Маладыя спецыялісты сустрэліся з кіраўніцтвам раёна

Падзеі

2015 год аб’яўлены Годам моладзі, і на Дзятлаўшчыне рыхтавацца да яго пачалі загадзя. Напярэдадні навагодніх святаў у раённым Доме культуры прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія працуюць у гаспадарках, установах і на прадпрыемствах.

Пачалося мерапрыемства з экскурсіі, у час якой 35 маладых спецыялістаў, якія нарадзіліся ў іншых рэгіёнах, а на Дзятлаўшчыну трапілі па размеркаванні, азнаёміліся з мясцовымі аб’ектамі гісторыі і культуры. Дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства Т. К. Юранкова выступіла ў ролі экскурсавода, расказала аб гісторыі ўзнікнення Дзятлава, гістарычных аб’ектах райцэнтра, знакамітых жыхарах нашага раёна. Таксама маладыя спецыялісты наведалі санаторый «Радон», аграгарадок Раклевічы, пабылі ў музеі «Дзеці ліхалецця» Наваельнянскай школы, пабачылі новую вытворчую лінію на ААТ «Дварэцкі льнозавод».

У час пасяджэння першым прысутных павітаў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта І. І. Крахмальчык. Ён зазначыў, што сёлета на Дзятлаўшчыну прыехала на 13 маладых спецыялістаў больш, чым летась, — усяго 92 чалавекі. Усіх іх рады бачыць на дзятлаўскай зямлі. Наш раён развіваецца, паляпшаюцца ўмовы жыцця, аб чым сведчыць стан аграгарадкоў і адкрыццё новых аб’ектаў. Толькі напрыканцы года пачалі функцыянаваць Дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Дзятлаве, новая амбулаторыя ў Хвінявічах, бібліятэка ў Наваельні, на ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» запушчана новая вытворчая лінія па вырабе сыроў рыкота. У наступным годзе ў Дзятлаве пройдуць абласныя «Дажынкі», таксама будзем святкаваць 70-годдзе Вялікай Перамогі, рыхтавацца да выбараў Прэзідэнта. Іван Іосіфавіч заклікаў моладзь прыняць самы актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, паказаць сябе ў рабоце, даказаць, што яны — будучыня нашай краіны. Старшыня райвыканкама выказаў спадзяванне, што многія маладыя спецыялісты застануцца ў раёне, створаць свае сем’і, будуць сумленна працаваць. У нас ёсць да чаго імкнуцца, ёсць справы, які чакаюць новых ідэй, творчай энергіі, працавітых рук. Вядома, адна з найбольш складаных галінаў — сельская гаспадарка, але гэта значыць, што тут — найбольшы патэнцыял, і гэта тая пляцоўка, дзе можна паказаць сябе, дасягнуць добрых вынікаў, кар’ернага росту. Калі ў маладых спецыялістаў будуць узнікаць праблемныя пытанні, старшыня райвыканкама параіў звяртацца да яго на прыём. Таксама ён павіншаваў моладзь з надыходзячымі святамі, пажадаў поспехаў у рабоце і жыцці.

Што такое кадравы рэзерв, як ён уплывае на перспектывы кар’ернага росту маладых спецыялістаў, расказаў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Дзятлаўскага райвыканкама С. П. Багдановіч. Намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела па працы і занятасці Дзятлаўскага райвыканкама А. Р. Васкель вяла гаворку пра сацыяльныя гарантыі для маладых спецыялістаў. З умовамі льготнага крэдытавання прысутных азнаёміла дырэктар ЦБП №407 філіяла №413 ААТ «ААБ Беларусбанк» Н. Б. Барцэвіч. Галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзятлаўскага райвыканкама С. У. Гародка расказаў аб перспектывах будаўніцтва і куплі жылля на Дзятлаўшчыне. Аб магчымасцях арганізацыі ў раёне культурных і спартыўных мерапрыемстваў маладыя спецыялісты даведаліся з выступленняў намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. В. Шыцько і намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Д. К. Ёды.

Вынікі пасяджэння падвёў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч. Ён зазначыў, што кіраўніцтва раёна заўжды адкрыта для канструктыўнага дыялогу з маладымі спецыялістамі, чакае ад іх ідэй і прапановаў. Таму далейшыя поспехі ў рабоце і цікавае баўленне вольнага часу напрамую залежаць ад актыўнасці і жадання самой моладзі.

Напрыканцы сустрэчы маладым спецыялістам прапанавалі запоўніць анкеты, каб даведацца, якія мерапрыемствы іх найбольш цікавяць, якія формы работы ім падабаюцца, а таксама якімі талентамі і здольнасцямі яны вылучаюцца самі. Была ў прысутных і магчымасць прыклеіць на спецыяльную дошку сцікеры са сваімі прапановамі, ідэямі, пажаданнямі. Уся атрыманая інфармацыя ў далейшым будзе выкарыстана ў рабоце з моладдзю раёна.

І. СТЫРНІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *