Факты. Падзеі. Навіны.

Падзеі

ПРАДСТАЎНІКІ ЦВК БЕЛАРУСІ БУДУЦЬ НАЗІРАЦЬ ЗА ПРЭЗІДЭНЦКІМІ ВЫБАРАМІ ВА ЎЗБЕКІСТАНЕ
Ад Беларусі ў якасці міжнародных наглядальнікаў на прэзідэнцкіх выбарах ва Узбекістане будуць удзельнічаць старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына і член ЦВК Марына Рахманава.
Выбары Прэзідэнта Узбекістана намечаны на 29 сакавіка. Ад Руху прадпрымальнікаў і дзелавых людзей — Ліберальна-дэмакратычнай партыі гэтай краіны сярод кандыдатаў зарэгістраваны Іслам Карымаў; ад народна-дэмакратычнай партыі — Хатамжон Кетмонаў; ад Дэмакратычнай партыі «Мілій тыкланіш» («Нацыянальнае адраджэнне») — Акмал Саідаў; ад Сацыял-дэмакратычнай партыі «Адалат» («Справядлівасць») — Нарымон Умараў.
Цяпер фарміруецца місія наглядальнікаў ад Садружнасці. Яе ўзначаліць старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, яго кандыдатура ўзгоднена на чарговым пасяджэнні Савета пастаянных прадстаўнікоў.

УЗАЕМАДЗЕЯННЕ БЕЛАРУСІ І ІЗРАІЛЯ
Беларусь і Ізраіль маюць намер пашыраць крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы ІКТ і высокіх тэхналогій. Такая дамоўленасць дасягнута на перагаворах, якія прайшлі ў час рабочага візіту памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Усевалада Янчэўскага ў Ізраіль.
У час візіту праведзены сустрэчы з кіраўніцтвам шэрагу аўтарытэтных ізраільскіх бізнэс-структур, вядучых кампаній у сферы высокіх тэхналогій і ІКТ, якія з’яўляюцца сусветнымі лідарамі ў названых галінах. У ходзе перагавораў дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці аб пашырэнні крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ізраілем. Вызначаны перспектыўныя сумесныя праекты для рэалізацыі ў Беларусі з прыцягненнем ізраільскага капіталу, у тым ліку ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, энергетыкі і прыродакарыстання.
Адбылася таксама сустрэча Усевалада Янчэўскага з намеснікам прэм’ер-міністра, міністрам замежных спраў Ізраіля Авігдорам Ліберманам. Бакі абмеркавалі розныя аспекты двухбаковых адносінаў з акцэнтам на нарошчванне гандлёва-эканамічнага, крэдытна-інвестыцыйнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

ПАСЯДЖЭННЕ ВЫШЭЙШАГА ДЗЯРЖАЎНАГА САВЕТА САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ
Парадак дня пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы ўключаў 11 пытанняў.
Асноўная ўвага ўдзялялася двухбаковаму супрацоўніцтву ў гандлёва-эканамічнай сферы.
Расія з’яўляецца асноўным знешнегандлёвым партнёрам Беларусі. Пад уплывам неспрыяльнай знешняй кан’юнктуры ўзаемны тавараабарот па выніках 2014 года знізіўся на 5,3 працэнта (у параўнанні з паказчыкамі 2013 года), склаўшы $37,6 млрд. У мэтах арганізацыі сістэмнай работы па пераадоленні магчымага скарачэння аб’ёмаў гандлю на пасяджэнні ВДС зацвердзілі праграмны дакумент — «Аб прыярытэтных напрамках і першачарговых задачах далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014-2017 гады)».
У Крамлі адзначылі, што паміж Беларуссю і Расіяй склаўся добры ўзровень супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы. Аб’ём расійскіх капіталаўкладанняў у Беларусь дасягнуў $6,3 млрд, беларускіх у расійскую эканоміку — $2,3 млрд.

ДЭЛЕГАЦЫЯ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА НАВЕДАЕ МІНСК
Дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю можа наведаць Мінск у чэрвені, паведаміў дэпутат Еўрапейскага парламента ад Польшчы, старшыня дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю Еўрапарламента Богдан Здраеўскі.
Еўрадэпутат адзначыў, што «прыкметная роля Беларусі ў пошуку кампрамісу паміж Масквой і Кіевам». Адсюль, на яго думку, ёсць спадзяванні, што адносіны ЕС і Беларусі будуць наладжаны.
Акрамя таго, Богдан Здраеўскі лічыць, што Беларусі і Польшчы трэба развіваць памежнае супрацоўніцтва.

БЕЛАРУСКА-ЧЭШСКАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў ПАЛІТЫЧНАЙ СФЕРЫ
Беларуска-чэшскае супрацоўніцтва ў палітычнай сферы атрымала ў 2014 годзе важны імпульс. Сведчаннем таго з’яўляецца візіт у Прагу беларускай парламенцкай дэлегацыі высокага ўзроўню, які адбыўся ўпершыню за 12 гадоў. Акрамя таго, у канцы мінулага года ў чэшскім парламенце створана міжпарламенцкая група дружбы паміж Чэхіяй і Беларуссю. Галоўнай яе мэтай стала работа па ўмацаванні беларуска-чэшскага міжпарламенцкага дыялогу, а таксама ўзаемадзеянне з чэшскімі парламентарыямі ў ПА АБСЕ і ПАСЕ.
У мінулым годзе актыўна пашырылася рэгіянальнае супрацоўніцтва паміж Мінскай вобласцю і чэшскім краем Высачына, Магілёўскай вобласцю і Усцецкім краем, Гомельскай вобласцю і Паўднёвачэшскім краем, а таксама Брэсцкай вобласцю і Мараўскасілезскім краем.
У будучым неабходна прадаўжаць актывізаваць міжпарламенцкае супрацоўніцтва, развіццё і ўмацаванне двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва, рэгіянальных сувязяў. Актывізацыя гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, рэалізацыя канкрэтных праектаў на тэрыторыі Беларусі застаюцца прыярытэтнымі напрамкамі развіцця двухбаковых адносінаў, тым больш што развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы бізнэсу падтрымліваецца кіраўніцтвам Чэхіі.

ПЕРШАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ ПРЭМІЯ БУДЗЕ ЎРУЧАНА Ў ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА
Уручэнне Нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры стане першым такім мерапрыемствам у краіне. Раней літаратараў ушаноўвалі ў абласцях або ў рамках іншых конкурсаў. Цырымоніі і самой прэміі плануецца надаць асаблівую важкасць і аўтарытэт, магчыма, з гэтай мэтай колькасць намінацый у параўнанні з абласнымі конкурсамі зменшыцца, а імёны ўладальнікаў прэміі прагучаць сапраўды гучна.
Правесці цырымонію ўручэння прэміі прапануецца ў час адкрыцця свята 6 верасня ў Шчучыне. У ходзе далейшых мерапрыемстваў у літаратурнай сталіцы пісьменнікі і паэты сустрэнуцца з чытачамі, правядуць аўтограф-сесіі, стануць удзельнікамі канцэртаў, акцый.

У ЭСТОНІІ ПРАЙШЛІ ПАРЛАМЕНЦКІЯ ВЫБАРЫ
У Эстоніі завяршыліся чарговыя выбары ў парламент. Большасць галасоў — 27,7% — атрымала Партыя рэформаў, якая ўзначальвала кіруючую кааліцыю ў заканадаўчым сходзе ранейшага склікання. Яна забяспечыла сабе 30% месцаў у парламенце.
У парламенцкіх выбарах прынялі ўдзел больш за палову паўналетніх грамадзян Эстоніі — больш за 574 тысяч з прыкладна 900 тысяч грамадзян.
Пасля падліку галасоў лідар рэфармістаў Тааві Рыйвас заявіў, што ў парламенце будзе сфарміравана кааліцыя з трох партый, пры гэтым магчымасць супрацоўніцтва з цэнтрыстамі ён выключыў.

ФРАНЦЫЯ ВЫСТУПАЕ ЗА ЧАСОВАЕ СПЫНЕННЕ ПАШЫРЭННЯ НАТА
Такую заяву прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд зрабіў пасля завяршэння перагавораў з генеральным сакратаром альянсу Енсам Столтэнбергам.
«Цяпер Францыя прытрымліваецца ў адносінах да краінаў, якія могуць заявіць аб сваім жаданні ўступіць у НАТА, пазіцыі, якая заключаецца ў тым, што ў такой магчымасці ўсім ім трэба адмаўляць», — сказаў французскі прэзідэнт, удакладніўшы, што цяпер «пытанне аб пашырэнні НАТА не на парадку дня».
Аланд адзначыў, што Францыя «надае вялікае значэнне таму, каб забяспечвалася ўзгодненасць паміж пытаннямі стварэння адзінай сістэмы абароны Еўрапейскага саюза і дзейнасцю НАТА».
Са свайго боку Столтэнберг паведаміў, што НАТА цяпер праводзіць самае значнае з часоў заканчэння «халоднай вайны» павелічэнне сваіх сілаў, і Францыя ў гэтым адыгрывае ключавую ролю — ролю лідара.

СУДОВАЯ СПРАВА ДЖАХАРА ЦАРНАЕВА
Суд у амерыканскім горадзе Бостан (штат Масачусэтс) сфармаваў канчатковы склад журы прысяжных, якім трэба будзе вызначыць лёс Джахара Царнаева, які абвінавачваецца ва ўчыненні тэракту ў час Бостанскага марафону.
Усяго падабрана 18 прысяжных засядацеляў — восем мужчын і дзесяць жанчын. Працэс іх адбору заняў каля двух месяцаў. 12 прысяжных стануць асноўнымі, а яшчэ шэсць — «запаснымі».
Назіральнікі лічаць, што шанцаў на тое, што Царнаева прызнаюць невінаватым, практычна няма. Пытанне толькі ў тым, якое пакаранне яго будзе чакаць. Генеральная пракуратура дамагаецца для яго смяротнага пакарання. Адвакаты разлічваюць на пажыццёвае турэмнае зняволенне.

РАСТАВАННЕ ЛЕДНІКОЎ ВЫСАКАГОРНЫХ СІСТЭМАЎ АЗІІ
У непальскай сталіцы Катманду прайшоў навуковы форум, прысвечаны праблеме раставання леднікоў высакагорных сістэмаў Азіі. У абмеркаванні пытанняў экалагічнай сітуацыі ў гэтых рэгіёнах удзельнічалі 250 гляцыёлагаў з 26 краінаў.
Мэта канферэнцыі — падзяліцца назапашанымі ведамі і пашырыць уяўленне аб ледніках і тэрыторыях горных сістэмаў Гімалаяў, Гіндукуша, Паміра і Цянь-Шаня.
Азія — гэта «дом» 54 тысяч леднікоў, на дадзены момант займаюць плошчу ў 64 тысяч кв. км. Аднак за апошнія 30 гадоў гэты паказчык скараціўся на 24% Гэта выклікала занепакоенасць навукоўцаў, паколькі падобныя лядовыя метамарфозы могуць спрыяць сур’ёзным экалагічным катаклізмам ва ўсім Азіяцкім рэгіёне.

САФАРЫ-ПАРК АДКРЫЕЦЦА Ў ДЗЯРЖЫНСКІМ РАЁНЕ
Сафары-парк адкрыецца ў цэнтры экалагічнага турызму «Станькава» (Дзяржынскі раён) восенню 2015 года.
Жыць у сафары-парку будуць еўрапейскія лані, плямістыя і высакародныя алені, казулі, муфлоны і іншыя жывёліны. Цяпер праводзіцца добраўпарадкаванне лясных сцежак і пляцовак для кармлення, будаўніцтва вышак, адкуль можна будзе назіраць за жывёлінамі. Сафары-парк зойме плошчу амаль 450 га.
Цяпер наведвальнікі цэнтра могуць пабываць у зямлянках партызанскага лагера, загадаць жаданне каля 500-гадовага дуба, убачыць знакаміты ваенна-гістарычны комплекс «Мінскі ўмацраён» і рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Тут жа размешчаны заасад, дзе жывуць 50 відаў птушак і жывёлін, у тым ліку страусы, паўліны, зубры, ламы і медзведзяня. Да паслугаў гасцей лазня, рэстаран, кафэ, кінатэатр 5D, цір, атракцыёны.

ПАД ДУБАЕМ З’ЯВІЦЦА ВОСТРАЎ ВЕЧАРЫНАК
Непадалёку ад Дубая, у моры ля берага эмірата Рас-Аль-Хайма з’явіцца аазіс для адпачынку і шумных забаваў, дзе будуць толькі клубы, гатэлі, бары і рэстараны.
Адначасова востраў зможа прыняць да 20 тысяч аматараў вечарынак: на ім размесцяцца два начных супер-клубы, чатыры пляжных клубы, пяць гатэляў і да 100 бараў і рэстаранаў. Яго ўжо назвалі «Новай Ібіцай». Востраў вечарынак павінен быць гатовы прыняць першых гасцей у 2018 годзе.

ДРЭС-КОД ДЛЯ ТУРЫСТАЎ МАЛАЙЗІІ
Загадкавая гісторыя разгортваецца вакол прапановы ўладаў курортнага малайзійскага штата Трэнгану абавязаць шматлікіх замежных турыстаў прытрымлівацца адпаведнай формы адзення. На адным з мясцовых сайтаў была размешчана інструкцыя ад урада з заклікам «устрымацца ад непрыстойнай вопраткі». Іншымі словамі — не насіць, асабліва прадстаўніцам прыгожага полу, занадта адкрытае адзенне, у тым ліку адкрытыя купальнікі. Хаця многія замежныя госці прыязджаюць у гэты штат менавіта для таго, каб атрымаць асалоду ад прыгожых пляжаў з беласнежным пяском. У рэкамендацыях урада сказана таксама, што неабходна лічыцца з меркаваннем мясцовых жыхароў-мусульманаў, якіх абражае выгляд напаўаголеных жанчын. Пры гэтым улады не патрабуюць апранацца ў адпаведнасці з нормамі ісламу, а таксама не пагражаюць крымінальнай адказнасцю за парушэнне нормаў. Самае суровае пакаранне — штраф, у асноўным жа — правядзенне тлумачальных гутарак.

РАДЫЁЭФІР УКРАІНЫ ПЛАНУЮЦЬ ЗАПОЎНІЦЬ УКРАІНСКІМІ ПЕСНЯМІ
Міністр культуры Украіны Вячаслаў Кірыленка лічыць, што на сёння склаліся абставіны, якія дазваляюць павялічыць квоту ў радыёэфіры да 75% усяго аб’ёму вяшчання.
Акрамя таго, песні ўкраінскіх аўтараў і выканаўцаў павінны з’яўляцца тады, калі іх пачуе больш за ўсё слухачоў — у прайм-тайм, а не толькі позна ўначы, як гэта часта бывае цяпер.
Пераход да новых стандартаў квот будзе адбывацца паступова, у некалькі этапаў.
Акрамя гэтага, Кірыленка ініцыіруе праверку радыёстанцый па выкананні імі дзеючай абавязковай квоты трансляцыі ў эфіры ўкраінскіх песень. Адпаведны зварот накіраваны ў Нацсавет па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання і будзе тычыцца ўсіх найбуйнейшых радыёстанцый FM-дыяпазону. У прыватнасці, гаворка ідзе аб выкананні артыкула 28 Закона Украіны «Аб тэлебачанні і радыёвяшчанні», згодна з якой у радыёпраграмах музычныя творы ўкраінскіх аўтараў і выканаўцаў павінны складаць не менш за 50% ад агульнага штотыднёвага аб’ёму вяшчання.

МЕТЭАРАЛАГІЧНЫ СПАДАРОЖНІК ЗША ВЫБУХНУЎ НА АРБІЦЕ
Ваенны амерыканскі спадарожнік, які функцыянаваў на працягу апошніх 20 гадоў, выбухнуў на калязямной арбіце. Прычынай надзвычайнага здарэння стала раптоўнае рэзкае змяненне тэмпературы. У выніку выбуху спадарожнік разляцеўся на 43 часткі, якія згарэлі пасля ў шчыльных пластах атмасферы.
Спадарожнік пад назвай DMSP-F13 быў выведзены на арбіту ў 1995 годзе і аж да 2006 года забяспечваў ваеннае камандаванне амерыканскіх ВПС здымкамі з космасу для прагназавання ўмоваў надвор’я. Затым DMSP-F13 быў прызнаны састарэлым і пераведзены ў рэзерв.
Цяпер працягваюць сваю работу астатнія шэсць аналагічных спадарожнікаў DMSP. Запуск сёмай, палепшанай мадыфікацыі F20, запланаваны на 2016 год.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *