Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства выконвае работы па замене дахаў, аддзелцы фасадаў і добраўпарадкаванні тэрыторыі на многіх аб’ектах гандлю.
Падрыхтаваў да друку Б. ВАРНА
Фота Б. ВАРНЫ