Старт у дарослае жыццё

Падзеі

У якім узросце чалавек становіцца дарослым? Разважаць над гэтым пытаннем можна доўга. Народная мудрасць гаворыць, што чалавек становіцца дарослым тады, калі пераходзіць на свой хлеб. З гэтым можна пагадзіцца. Значыць, самастойнае жыццё ў маладога чалавека пачынаецца, калі ён прыходзіць на сваё першае працоўнае месца. А ўжо як складзецца яго далейшы прафесійны лёс, залежыць ад характару, памкненняў, любові да выбранай справы.

Карэспандэнтка газеты сустрэлася з маладымі спецыялістамі раёна, якія знаходзяцца на старце сваёй кар’еры, і пацікавілася, як яны адчуваюць сябе ў выбранай прафесіі, што ім падабаецца, а што хацелася б памяняць, якой бачаць сваю прафесійную будучыню, а таксама даведалася, як моладзь бавіць вольны час.

Вераніка-Макарэвіч

Вераніка Макарэвіч, аператар малочнай лініі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод»:

— Выбраная прафесія падабаецца. Яна цікавая, бо наша прадпрыемства крочыць у нагу з часам, асвойвае новыя тэхналогіі, і мы працуем на сучасным абсталяванні. Калектыў завода дружны, згуртаваны, добразычліва адносяцца да маладых спецыялістаў, дапамагаюць карыснымі парадамі. Калі я толькі прыйшла працаваць, мне вельмі дапамагалі Вольга Аляксандраўна Болцік, Віктар Валяр’янавіч Удот. Я люблю хадзіць на працу, тут мяне ўсё задавальняе, магчыма таму, што завод наш мадэрнізаваны, што тут працуе дружны калектыў, кіпіць прафсаюзнае жыцце. Таму нічога мяняць не хочацца, можна пажадаць толькі, каб прадпрыемства і далей развівалася. Што тычыцца прафесійнай кар’еры, хочацца «вырасці» хаця б да майстра.

У моладзі нашага завода насычанае грамадскае жыццё. Мы прымаем удзел у турыстычных злётах, ездзім на экскурсіі. Я з задавальненнем удзельнічаю ў мерапрыемствах, якія праводзіць раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «БРСМ», бо яшчэ ў школе ўступіла ў яе шэрагі.  

Леанід-Бурбліс

Леанід Бурбліс, аграном СВК «Белагурна»:

— Мая прафесія мне падабаецца, бо яна не кабінетная, вымушае шмат часу праводзіць на свежым паветры. Наогул, расліны — гэта цікава, але і адказна. Мы вырошчваем харчовыя прадукты, хлеб, а значыць ад нашай паўсядзённай працы залежыць харчовая бяспека нашых землякоў. Уродзяць хлеб і агародніна — будуць сытыя людзі. На поспех у працы агранома ўплываюць многія фактары: захаванне тэхналогій і тэрмінаў пасадкі і апрацоўкі раслін, умовы надвор’я. Не менш важныя адносіны да справы тых людзей, якія працуюць на палетках гаспадаркі, а таксама спраўнасць тэхнікі на сяўбе і жніве. Таму ўсім нам трэба зладжана працаваць у камандзе. Мне пашанцавала, калектыў СВК «Белагурна» сустрэў цёпла, добра адносяцца і спецыялісты, і простыя работнікі. Галоўны аграном гаспадаркі Антон Макарэвіч падказвае, як разабрацца з дакументацыяй, дае прафесійныя парады. Я прыслухоўваюся да яго словаў, бо мару і сам расці прафесійна, удасканальваць свае веды і навыкі.

Земляробы кажуць, што летні дзень — год корміць. Хутка вясна, а гэта значыць, што вольнага часу ў аграрыяў не будзе, працаваць будзем з ранку да заходу сонца. Пакуль зіма, стараемся ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, у раённых мерапрыемствах. Я чалавек актыўны, з задавальненнем адгукнуся на цікавыя прапановы моладзі, бо лічу, што жыццё — гэта не толькі работа.

Дыяна-Гарановіч

Дыяна Гарановіч, бухгалтар ААТ «Наваельнянскі КХП»:

— Працую на прадпрыемстве ўжо паўтара года. Працаваць з лічбамі цікава, але, каб была магчымасць, перакваліфікавалася б на эканаміста, бо лічу гэту прафесію больш творчай. А пакуль працую па спецыяльнасці, стараюся набрацца вопыту, каб у далейшым стаць галоўным бухгалтарам. Поспех работы любога прадпрыемства, я лічу, залежыць ад кіраўніка, бо ён выбірае, як удасканальваць вытворчасць, у якім накірунку развівацца, з кім супрацоўнічаць. Кожны член калектыву ў сваю чаргу павінен адказна і якасна выконваць сваю работу, тады многага можна дасягнуць.

Моладзь нашага завода актыўная, удзельнічалі ў раённых мерапрыемствах — раённым турыстычным злёце працоўнай моладзі, раённых спаборніцтвах па пейнтболе, сустрэчы маладых спецыялістаў «Святкі.by», спартыўных спаборніцтвах. Спадзяёмся, што і 2016 год будзе не менш багаты на моладзевыя конкурсы, спаборніцтвы і сустрэчы.

Марына-Абрамчык

Марына Абрамчык, медыцынская сястра Дзятлаўскай райпаліклінікі:

— Працую ў падлеткавым кабінеце, і мне гэта падабаецца, бо не сяджу на месцы. Даводзіцца працаваць з людзьмі, запаўняць дакументацыю, удзельнічаць у прызыўной кампаніі (калі медагляд прызыўнікоў ладзіцца ў ваенным камісарыяце). Часу на ўсё хапае, бо да абеду доўжыцца прыём, а пасля можна заняцца дакументамі. Лічу, што поспех у нашай справе залежыць ад усяго калектыву, ад падрыхтаванасці і адносінаў кожнага медыка да сваёй справы, ад асабістых якасцяў дактароў і медыцынскіх сясцёр. Калі можна было б што-небудзь памяняць у рабоце, дык я павысіла б зарплату медсёстрам. Што тычыцца самаразвіцця, то, на жаль, калі я вучылася ў Гродне, упусціла магчымасць скончыць курсы фатографаў. Мяне даўно вабіць фотасправа, хачу, каб яна стала маім захапленнем. Раней я шмат малявала, а цяпер няма калі. Фотаздымкі — гэта таксама творчасць, магчымасць даць людзям паглядзець на свет тваімі вачыма. Спадзяюся, што мне ўсё-такі ўдасца скончыць фотакурсы ў недалёкай будучыні. А пакуль у вольны час з задавальненнем удзельнічаю ў гарамадскім жыцці. Калі паступіць прапанова, магу паўдзельнічаць у творчым конкурсе.

Дыяна-Радомская

Дыяна Радомская, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава:

— Я вельмі люблю дзяцей, таму выбрала прафесію настаўніка. Гэта цікава, часам складана, даводзіцца пастаянна самаўдасканальвацца, бо дзеці, як і ўвесь сучасны свет, сталі вельмі патрабавальныя да ведаў. Педагагічны калектыў нашай установы самы лепшы, і адміністрацыя, і кафедра англійскай мовы, і ўсе педагогі школы дапамагаюць маладым. Поспех у маёй рабоце, упэўнена, залежыць ад майго настрою, ад пастаўленых мэтаў, адносінаў да задачы, якую выконваю. Паверце, дастаткова складана ў наш час пражыць на зарплату простага педагога, таму мяняць трэба менавіта яе. У далейшым я не хачу спыняцца на прафесіі настаўніка, планую атрымаць дадатковую спецыяльнасць, не звязаную з работай у школе. Вельмі люблю замежныя мовы, развівацца збіраюся ў гэтым накірунку.

Што тычыцца грамадскага жыцця, педагогі і вучні заўсёды вельмі актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню. Нядаўна мы з маладымі калегамі падтрымлівалі настаўніка нашай школы Тараса Орсіка, які стаў лепшым маладым спецыялістам Гродзенскай вобласці-2015. Мы пераканаліся: настаўнікі — людзі творчыя, здольныя асіліць усё, што ім прапануюць.

Сняжана-Матвеева

Сняжана Матвеева, тэхнік-тэхнолаг Дзятлаўскага хлебазавода:

— На прадпрыемстве працую ўжо год. Падабаецца, бо мы кормім людзей хлебам, а хлеб — гэта жыццё. Калектыў завода сустрэў мяне па-сяброўску: тут працуюць добрыя людзі. Поспех у нашай справе залежыць ад усіх нас, ад захавання тэхналогій і вытворчых працэсаў. Праўда, калі была б магчымасць што-небудзь памяняць, я на больш сучаснае памяняла б абсталяванне на заводзе, каб зрабіць працэс вытворчасці хлеба не такім працаёмкім, каб больш аперацый выконвалі машыны, а не людскія рукі. У далейшым збіраюся вывучыцца на інжынера-тэхнолага, спадзяюся на кар’ерны рост.

Я — член грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», у 2015 годзе ўдзельнічала ў зборы подпісаў за Прэзідэнта, нядаўна пабыла на сустрэчы маладых спецыялістаў «Святкі.by». Я вельмі актыўны чалавек, і з радасцю прыму ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, на якія паклічуць. Галоўнае — своечасова пра іх даведацца.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *