Дзяўчынка, дзяўчына, жанчына

Падзеі

У Дзятлаўскім раёне прайшла акцыя «Дзяўчынка, дзяўчына, жанчына». У час яе ва ўстановах адукацыі былі арганізаваны Дні здароўя, пасяджэнні «круглых сталоў». На іх гучала інфармацыя, якая датычылася рэпрадуктыўнага здароўя будучых матуляў.

З самых першых дзён арганізм дзяўчынкі рыхтуецца да мацярынства. У дзяцінстве закладваюцца асновы яе будучага жаночага здароўя . Аднак у падлеткавым узросце надыходзіць пераломны момант. У гэты час некаторыя дзяўчынкі пачынаюць курыць, выпіваць, ужываць наркотыкі, весці палавое жыццё. Як вынік — аборты, захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам. Такім чынам, да рэпрадуктыўнага ўзросту жанчыны нярэдка прыходзяць з комплексам праблемаў, з-за якіх не могуць нарадзіць або цяжка пераносяць цяжарнасць.

Менавіта таму так важна гаварыць пра вядзенне здаровага ладу жыцця з ранніх гадоў дзяўчынак.

Здароўе дзяўчыны пачынаецца з гігіены. Як правіла, усе падлеткі пакутуюць ад прышчоў. Каб пазбегнуць гэтага, варта ўмывацца перад сном, не есці шмат салодкай і тлустай ежы, вострых страваў. Трэба захоўваць і здаровы сон — 7-8 гадзін у суткі.

Дзяўчынам варта адмовіцца ад курэння, паколькі гэтая звычка цягне за сабой шэраг негатыўных для здароўя наступстваў. У жанчыны, якая пачала курыць у 16 гадоў або раней, да 50 гадоў фарміруецца небяспека анкалагічнага захворвання.
Пад уплывам модных часопісаў многія маладыя жанчыны пачынаюць шукаць недахопы ў сваёй знешнасці. Нярэдка гэта вядзе да таго, што падлетак садзіцца на строгую дыету. Незбалансаваны рацыён вядзе па пагаршэння знешнасці — выпадзення валасоў, лушчэння скуры.

Важна патлумачыць дзяўчыне, што для добрай фігуры лепшы сродак — правільнае і рэгулярнае харчаванне, а не галаданне. Калі ж праблема з лішняй вагой відавочная, неабходна знізіць колькасць тлушчоў — піць абястлушчанае малако, скараціць ужыванне мучнога.

Да ўсяго гэтага варта дадаць і тое, што трэба весці рухомы лад жыцця, знайсці цікавы занятак для душы. Усё гэта дазволіць захаваць як фізічнае, так і душэўнае здароўе.

Л. ЛАЗОЎСКАЯ, загадчыца санітарна-эпідэміялагічнага аддзела райЦГЭ,

Н. ЮРЭНЯ,
валеолаг



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *