Дзень Казлоушчынскага сельсавета

Падзеі

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў Казлоўшчынскім сельскім савеце.

У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў,  ідэалагічныя работнікі СВК

 

З сацыяльна-эканамічным становішчам Казлоўшчынскага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня В. Бялятка.

Тэрыторыя сельсавета складае 224 квадратныя кіламетры, у яго 32 паселішчах жывуць 3962 чалавекі. З гэтай колькасці  2171 (54,8 працэнта) чалавек у працаздольным узросце, 1287 (32,5 працэнта) – пенсіянеры, 504 (12,7 працэнта) – дзеці школьнага і дашкольнага ўзростаў. На тэрыторыі сельсавета жывуць 29 шматдзетных сем’яў, 123 інваліды 1-й і 2-й групаў, 104 адзінокія пенсіянеры, якія не маюць блізкай радні, таму ім патрэбна ўвага і грамадская дапамога, 710 чалавек жывуць адзінока. У сельсавеце – 1708 падворкаў.

Самае буйное паселішча ў сельсавеце – гарпасёлак Казлоўшчына, тут жывуць 1712 чалавек. Вёску Дзянісава насяляюць 436 чалавек, аграгарадок Лявонавічы – 217, вёску Лозкі – 178, вёскі Доўбневічы, Падвялікае – 110. У трох паселішчах (Трахімавічы, Скрэндзевічы, Пархуты) жывуць менш, чым па 10 чалавек.

У Казлоўшчынскі сельскі Савет выбраны 15 дэпутатаў. Рабочы орган Савета – выканаўчы камітэт – складаецца з 7 чалавек. Кожны з членаў выканкама курыруе пэўную сферу грамадскай дзейнасці. Савет дэпутатаў і сельвыканкам дзейнічаюць на падставе Закона РБ  “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Вытворчую і сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць СВК “Слава працы”, вінзавод, 5 установаў адукацыі (Лявонавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа, Казлоўшчынская сярэдняя школа, Казлошчынскі яслі-сад, Казлоўшчынскі эколага-біялагічны цэнтр, філіял Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці (былы ліцэй), 5 установаў аховы здароўя (Казлоўшчынская паліклініка, Казлоўшчынская гарадская бальніца, Падвялікаўскі, Лявонавіцкі і Малдавіцкі фельчарска-акушэрскія пункты), аддзяленне кругласутачнага знаходжання для састарэлых і інвалідаў, Казлоўшчынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, 21 гандлёвая ўстанова, Казлоўшчынскі дом культуры, Лявонавіцкая сельская бібліятэка, Казлоўшчынская гарпасялковая бальніца, музычная школа, праваслаўная царква, 3 касцёлы.

Медыцынскую дапамогу жыхарам сельсавета аказвае Казлоўшчынская паліклініка, разлічаная на 100 наведванняў у змену, пункт аховы здароўя, 3 ФАПы, стацыянар на 20 ложкаў. У паліклініцы працуюць 5 дактароў (2 участковыя тэрапеўты, стаматолаг, участковы педыятр, доктар-акуліст), 26 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. ФАПы ўкамплектаваны фельчарамі, у пункце аховы задароўя працуе медсястра. 45,2 працэнта медработнікаў – людзі пенсійнага ўзросту. Пераважна сельскае насельніцтва, вялікі радыус размяшчэння вёсак, нястача грамадскага транспарту, вялікая колькасць пажылых жыхароў ствараюць дадатковыя цяжкасці для якаснага медыцынскага абслугоўвання. Названыя абставіны вымагаюць пераважна выязной сістэмы абслугоўвання (у вёсках), уплываюць на паказчыкі здароўя і дэмаграфічнае становішча.

Штомесяц, паводле графіка, фельчары ФАПаў і ўчастковыя медсёстры робяць падворныя агляды насельніцтва, вымяраюць артэрыяльны ціск і выяўляюць візуальную паталогію. Са студзеня 2015 года арганізаваны прыём хворых тэрапеўтам, штомесяц на ФАПы выязджае ўчастковы тэрапеўт.

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва сельсавета ажыццяўляюць 10 гандлёвых аб’ектаў Дзятлаўскага філіяла аблспажыўтаварыства, магазін СВК “Слава працы”, 10 магазінаў індывідуальных прадпрымальнікаў. У паселішчы, дзе няма стацыянарных магазінаў, па графіку прыязджае аўталаўка.

Установы паштовай сувязі , акрамя традыцыйных паслугаў, аказваюць дадатковыя. Праз паштальёнаў можна набыць і заказаць амаль любы від тавару.

Комплексныя прыёмныя пункты службы быту ў Казлоўшчыне і Лявонавічах з’яўляюцца асновай сэрвісу ў сельскай мясцовасці. Работа КПП дазваляе наблізіць бытавыя паслугі да месца працы і месца жыхарства грамадзян.

Ва ўстановах адукацыі сельсавета навучаюцца і выхоўваюцца 450 дзяцей: у Казлоўшчынскай школе – 320, у Лявонавіцкім садзе-школе – 35, Казлоўшчынскім яслі-садзе – 95.

Адным з кірункаў сацыяльнай дзейнасці выканкама з’яўляецца сацыяльная абарона насельніцтва, асабліва пажылых грамадзян. На абслугоўванні аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму знаходзяцца 72 чалавекі. З гэтай колькасці – 24 адзінокія пажылыя грамадзяне, 48 пенсіянераў, якія жывуць адзінока, 14 інвалідаў 1-3 групаў, 1 сям’я загінулага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 2 удзельнікі вайны. На платнай аснове абслугоўваюць 68 чалавек, на бясплатнай – 4.

Вялікую ўвагу ссельскі Савет надае рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства. Адна з формаў такой работы – сходы грамадзян. З улікам таго, што многія жыхары сельсавета маюць пажылы ўзрост, жывуць у аддаленых ад цэнтра вёсках і не могуць прыйсці на сход, другой часта практыкуемай формай работы з’яўляюцца штогадовыя падворныя абходы. Вялікую работу праводзяць старасты паселішчаў, якія з’яўляюцца сувязнымі паміж вясковымі грамадамі і сельвыканкамам, сельскім Саветам.

Шмат увагі сельвыканкам надае добраўпарадкаванню паселішчаў. Знесены 80 струхлелых хатаў (2 – у 2015 годзе), выдалены 3 фундаменты, што засталіся пасля зносу хатаў. Санітарны догляд 8 помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны даручаны мясцовым арганізацыям і прадпрыемствам.

Заключана 506 дагавораў з жыхарамі Казлоўшчыны, Дзянісава, Доўбневічаў, Драбавічаў, Падвялікага, Лявонавічаў, Лозак, Мядзвінавічаў, Малдавічаў, Скіпоравічаў, Маськаўцаў на цэнтралізаваны вываз цвёрдых бытавых адходаў транспартам ЖКГ.

З кіраўнікамі вытворчых арганізацый, што месцяцца на тэрыторыі сельсавета, сельвыканкам знайшоў узаемаразуменне і наладзіў супрацоўніцтва.

У сельсавеце ёсць і праблемы. Адна з іх – змяншэнне насельніцтва. Асноўная прычына змяншэння – старэнне жыхароў. Большасць моладзі выязджае ў гарады, састарэлыя людзі паміраюць, і паселішчы пусцеюць. Штогод насельніцтва сельсавета змяншаецца ў сярэднім на 80 чалавек, што складае 2 працэнты ад усёй колькасці жыхароў. У 2014 годзе памерлі 90 чалавек, нарадзіліся 25. У апусцелых вёсках застаецца многа ненаселеных хатаў, якія часта і не дагледжаны, і лёгкадасягальныя для рабунку. Таму ёсць актуальная патрэба павялічыць адказнасць уласнікаў жылля, іх нашчадкаў за належнае санітарнае ўтрыманне будынкаў і падворкаў паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку  і скарачэнні колькасці пустых і састарэлых дамоў у сельскай мясцовасці”.

 

Удзельнікі мерапрыемства наведалі музей філіяла Слонімскага каледжа, магазіны СВК “Слава працы” і “Ручаёк” у Казлоўшчыне, царкву, вінзавод, Казлоўшчынскі дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых, могілкі ў Доўбневічах, ПМС.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў пазнаёміў прысутных з вынікамі анкетнага апытання жыхароў Казлоўшчынскага сельсавета. Найбольш хвалююць мясцовае насельніцтва праблемы добраўпарадкавання паселішчаў і якасці дарог, дрэннае асвятленне вуліц. Ёсць прэтэнзіі ў мясцовых жыхароў і да гандлёвага абслугоўвання, у прыватнасці, да асартыменту харчовых тавараў. Акрамя таго, рэспандэнты канкрэтна адзначылі нездавальняючы стан тратуараў і пад’язных дарог па вуліцы Савецкай, нястачу дактароў у Казлоўшчыне, кепскую работу воданапорнай вежы ў Дзянісаве.

 

Кіраўнікі аглядавых груп выказалі свае ўражанні ад агляду стану паселішчаў раёна па сельсаветах, у прыватнасці, яны адзначылі наступнае.

М. Мацюкевіч, намеснік старшыні райвыканкама: у запланаваных на май для ўпарадкавання вёсках Данілавіцкага сельсавета працавалі, падкасілі траву, сур’ёзных заўваг няма. Знеслі дзве састарэлыя хаты ў Хрольчыцах. Праблемным застаецца абкошванне нежылых сядзібаў. Шмат дзе не абкошаны ўзбочыны дарог. У Наваельні некаторыя гаспадары сядзібаў косяць толькі пасля напамінку. У гарпасёлку трэба завяршыць знос чыгуначнага дэпо – вывезці рэшткі будынка.

Старшыням сельвыканкамаў трэба звярнуць пільную ўвагу на стан кладак праз невялікія рэчкі, масткоў каля рэчак і азярын, парэнчаў каля дамбаў. У шэрагу месцаў яны ўжо падгнілыя, напаўразламаныя.

А. Андруцэвіч, кіраўнік справамі райвыканкама: асноўная заўвага – неабкошаныя ўзбочыны дарог, прыдарожныя палосы. Абраслі травой дарожныя знакі, аўтобусныя прыпынкі. Зарасла кустоўем дарога Апаліна-Басіна – Нямковічы.

А. Бараноўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў: не наладжана транспартнае пасажырскае абслугоўванне маршрута Гезгалы – Жукоўшчына. Не ўсюды ў раёне здавальняючы графік абслугоўвання аўталаўкамі. У Нясілавічах не прыбралі кучу галля пасля абрэзкі дрэваў, у Бандарах – рэшткі прыпынка, у Вусці засталіся непрыбраныя рэшткі сядзібы пасля разбору і вывазу будынкаў. У многіх сельсаветах не абкошаны дарогі. У Казлоўшчынскім сельсавеце актыўна працавалі для добраўпарадкавання Падвялікага, шмат зрабілі. З Мядзвінавічаў выдалілі тры фундаменты. Але ёсць заўвагі па стане фермы.

Вынікі Дня Казлоўшчынскага сельсавета падвёў старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі. Ён станоўча ацаніў зробленае, падзякаваў мясцовым кіраўнікам, у прыватнасці старшыні Казлоўшчынскага сельсавета В. Бялятку і старшыні СВК “Слава працы” А. Ілюхіну, за клопат пра добраўпарадкаванне сельсавета.

Б. ВАРНА

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *