Беларусь вельмі зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з В’етнамам ва ўсіх галінах. Аб гэтым заявіў сёння кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В’етнама ў Беларусі До Ван Маем, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт падзякаваў До Ван Маю за работу, якую ён правёў у якасці пасла дружалюбнай Беларусі дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок спадзяецца, што пераемнік гэтага дыпламата будзе такім жа актыўным у развіцці двухбаковых адносін, паколькі «мы вельмі зацікаўлены ў пашырэнні нашага не толькі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, але і супрацоўніцтва ва ўсіх галінах».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што В’етнам — адна з буйнейшых дзяржаў не толькі Азіяцкага рэгіёна, але і планеты. «90 млн насельніцтва, працвітаючы, стратэгічна важны рэгіён», — дадаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што ў бліжэйшым дзесяцігоддзі В’етнам будзе ў шэрагу самых развітых дзяржаў свету. «Выбудоўваючы з вамі адносіны, мы хацелі б удзельнічаць у гэтым бурным развіцці», — сказаў Прэзідэнт.
«У сваю чаргу мы гатовы зрабіць усё для таго, каб інтарэсы В’етнама былі прадстаўлены тут, у цэнтры Еўропы. Нашы перавагі вы ведаеце, тым больш мы падпісалі ад імя Еўразійскага эканамічнага саюза з вамі дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Думаю, перашкод для таго, каб развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны, сёння няма», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.