Сямейная каштоўнасць — скарбонка ўспамінаў

Падзеі

У снежні 2013 года ў адной з залаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея школьнікі раёна сабраліся, каб рэалізаваць другі этап праекту «Музей у чамадане» — «Чамадан сямейных традыцый і каштоўнасцяў». Свае справаздачныя работы дзеці прадстаўлялі асабліва эмацыянальна, бо кожны чамадан нагадваў хлопчыкам і дзяўчынкам пра родных, любых сэрцу людзей, дзядуляў, бабуляў, прабабуляў. Пра падзеі жыцця продкаў расказвалі маўклівыя сведкі — рэчы, кнігі, фотаздымкі.
Сярод удзельнікаў сустрэчы была і Даша Акулевіч, на той час вучаніца 11 класа Хвінявіцкай школы, якая сабрала ў сваім чамадане памяць аб шасці пакаленнях продкаў. Яе род пусціў свае карані ў Канадзе, Латвіі, Расіі, Беларусі. Продкі Дашы былі знаёмы з Якубам Коласам і Міхасём Васільком, а ў гады вайны ў хаце прадзеда прымалася рашэнне аб стварэнні Ленінскай партызанскай брыгады. У сценах гэтай хаты пабылі такія партызанскія камандзіры, як Шубін, Пацалуеў, Булат, Вахонін. У чамадан сямейных каштоўнасцяў Даша беражліва паклала некалькі дарагіх сэрцу рэчаў, у тым ліку план-карту 1912 года, якую склаў прапрадзед дзяўчынкі, землямер і архітэктар Венідыкт Пуйта, які, дарэчы, меў у сваёй хаце багатую па тых часах бібліятэку, быў адукаваным, таленавітым чалавекам. Не менш цікавым быў аповед Дашы Акулевіч пра яе прабабулю — Алену Якаўлеўну Пуйта (у дзявоцтве Буцько), якая перасягнула стогадовы узрост. У памяці Алены Якаўлеўны захаваліся многія цікавыя факты і падзеі з гісторыі яе роду і гісторыі Дзятлаўшчыны.
Нядаўна карэспандэнты газеты наведаліся ў аграгарадок Хвінявічы, дзе сустрэліся з гасціннай сям’ёй Акулевічаў, у якой ужо шмат гадоў жыве Алена Якаўлеўна. Дома засталі саму бабулю, яе дачку — гаспадыню кватэры Тамару Міхайлаўну Акулевіч, нявестку гаспадыні Ірыну Аляксандраўну, двух унукаў Паўла і Алёшу, якія прыехалі пагасцяваць з Гродна. Усе яны пастараліся ўзгадаць як мага больш цікавага пра традыцыі і гісторыю свайго роду, якая цесна ўплялася ў гісторыю нашага раёна.
Алена Якаўлеўна Пуйта нарадзілася на хутары Пасекі ля мястэчка Забалаць Воранаўскага раёна. Тады гэта тэрыторыя адносілася да Польшчы. Алена скончыла 4 класы польскай школы, і на той час лічылася адукаванай дзяўчынай. Каб вывучыцца карыснаму рамяству, Алена згуртавалася з такімі ж, як і сама, маладымі дзяўчатамі. Разам сабралі неабходную суму грошай, каб наняць настаўнікаў па дамаводстве. Прыезжыя педагогі навучылі дзяўчат вязаць, краіць, шыць. У юнацтве Алена была вельмі актыўнай, кемлівай, цікаўнай і не спынілася на дасягнутым. Паехала ў Ліду, дзе наведвала курсы па агранаміі, кветкаводстве, арганізацыі вольнага часу моладзі. За паспяховасць была ўзнагароджана паездкай у Варшаву на экскурсію.
Сярод моладзі Алена Якаўлеўна славілася сваімі здольнасцямі да рукадзелля. Да яе часта забягалі дзяўчаты, каб павучыцца, як вязаць ці ткаць новы ўзор, іх Алена прыдумвала сама. Яе захапляла прыгажосць навакольнага свету. Дзяўчына казала: «Што новае я ўбачыла вачамі, тое павінна зрабіць рукамі». Ну і вядома, маладая майстрыха сабрала сабе багаты пасаг.
Замуж выйшла ў 1939 годзе за Міхаіла Якаўлевіча Пуйту з Пушчы Ліпічанскай. На вяселле моладзь падрыхтавала для актывісткі каштоўны па тых часах падарунак — кнігу па дамаводстве польскага выдаведства. Гэта сямейная рэліквія і сёння захоўваецца ў Акулевічаў. На пажоўклых ад часу старонках можна знайсці рэцэпты розных страваў, узоры вязання, вышыўкі, парады па кройцы і ткацтве. На жаль, страчана вокладка кнігі, але можна меркаваць, што надрукавана яна была ў 30-х гадах мінулага стагоддзя.
Маладая пара пераехала ў Пушчу Ліпічанскую, дзе дзед мужа Венідыкт пабудаваў прасторны дом на два канцы, вакол якога пасадзіў алеі дрэўцаў і кустоў, паставіў лаўкі — атрымалася сапраўдная сядзіба. А ў 1940 годзе ў Алены і Міхаіла нарадзіўся першынец Анатоль.
Але самы пачатак жыцця маленькага чалавека апаліла Вялікая Айчынная вайна, якая прынесла ў сям’ю Пуйтаў боль, горыч, слёзы, выпрабаванні.
У Пушчы Ліпічанскай актыўна дзейнічалі партызаны, яны рэгулярна наведваліся да Пуйтаў, у якіх на ўчастку была драўляная лазня, а значыць і магчымасць памыцца, вымыць вопратку. Свёкар Алены Якаўлеўны быў кавалём, ён падкоўваў партызанскіх коней, а іншая радня пякла для народных мсціўцаў хлеб, збірала прадукты.
Калі пачыналіся аблавы і карніцкія аперацыі, даводзілася ўцякаць у лес, хавацца ў балоце. Тут было страшна: чулі, як немцы страляюць, як брэшуць сабакі. Асабліва цяжка было з маленькім Толікам. Здаралася, ён плакаў, прасіў піць. А дзе возмеш вады, узгадвае Алена Якаўлеўна, даводзілася праз кавалачак тканіны цадзіць брудную балотную але Бог збярог ад цяжкіх хваробаў. А вось з хатнім скарбам давялося развітацца. Для адзення і самых неабходных рэчаў Пуйты зрабілі на балоце схованку, але яе нехта знайшоў, адкрыў і скраў лепшае. Астатнія рэчы, у ліку якіх быў увесь пасаг, сапсаваліся ад вільгаці.
Шмат цікавых падзеяў адбылося ў час вайны ў хаце Пуйтаў. Тут падпісалі дакументы аб стварэнні Ленінскай партызанскай брыгады. Тут сястра Міхаіла Якаўлевіча Марыя пазнаёмілася і зарэгістравала шлюб з камандзірам партызанскай разведкі Пацалуевым.Тут маленькі Толік спяваў для партызан песні, а яны, каб парадаваць хлопчыка, каталі яго на конях. А ў час адной з аблаваў сядзібу абакралі, забралі нават калодзежнае вядро, пасля падпалілі. Але сусед, які не паспеў уцячы і хаваўся недалёка у жыце, патушыў пажар.
У час вайны за сувязь з партызанамі расстралялі 11 сваякоў Буцькоў, сярод якіх быў родны брат Алены Якаўлеўны.
Вайна скончылася, але не скончыліся выпрабаванні. Маёмасці ў маладой сям’і не засталося, востра не хапала адзення і абутку. На дапамогу прыйшлі бацькі: тата Алены аддаў ёй боты, матуля падарыла вялікі ручнік, з якога Алена Міхайлаўна пашыла сабе сукенку на будні і святы. Каб зводзіць канцы з канцамі, Пуйтам даводзілася шмат працаваць. Пераязджалі з месца на месца, бо муж уладкаваўся мелынаром, а жонка яму дапамагала. Жылі ў невялікіх пакойчыках на млынах, гадавалі ўжо траіх дзяцей — нарадзіліся дочкі-пагодкі Тамара і Людміла. Тамара Міхайлаўна і сёння ўзгадвае, як ёй было страшна, калі працаваў млын: тады ў іх пакойчыку хадзілі хадуном сцены, здавалася, што яны вось-вось разваляцца.
Як ні было цяжка, а ўсім сваім дзецям Міхаіл і Алена далі вышэйшую адукацыю. Анатоль стаў ваенным і цяпер жыве ў Расіі, дочкі сталі настаўніцамі. І Людміла (цяпер Русіна), і Тамара засталася працаваць на Дзятлаўшчыне. Тамара Міхайлаўна выкладала ў Мяляхавічах, Раклевічах, Жыбартах, шмат гадоў — у Хвінявцкай сярэдняй школе. У Хвінявічах яна сустрэла сваю другую палавінку — Віктара Мікалаевіча Акулевіча, доктара мясцовай амбулаторыі, якога выдатна ведае не адно пакаленне жыхароў Парэцкага сельскага савета. У 1974 годзе да дзяцей у Хвінявічы перабраліся Алена Якаўлеўна і Міхаіл Якаўлевіч Пуйты. Дапамагалі па гаспадарцы, гадаваць дзяцей — сына Аляксандра і дачку Вольгу. У 1987 годзе Міхаіл Якаўлевіч памёр.

112
Алена Якаўлеўна сёлета адсвяткавала свой 105 дзень нараджэння. У бабулі ёсць 6 унукаў, 10 праўнукаў і багатая скарбонка сямейных каштоўнасцяў. Ужо некалькі пакаленняў Пуйтаў і Акулевічаў беражліва захоўваюць асабістыя рэчы і фотаздымкі сваіх продкаў. Уражвае і тая цеплыня, з якой яны перабіраюць сямейныя артэфакты, паказваюць іх гасцям. Гэтым людзям ёсць аб чым расказаць сваім дзецям, унукам, праўнукам, ёсць каму перадаць жыццёвую мудрасць. Дык няхай кожнае пакаленне роду нанізвае на нітку часу свае перлінкі талентаў, жаданняў, памкненняў, успамінаў.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *