С. Духоўнік: «Не бывае дзяцей, якія не хочуць размаўляць»

Падзеі

На базе дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава з 2012 года працуе адзіная ў нашым раёне спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Тут дзеці вучацца не толькі правільна гаварыць, але і спасцігаюць свет, знаходзяць сваё месца ў калектыве і выяўляюць уласныя здольнасці.

Адметнасць групы ў тым, што тут пастаянна працуе настаўнік-дэфектолаг Святлана Станіславаўна Духоўнік і два выхавальнікі з спецыяльнай адукацыяй – Вольга Уладзіміраўна Лашкоўская і Аліна Аляксандраўна Гіго. Заняткі па развіцці маўлення і навучэнню грамаце тут абавязкова праходзяць з настаўнікам-дэфектолагам. На сёння ў “маўленчай” групе 13 дзяцей, розных па ўзросце. Дзеці на занятках працуюць у падгрупах і індывідуальна.

— Галоўнае, на што мы звяртаем увагу на групавых занятках – пачуць кожнага і даць выказацца кожнаму, – расказвае пра навучальны працэс Святлана Станіславаўна. – Таму мы не практыкуем адказы хорам, дзеці выказваюцца па чарзе, індывідуальна.
У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №2 добра зарэкамендавала сябе новая форма правядзення бацькоўскіх сходаў, калі бацькі выхаванцаў маюць магчымасць не проста паслухаць педагога, але пабачыць работу групы. Такім чынам, да дыялогу выхавальнікаў і бацькоў далучаюцца самі дзеці, робячы яго наглядным і прадукцыйным.

— Калі мы кажам пра яслі, то гэта можа быць фота- або відэапрэзентацыя, – расказвае пра новаўвядзенне загадчыца ўстановы адукацыі Святлана Ус. – Дзеці старэйшага ўзросту самі рэкламуюць свае дасягненні, паказваюць работу ў гуртках, якая вядзецца звыш базавай праграмы.

Не ўпершыню да абранай дашкольным цэнтрам развіцця тактыкі работы з бацькамі выхаванцаў далучылася і спецыяльная група. Цягам мерапрыемства педагогі з дапамогай выхаванцаў дэманстравалі бацькам формы работы па выпраўленні парушэнняў маўлення, падказвалі, у што і з якімі цацкамі гуляць дзецям у пэўным узросце, давалі кансультацыі і дзяліліся вопытам у час “круглага стала”.

— Уся дзейнасць дашкольнікаў, у тым ліку, развіццё маўлення, павінна ісці толькі ў гульнявой форме, – нагадвае выхавальнік Вольга Лашкоўская. – Таму мы не толькі правялі дэманстрацыю нашых агульных дасягненняў, але і паспрабавалі на прыкладзе паказаць, як можна займацца гуляючы з дзецьмі дома.

Святлана Духоўнік падзялілася сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з бацькамі і вынікаў мерапрыемства.

— Мы ставілі перад сабой мэту паказаць дарослым, як мы працуем з дзецьмі, чаму навучыліся іх дзеці, а таксама абмеркаваць далейшыя напрамкі сумесных дзеянняў па выхаванні і навучанні дзяцей.

— Як зразумець, што ў дзіцяці сапраўды ёсць праблемы з маўленнем?
— У маёй практыцы былі выпадкі, калі бацькі панікавалі дарэмна, не дачакаўшыся, пакуль у дзяцей адбудзецца заканамернае станаўленне маўлення. А здаралася і зусім наадварот, калі гучала: “Маё дзіця можа размаўляць, проста не хоча”. Такога зусім не бывае! Не існуе дзяцей, якія не хочуць размаўляць. Некаторыя зрабіць гэта пакуль не могуць і ім трэба абавязкова дапамагчы. А калі “негаворачае” дзіця пачынае гаварыць, яго проста не пазнаць: яно становіцца сапраўдным членам дашкольнага калектыву, знікае зацятасць і нясмеласць, пачынаюць актыўна праяўляцца творчыя здольнасці.

— Святлана Станіславаўна, ці абавязкова бацькам займацца з дзецьмі развіццём маўлення дома, акрамя заняткаў у дашкольнай установе адукацыі?
— Каб працэс станаўлення маўлення ў дзяцей ішоў хутчэй, бацькам вельмі пажадана надаваць увагу гэтаму і па-за сценамі дашкольнай установы адукацыі. Але каб ведаць, як гэта правільна рабіць, варта наведваць калектыўныя і індывідуальныя заняткі і кансультацыі, на якія я ўвесь час запрашаю бацькоў, выконваць нашы рэкамендацыі.

— Ці наведваюць дзеці дадатковыя заняткі і гурткі?
— У нашай групе усе дзеці наведваюць танцавальны гурток і дадатковыя заняткі па ручным ткацтве, хоць яны і не абавязковыя. Бацькі разумеюць ролю такой дзейнасці і актыўна скарыстоўваюць гэтыя магчымасці развіць дзяцей.

— Гульня – гэта забава ці нешта большае?
— Меркаванне, што дзеці ў дашкольнай установе адукацыі толькі забаўляюцца, – зусім памылковае. І гульні, і цацкі спрыяюць індывідуальнаму развіццю дзяцей, у тым ліку, іх маўлення. Але гэта працуе толькі тады, калі цацкі правільна падабраны па ўзросце.

— Ці складана працаваць з дзецьмі рознага ўзросту разам?
— Зусім не, гэта толькі плюс для групы: малодшыя заўжды імкнуцца ва ўсіх справах за старэйшымі, а старэйшыя – вучацца апякаць малодшых, дапамагаць ім. Заўважу, што ў нашай групе максімальна хутка і спакойна праходзіць адаптацыя “новенькіх” выхаванцаў.

Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *