Дзятлаўскія сыраробы атрымалі маскоўскае золата

Падзеі

З 15 па 18 верасня ў Маскве праходзіла Міжнародная харчовая выстава «WorldFood-2014». На працягу ўжо больш чым дваццаці гадоў на пачатку восені «WorldFood Moscow» збірае разам у цэнтральным выставачным комплексе «Экспацэнтр» на Чырвонай Прэсні прадстаўнікоў вядучых сусветных харчовых брэндаў, аптавікоў, прадстаўнікоў рознічнага гандлю, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, дыстрыб’ютараў і простых спажыўцоў, а таксама журналістаў. Выстава «WorldFood» ахоплівае ўвесь харчовы рынак і аб’ядноўвае некалькі тэматычных раздзелаў: мяса і птушка, рыба і морапрадукты, замарожаныя прадукты і паўфабрыкаты, садавіна і агародніна, кансервацыя, маслатлушчавая прадукцыя, малочная прадукцыя, напоі, кава і чай.

Як найбольш выгадна прадставіць сваю прадукцыю? Дзе адшукаць новых кліентаў? Як правесці маніторынг рынку? Кожны, хто хоць аднойчы задаваў сабе такія пытанні, абавязкова стараюцца пабыць на міжнароднай харчовай выставе ў Маскве. Не адмовіліся ад перспектыўнай прапановы беларускага прадстаўніцтва ТАА «Экспомир» сёлета ўпершыню прыняць у ёй удзел і дзятлаўскія сыраробы.

— «Сырная страна» на працягу некалькіх гадоў актыўна асвойвае рынак суседняй Расіі, — расказвае начальнік аддзела забеспячэння і збыту ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», удзельніца міжнароднай харчовай выставы WorldFood Moscow Людміла Анатольеўна Лявонава. — Мы ўжо маем гандлёвых партнёраў у Чэлябінску, Ніжнім Ноўгарадзе, Бранску, Маскве, Варонежы, Пецярбургу. Добра вядомая ва ўсім свеце і такая маштабная выстава прадуктаў харчавання, як «WorldFood» у Маскве, з’яўляецца прызнанай пляцоўкай для вываду прадукцыі на расійскі і сусветныя рынкі. Гэта пацвярджае і той факт, што за пяць дзён, якія дзейнічала выстава, яе наведалі сотні тысяч людзей. Сярод іх мы пабачылі прадстаўнікоў розных краін блізкага і далёкага замежжа: США, Бразіліі, Паўднёвай Амерыкі, Егіпта, Паўднёвай Афрыкі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Галандыі, Кітая, В’етнама, Італіі, Літвы, Латвіі. Рыхтуючыся да выставы, планавалі не толькі паказаць нашы навінкі, але і прыняць удзел у прафесійным дэгустацыйным конкурсе «Прадукт года-2014». Конкурс праводзіўся незалежнай экспертнай камісіяй, у склад якой уваходзілі вядучыя спецыялісты галіны. Нам цікава было даведацца, якую ацэнку атрымае прадукцыя нашага прадпрыемства ва ўмовах высокай канкурэнцыі, бо шырокі асартымент у Маскве прадставілі сёлета яшчэ каля 80 вытворцаў малочнай галіны.

Да афармлення экспазіцыі, як заўсёды, падышлі творча. Хацелася як мага лепш прадставіць сваю краіну, паказаць, наколькі на ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» удасканалілася вытворчасць, павялічыўся асартымент прадукцыі, якія навінкі ў нас з’явіліся. Тон нашай выставе задавалі брэндавыя жоўта-сінія колеры, пасярэдзіне экспазіцыі «красаваўся» карабельчык з сырнымі ветразямі. Рабочы працэс сімвалізавалі механічныя фігуркі сыраробаў. Яркае афармленне выставы здалёк прываблівала наведвальнікаў, якія, зайшоўшы ў павільён, мелі магчымасць пакаштаваць і ацаніць смакавыя перавагі дзятлаўскіх сыроў, бо паралельна з выставай ладзілася дэгустацыя прадукцыі нашага прадпрыемства.

У склад дэлегацыі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», якую ўзначальвала галоўны інжынер Вольга Аляксандраўна Болцік, таксама ўваходзілі начальнік аддзела забеспячэння і збыту Людміла Анатольеўна Лявонава, эканаміст па збыце Ірына Уладзіміраўна Панкевіч, тэхнік-тэхнолаг Алена Віктараўна Якімчык, майстар-сырароб Наталля Антонаўна Чыжык.

«Сырная страна» не толькі прадстаўляла сваю прадукцыю, але і знаёміла наведвальнікаў выставы з перспектывамі вытворчасці. Так, галоўны інжынер прадпрыемства В. А. Болцік расказала, што на заводзе актыўна ідзе рэканструкцыя цэха па вытворчасці мяккіх сыроў тыпу «Рыкота» па італьянскіх тэхналогіях. У іх склад будзе ўваходзіць падсырная сыроватка і малако. Па смаку такі сыр нагадвае «Адыгейскі», але па харчовых якасцях «Рыкоту» можна аднесці да дыетычных прадуктаў, паколькі тут пераважна прысутнічаюць сыроватачныя бялкі і малочныя цукры, якія лёгка засвойваюцца арганізмам. Плануецца і вытворчасць мяккага сыру «Капрэзе» таксама на аснове сыроваткі. Усё гэта — сыры прэміум-класа. Магутнасць новай лініі – сем тон сыру за суткі. Запуск цэха запланавалі на снежань 2014 года.

Жадаючых заключыць дамовы з ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» было шмат, але, як патлумачыла начальнік аддзела забеспячэння і збыту Л. А. Лявонава, на сёння аб’ёмы прадукцыі, якія выпускае прадпрыемства, не дазваляюць займець новых партнёраў. Сыр не залежваецца на складзе, а рэалізоўваецца, як кажуць, з колаў. Прычым, на ўнутраны рынак Беларусі паступае толькі 15% прадукцыі «Сырной страны», астатнія 85% ідуць на экспарт. Таму ў час міжнароднай харчовай выставы «WorldFood Moscow» была заключана толькі адна дамова з гандлёвымі партнёрамі з Санкт-Пецярбурга – ТАА «Русар Трэйд» (раней у паўночнай сталіцы Расіі «Сырная страна» не мела свайго гандлёвага прадстаўніка).

Да ўдзелу ў прафесійным дэгустацыйным конкурсе «Прадукт года-2014» дзятлаўскія сыраробы прадставілі сем гатункаў сваёй прадукцыі. Мэта гэтага конкурсу, як зазначаюць арганізатары выставы, — з’яўленне на расійскім рынку якаснай канкурэнтаздольнай прадукцыі. А таму, каб быць аб’ектыўнымі, эксперты кадзіруюць усе конкурсныя маркі харчовых прадуктаў і да апошняга моманту не ведаюць, хто іх вытворцы. Дзятлаўскія сыраробы былі прыемна здзіўлены, калі даведаліся, што ўсе прадстаўленыя імі гатункі прадукцыі ўдастоіліся ўзнагароды. Так, золата конкурсу «Прадукт года-2014» Міжнароднай харчовай выставы «WorldFood Moscow» атрымалі: масла салодкавяршковае «Крестьянское» 72,5% тлушчу; сыр «Галандскі новы малады» 40% тлушчу; сыр «CHEDDER GOLD» 45% тлушчу. Сярэбраным медалём былі адзначаны сыры: «Каралеўскі малады» з водарам топленага малака 40% тлушчу; «Сливочный mix с пожитником» 40% тлушчу (пажытнік – раслінная культура, якая надае сыру смак грэцкага арэха); «Беларускае золата» 45% тлушчу; «Сметанковы» 50% тлушчу. Таксама ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» атрымаў сертыфікат удзельніка выставы.

Натуральнасць прадукцыі і якасць заўсёды былі арыенцірамі ў рабоце дзятлаўскіх сыраробаў і ў чарговы раз дапамаглі ім папоўніць скарбонку ўзнагародаў.

І. Каўкель

Фота Н. Аверчук



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *