Людміла Эдуардаўна Сідорчык, сацыяльны работнік Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, у прафесіі ўжо шмат гадоў, яе хваліць кіраўніцтва Цэнтра і заўжды з нецяпеннем чакаюць, любяць і паважаюць яе апекаванцы — дзевяць адзінокіх бабуляў і дзядуля, жыхары гарпасёлка Наваельня. Сама жанчына з задавальненнем ходзіць на работу, бо тут ёсць магчымасць падзяліцца душэўным цяплом з састарэлымі людьмі, якія па волі лёсу засталіся адзінокімі, дапамагчы ім фізічна, падтрымаць маральна.
— Мой дэвіз: працаваць з душой і дапамагаць людзям, — прызнаецца Людміла Эдуардаўна. — Калі не любіць справу, якой займаешся, то і поспеху ў ёй не будзе, вось у чым сакрэт.
Як ні дзіўна, але сацыяльным работнікам Людміла Сідорчык стала выпадкова. Яе асноўная спецыяльнасць, якой жанчына таксама аддала не адзін год, — кандытар. І сёння Людміла Эдуардаўна любіць завіхацца на кухні, пячы смачныя торты, якія ўпрыгожвае масляным крэмам або асабліва моднай сёння ў кандытараў мастыкай. Атрымліваецца вельмі прыгожа, а таму сяброўкі часта просяць дапамагчы ім падрыхтавацца да якой-небудзь сямейнай урачыстасці, здараецца выпякаць што-небудзь смачненькае і для састарэлых людзей, якіх абслугоўвае. Не толькі выпечка, але і эксклюзіўныя стравы захапляюць Людмілу: яна не можа пакінуць без увагі ні адзін цікавы рэцэпт. Захапленне маці перадалося яе сынам, Сяргею і Дзмітрыю, якія працуюць паварамі ў Мінску. Дома, калі збіраюцца разам, ладзяць майстар-класы: гатуюць сушы, чабурэкі, піцу. Ці варта казаць, што дзверы хаты гэтых хлебасольных гаспадароў заўсёды адкрыты для сяброў, якіх у сям’і Сідорчыкаў вельмі шмат.
Людміла Эдуардаўна лічыць, што добразычлівым і роўным характарам яе надзяліла прырода паўночнага вострава Сахалін, дзе нарадзілася і вырасла жанчына. За сотні кіламетраў ад Беларусі, на беразе Татарскага праліву, усяго за 70 кіламетраў ад японскай мяжы, знаходзіцца яе родны гарадок Горназаводск. Летам ён патанае ў зеляніне дрэваў, зімой стаіць ахутаны белым покрывам снегу, сярод сопак, недалёка ад тайгі, у маляўнічым куточку рускай зямлі. Славіцца Горназаводск чырвонай рыбай, ікрой і вугальназдабываючай прамысловасцю. Тата Людмілы, дарэчы, быў праходчыкам і ўсё жыццё адпрацаваў на шахце. Маці працавала медыцынскай сястрой у мясцовай бальніцы. На жаль, бацькі ўжо памерлі, але на радзіме, дзе Сідорчыкі не былі ўжо дзесяць гадоў, засталіся брат, сястра, пляменнікі. Будучага мужа Людміла сустрэла таксама ў Горназаводску, ён быў мараком — хадзіў на прамысловым судне. Пазнаёміліся ў рэстаране, дзе на той час працавала Людміла Эдуардаўна.
У Беларусь, у гарпасёлак Наваельня, пераехалі з ініцыятывы мужа: яго бацька тут пакінуў маладым хату. Пасёлак пад стромкімі соснамі спадабаўся адразу, а яшчэ спадабаліся беларусы — добрыя, душэўныя людзі, як лічыць Людміла. А вось з работай было складана, бо ішлі «ліхія» дзевяностыя. Людміла Сідорчык паспела папрацаваць па спецыяльнасці, была і памочнікам выхавальніка ў Наваельнянскім дзіцячым садку. Сям’я нават спрабавала вярнуцца ў Горназаводск, але пражылі там толькі год і вырашылі, што ў Беларусі жыццё ўсё ж такі больш стабільнае. Пасля вяртання праз нейкі час Людміле Эдуардаўне пашанцавала знайсці пастаянную работу — сацыяльным работнікам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
— Папрацавала крыху і вырашыла — маё, — расказвае жанчына. — Мне заўсёды падабалася дапамагаць старым людзям, асабліва адзінокім, размаўляць з імі, яны ж столькі перажылі, шмат ведаюць. Я набываю для іх прадукты і лекі, прыбіраю ў хатах, гатую ежу, улетку дапамагаю на агародах. Калі ў гаспадарцы патрэбны мужчынскія рукі, на дапамогу прыходзіць муж Аляксандр. Ён таксама лічыць, што, каб быць шчаслівым самому і рабіць шчаслівымі іншых, трэба рабіць добрыя справы.
Маладым сацработнікам, якія толькі пачынаюць працаваць і хочуць быць паспяховыя ў нашай прафесіі, я раю адносіцца да сваіх апекаванцаў з павагай і цярпеннем, адшукаць падыход да кожнага чалавека, бо ўсе мы такія розныя.
Напярэдадні свята жадаю сваім калегам моцнага здароўя, матэрыяльнага дабрабыту, ладу ў сем’ях, цярпення і мірнага неба над галавой.
І. КАЎКЕЛЬ