Д. Басай: «Веды — для прафесіі, музыка — для душы»

Падзеі

Герой легендарнай савецкай кінастужкі «В бой идут одни «старики» Аляксей Цітарэнка, або «Маэстра», ролю якога бліскуча сыграў Леанід Быкаў, любіў паўтараць: «Усё часовае, а музыка — вечная». З гэтым выслоўем поўнасцю згодны малады спецыяліст Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, доктар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Дзмітрый Басай. Нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць і адказнасць абранай прафесіі, Дзмітрый цесна сябруе з музыкай і добрымі жартамі, без якіх не ўяўляе свайго жыцця.
Як такія палярныя якасці характару, як сур’ёзнасць і тонкае пачуццё гумару, цвёрдасць і вясёласць, сабранасць у час работы і ўменне «заразіць» добрым настроем дзясяткі людзей у час адпачынку, спалучаюцца ў адным чалавеку, высвятляла карэспандэнтка газеты.

.
Дзмітрый Басай нарадзіўся на Дзятлаўшчыне, вучыўся спачатку ў сярэдняй школе №1, пасля — у сярэдняй школе №3, выпускніком якой і з’яўляецца.
— У той час, як мае сябры марылі стаць лётчыкамі, ратаўнікамі, касманаўтамі, — узгадвае Дзмітрый, — я хацеў стаць доктарам. Медыцына вабіла мяне сваёй значнасцю ў жыцці людзей, мноствам таямніц, якія на працягу свайго існавання імкнецца разгадаць чалавецтва. Так, пасля школы я паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Вучыўся ў тэрапеўтычнай групе на платным аддзяленні і меў права выбіраць спецыялізацыю, таму, калі ў час размеркавання мне прапанавалі ехаць працаваць у Дзятлава анестэзіёлагам-рэаніматолагам, згадзіўся без ваганняў. Многія, пачуўшы такое, цікавяцца: ці не было страшна? Дык я лічу, што медыцына — гэта ўжо для многіх страшна, а для мяне — цікава. Мая цяперашняя спецыяльнасць дае магчымасць працаваць у розных галінах медыцыны: анестэзіёлагі патрэбны і немаўлятам, і парадзіхам, і дарослым. Рэаніматолагам працаваць больш складана, бо гэта менавіта той доктар, якому даводзіцца брацца за справу ў самыя крытычныя моманты. За год, які працую ў Дзятлаве, мне ўжо даводзілася вяртаць да жыцця некалькі хворых.
Дзмітрый не шкадуе, што вярнуўся працаваць на малую радзіму. Ён зазначае, што ўжо з трэцяга курса пачаў праходзіць практыку ў хірургічным аддзяленні менавіта Дзятлаўскай ЦРБ. Хлопца цёпла сустрэў калектыў. Раілі, падказвалі, дапамагалі, калі тэорыя разыходзілася з практыкай. Цяпер Дзмітрый Басай працуе ў аддзяленні рэанімацыі, дзе яму таксама вельмі падабаецца, і малады спецыяліст удзячны дактарам і медыцынскім сёстрам аддзялення за разуменне, падтрымку, сяброўскія адносіны. Малады анестэзіёлаг-рэаніматолаг пакуль што не можа дакладна сказаць, ці застанецца ў раёне надалей пасля адпрацоўкі.
— Усё вырашыць лёс, — зазначае Дзмітрый.
А цяпер хлопец старанна працуе і стараецца штодзень зазірнуць у спецыяльную літаратуру, бо ўпэўнены, што час не стаіць на месцы. Вучоныя распрацоўваюць новыя лекі, амаль кожны год навінкі ідуць у вытворчасць, і дактары павінны ведаць пра іх уласцівасці, уплыў на арганізм чалавека. Варта ведаць і пра новыя вірусы і хваробы, якія пагражаюць людзям. Сапраўдны доктар павінен на працягу сваёй практыкі ўдасканальваць веды і навыкі, павышаць кваліфікацыю — толькі ў гэтым выпадку ён будзе расці прафесійна.
Так адбываецца ў працоўныя будні, а ў выхадныя моладзь райцэнтра можа пабачыць Дзмітрыя Басая ў ролі ды-джэя на дыскатэцы ў кінатэатры «Спадарожнік», і менавіта Дзіма сёлета дарыў добры настрой удзельнікам раённага моладзевага турысцкага злёту ў час  дыскатэкі. Рабіць гэта яго вымушае захапленне музыкай, якая не ведае межаў і ўзростаў.
На маё пытанне, як удаецца сумяшчаць сур’ёзнае і вясёлае, Дзмітрый адказвае коратка:
— Веды — для прафесіі, музыка — для душы.
Музыкай Дзмітрый Басай захапляўся таксама з дзяцінства, ды ці магло быць інакш, калі бацька хлопца — музыкант. Але сын стаць прафесіяналам не збіраўся, вырашыў, што музыка — захапленне, якое будзе дапамагаць у жыцці. Яно і дапамагала: быў ды-джэем у школе, агучваў канцэрты ва ўніверсітэце, у час студэнцтва працаваў дыджэем у гродзенскім кафэ «Н2О», а па выхадных — на дыскатэцы ў Дзятлаве. Так зарабляў грошы, якія для студэнта лішнімі не бываюць. Цяпер Дзмітрый адносіць сябе да «аматараў». Каб не страціць навыкі ды-джэя, па выхадных заходзіць у кінатэатр «Спадарожнік», просіць работнікаў даць яму «пакруціць» некалькі саўндтрэкаў.
— Вядома, музычная мода пастаянна мяняецца, — расказвае Дзмітрый. — Пад тое, што было папулярным яшчэ некалькі гадоў таму, сёння ўжо не танцуюць. Але і ў сучаснай музыцы ёсць свая класіка, якую любяць і ўспрымаюць прадстаўнікі любога пакалення. Напрыклад, «It’s My Life» групы «Bon Jovi». А ўжо з якога трэка «разагрэецца» зала, залежыць ад самой публікі, — упэўнены ды-джэй са стажам.
Уменне падабраць музыку і «завесці» танцораў — далёка не адзіны талент маладога доктара. У студэнцкія гады ён «захварэў» на КВЗ і нават стварыў сваю каманду вясёлых і знаходлівых пад назвай «Інтэрнацыяналь». Такая нестандартная для гумарыстаў назва з’явілася, дзякуючы складу каманды. У яе ўваходзілі будучыя дактары розных нацыянальнасцяў: акрамя беларусаў, былі індус і туркмен. Туркмен нават з’яўляўся своеасаблівай «фішкай» «Інтэрнацыяналю», бо вельмі смешна вымаўляў рускія словы.
Карыстаючыся выпадкам, цікаўлюся ў Дзмітрыя Басая, чаго ж не хапае моладзі нашага раёна для цікавага адпачынку, чым яна абдзелена?
Мой субяседнік адказвае:
— Сярод плюсаў — кіно ў 3D-фармаце, але маладыя дзятлаўчане слаба наведваюць кінатэатр. Яшчэ ў горадзе вельмі не хапае акуратных, чыстых кафэ. Моладзі райцэнтра ўвечары амаль няма дзе пасядзець за кубачкам чаю. Чаму існуе столькі праблемаў у сферы грамадскага харчавання? Чаму няма яшчэ аднаго канкурэнтаздольнага начнога клуба?
На пытанне, як ён сам звычайна адпачывае, Дзмітрый адказвае:
— Люблю падарожнічаць за рулём свайго аўтамабіля, спыняцца там, дзе спадабалася, каб паглядзець новыя мясціны. Я ўжо паспеў пабыць ва Украіне, Польшчы. Нядаўна ездзіў на лінію Сталіна і ў Мірскі замак, дзе мне вельмі спадабалася. І ў наступную сваю паездку я запрасіў сяброў.
Напрыканцы нашай размовы Дзмітрый Басай адрасаваў некалькі словаў моладзі Дзятлаўшчыны.
— Не марнуйце час дарэмна: жыццё хутка праходзіць. Ці не шкада патраціць яго на шкодныя звычкі, калі вакол столькі цікавых адкрыццяў, якія чакаюць вас? Не заставайцеся раўнадушнымі, не сядзіце склаўшы рукі, не чакайце, пакуль хто-небудзь дапаможа — самі рабіце сябе і блізкіх шчаслівымі, а свет прыгажэйшым!
Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *