Фальклорнаму калектыву са Студзераўшчыны — сорак гадоў

Падзеі

Народныя песні ў выкананні спявачак са Студзераўшчыны вядомы не толькі на Дзятлаўшчыне,  але і за яе межамі. Калектыў неаднаразова прымаў удзел у шэрагу культурных мерапрыемстваў — як абласных, так і рэспубліканскіх,  знаёмячы іх гледачоў  з аўтэнтычнымі песнямі дзятлаўскай зямлі  — абрадавымі, вясельнымі, рэкруцкімі, жартоўнымі. Таксама студзераўшчынскія спявачкі з’яўляюцца захавальніцамі аўтэнтычных мясцовых народных абрадаў.

IMG_0463
Усяго ў рэпертуары гурта, якім цяпер кіруе Аліна Міхайлаўна Мішчук,  больш за 100 песень. Выконваюць іх шэсць жанчын — Алена Васільеўна Ляўкевіч, Соф’я Канстанцінаўна Ляўкевіч, Яўгенія Іосіфаўна Ляўкевіч, Любоў Авакумаўна Галавенка, Вольга Данілаўна Ляўкевіч, Алена Іванаўна Сціслевіч.
Яны маюць не адзін дзясятак гадоў, аднак душой адчуваюць сябе на сорак: менавіта столькі сёлета спаўняецца фальклорнаму гурту са Студзераўшчыны.

IMG_0485
За гэты час народная творчасць з’яднала жанчын, яны  сталі адной  творчай сям’ёй, якая захоўвае спадчыну сваіх бабуляў і прабабуляў, перадае яе наступнаму пакаленню. Менавіта дзіцячаму фальклорнаму гурту «Званочкі», якім таксама кіруе Аліна Міхайлаўна Мішчук. Ад прадстаўніц старэйшага пакалення дзеці пераймаюць майстэрства спяваць народную песню ў непараўнальнай манеры жывога выканання без акампанемента.

IMG_0516
Яшчэ да прыходу ў калектыў, гавораць спявачкі са Студзераўшчыны, кожная з іх любіла песню.  Ды і без яе немагчыма было ўявіць тагачаснае жыццё.  Песня гучала не толькі ў час адпачынку, але суправаджала і нялёгкую калгасную працу.

IMG_0539
Усе жанчыны з фальклорнага калектыву — былыя калгасныя працаўніцы, усе ўраджэнкі Студзераўшчыны.  Тут раслі, гадаваліся, стваралі свае сем’і. Варта дадаць і тое, што ўсе ўдзельніцы гурта — сапраўдныя рукадзельніцы. Як доказ таму — пашытыя іх рукамі сцэнічныя касцюмы, аздобленыя ручной вышыўкай.
— У гады нашай маладосці  умець прасці і ткаць, вышываць, вязаць  павінна была кожная дзяўчына. Гэтаму вучылі з маленства, — гаворыць Соф’я Канстанцінаўна Ляўкевіч.
Нарадзілася яна ў шматдзетнай сям’і, дзе было сямёра дзяцей. Працавала ўсё жыццё даяркай. За працу  была ўзнагароджана паездкай у Маскву на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі. У час паездкі жанчыне ўдалося наведаць і маўзалей Леніна.
Дваццаць гадоў адпрацавала даяркай і Яўгенія Іосіфаўна Ляўкевіч.  Яна таксама нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, дзе было пяцёра дзяцей.  У самой жа Яўгеніі Іосіфаўны — двое дзяцей, чацвёра ўнукаў і двое праўнукаў.
Увогуле, кожная з удзельніц студзераўшчынскага калектыву — багатая на дзяцей бабуля і прабабуля. Так, трое дзяцей, чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў мае Алена Васільеўна Ляўкевіч. Трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў у Вольгі Данілаўны Ляўкевіч. Сама ж яна, рана застаўшыся без бацькоў, выхоўвалася ў сям’і брата, у якога было чацвёра дзяцей.

IMG_0578
Увогуле,  у тыя гады ў Студзераўшчыне мець вялікія сем’і было нормай. У вёсцы жыло шмат дзяцей і моладзі.
— Бывала, выйдзеш вечарам на вуліцу, — узгадвае  Алена Васільеўна Ляўкевіч, — а ў розных канцах вёскі песні гучаць. Спяваюць іх хлопцы і дзяўчаты. Ды і музыкантаў у вёсцы было шмат. У мяне таксама брат іграў на баяне, дзядзька — на скрыпцы.
Узгадваюць пра мінулае спявачкі з настальгіяй. Паколькі цяперашняе жыццё цячэ ў зусім іншым русле, з кожным годам  шматнаселеная некалі вёска ўсё больш і больш пусцее. У ёй засталіся жыць пераважна адзінокія старыя людзі.
— Вось і мы жывём кожная па адной, — гавораць самабытныя спявачкі. — Рэпетыцыі, выступленні — усе гэта дае нам бадзёры настрой, зараджае нас жыццёвай энергіяй. Няма калі «кіснуць», сумаваць. Калі сустрэнемся разам, паспяваем — лягчэй на душы становіцца. Глядзіш — і сум, а разам з ім і стомленасць як рукой знімае.
Трымаць так і надалей варта пажадаць спявачкам з нагоды іх творчага юбілею. Разам з гэтым — бадзёрага настрою, здароўя, няхай яны яшчэ доўга-доўга радуюць сваёй творчасцю гледачоў, дорачы ім душэўныя народныя песні.
А. ДУБРОЎСКАЯ
НА ФОТАЗДЫМКАХ: удзельніцы фальклорнага гурта вёскі Студзераўшчыны
Фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *