Лёс гэтай школы цікавы і няпросты: адзін будынак і дзве навучальныя ўстановы. Сярэдняя школа №2 горада Дзятлава, так званая “беларуская школа”, сёлета святкуе свой паўвекавы юбілей, а гімназія №1 толькі летась перасягнула дзесяцігадовы рубеж. Але першая субота лютага штогод сцірае ўсе межы, збіраючы ў адной зале ўсіх, хто калісьці насіў званне “выпускнік”.
Вечар сустрэчы – самы час пачуць некалькі школьных гісторый.
Выпускнікі 1985 года СШ №2:
“Асаблівасць нашага класа была ў тым, што амаль усе яго вучні былі з навакольных вёсак. Таму і школьнае каханне ў нас было, толькі пакуль ідуць урокі. А пасля заняткаў – усе па хатах да наступнай раніцы. Самае запамінальнае з тых часоў – гэта ўрокі фізкультуры, самы любімы наш прадмет. Тады ў школе яшчэ не было спартыўнай залы, і мы амаль увесь год займаліся на стадыёне: летам – бегалі, зімой – каталіся на лыжах (спартыўны інвентар захоўваўся там, дзе цяпер гаражы кінатэатра), а дзяўчаты актыўна гэтыя заняткі “сачкавалі”. Самым вясёлым з аднакласнікаў быў Ігар Лашчэўскі, за свавольствы яму не раз даводзілася хавацца ад настаўнікаў па школе. Ён жа быў і самым умелым – нават пячаткі адліваў з металічных гаек”.
Выпускніца 1990 года СШ №2 Таццяна Іода:
“Самы смешны і самы жахлівы ўспамін майго школьнага жыцця звязаны з аднакласнікам Сярожам Лупачам. Мы тады з класам ездзілі на бульбу ў калгас, і ён мне закінуў за каўнер жывую мыш. Як я тады бегала па полі! З таго часу вельмі баюся мышэй. Але сваіх аднакласнікаў мы вельмі любілі і бераглі, бо іх было толькі двое ажно на дваццаць дзве дзяўчынкі. Любімым настаўнікам ва ўсіх была Валянціна Рыгораўна Цішко, наш класны кіраўнік. Па панядзелках у нас звычайна быў яе ўрок астраноміі, на якім мы амаль заўжды абмяркоўвалі ўсе надзённыя праблемы пасля выхадных.
Амаль усе ў нашым класе былі праезджыя з вёсак, таму бывала замест першага ўрока мы ішлі з вакзала не ў школу, а ў кафэ-марожанае (цяпер гэта рэстаран “Ліпічанка”) і прыходзілі толькі на другі ўрок з апраўданнем – аўтобус затрымаўся”.
Пра выпуск 1995 года СШ №2 – настаўніца пачатковых класаў Лілія Іванаўна Мілейка:
“Сёлета дваццацігадовыя выпускнікі-юбіляры прыйшлі мяне запрашаць на вечар-сустрэчу як сваю першую настаўніцу. “Ну што, Лілія Іванаўна, пазнаяце нас?” – пытаюцца ў мяне. Мне і сарамнавата прызнацца, але ў гэтых высокіх прыгожых жанчынах і мужчынах вельмі цяжка пазнаць колішніх маленькіх вучняў пачатковых класаў.
За школьнае жыццё было вельмі шмат вясёлых запамінальных гісторый. Адна з іх – пра хлопчыка, які вельмі баяўся школы. Два тыдні ён наведваў урокі разам з бабуляй, трымаўся за бабуліну спадніцу, не ўставаў на ўроку, як астатнія вучні. Разам вырашылі – хопіць бабулі хадзіць. А школьнік, застаўшыся адзін, так напалохаўся, што схаваўся ад мяне ў класе за дошкай. Прасядзеў так урок, а як на другі хацеў вылезці, я яму кажу: “Прасядзеў адзін урок, сядзі ўжо і астатнія. Або выходзь і будзь самастойным, як астатнія вучні”. З таго дня ён пачаў наведваць урокі без бабулі. А цяпер вось вырас сур’ёзным чалавекам, у міліцыі працуе.
А яшчэ выпадак быў нядаўна. Ехала я цягніком з даволі цяжкой сумкай, і калі падымалася на прыступку вагона, да мяне звярнуўся вайсковец: “Лілія Іванаўна, давайце дапамагу”. Занёс сумку ў вагон, прысеў побач, а я прыглядваюся і не пазнаю, хто гэта. А ён усміхаецца: “Хіба вы не помніце? Гэта ж я, Віцька, які так парушаў школьную дысцыпліну”.
Выпускніца 2000 года СШ №2 Марына Шыкуць:
“Больш за ўсіх у старэйшых класах я сябравала з Таняй Пісецкай. Я добра ведала матэматыку, а яна – мовы, так мы і дапамагалі адна адной. У школе я старалася заўсёды весяліць аднакласнікаў, часам адрываючы іх ад заняткаў, заўсёды лёгка ішла на авантуры. У кабінеце хіміі ёсць лабаранцкая, у якой не раз перад лабараторнай работай мае аднакласнікі прыўзнімалі шкло, а я ў джынсах прапаўзала туды па вынікі лабараторных нашых папярэдніх класаў, каб спісаць. Шкло трымалі цвічкі, на адным з якіх я свае джынсы і парвала. Затое клас добра справіўся з лабараторнай работай”.
Выпускнікі 2014 года гімназіі №1:
“У гімназіі ёсць такое правіла: кожную раніцу ў 8.15 усе вучні выходзяць у спартзалу на ранішнюю гімнастыку. Мы гэта правіла не вельмі любілі выконваць, і большасць дзяўчат хавалася пад партамі ў кабінеце фізікі. Аднойчы мы на гэтым “папаліся”: сядзелі ціхенька, думаючы, што нас зусім не відаць, а настаўнік, які па нейкіх сваіх справах зайшоў у кабінет, па нагах, якія было відаць з-пад парты, “вылічыў” усіх прагульшчыц. Давялося надалей наведваць зарадку”.
Запісала Н. АВЯРЧУК