15 лістапада ў раённым Доме культуры прайшло свята-шанаванне працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых прадпрыемстваў з нагоды іх прафесійнага свята.
На свяце былі падведзены вынікі і ўшанаваны пераможцы спаборніцтва на веснавых і асенніх палявых работах, на нарыхтоўцы кармоў, у спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці і павышэнне якасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў зімова-стойлавы перыяд 2013-2014 года і летне-пашавы перыяд гэтага года.
Сёлета ўраджайнасць збожжа і зернебабовых культур разам з кукурузай склала 31,4 цэнтнера з гектара, валавы збор – 67,6 тысячы тон. Сабраны ўраджай бульбы ў 9,3 тысячы тон пры ўраджайнасці 172 цэнтнеры з гектара, масланасення рапсу – 5,8 тысячы тон пры ўраджайнасці 21,2 цэнтнера з гектара.
Па выніках раёнага спаборніцтва сярод СВК на верхніх прыступках п’едэстала знаходзяцца хлебаробы СВК “Жукоўшчына”, “Граніт-Агра”, “Хвінявічы”. Найбольшы прырост вытворчасці зерня забяспечаны ў СВК “Жукоўшчына” (157 працэнтаў), СВК “Вензавец” (141 працэнт). Найбольшая ўраджайнасць атрымана ў СВК “Жукоўшчына” (52,6 цэнтнера з гектара, СВК “Русь-Агра” (49,8 цэнтнера), СВК “Граніт-Агра” (46 цэнтнераў).
У СВК “Хвінявічы” атрымана найбольшая ўраджайнасць бульбы – 233 цэнтнеры з гектара, а ў СВК “Граніт-Агра” ўраджайнасць масланасення рапсу дасягнута ў 44 цэнтнеры з гектара.
Ураджайнасць цукровых буракоў звыш 500 цэнтнераў атрымана ў наступных СВК: “Дварэц-Агра” – 637 цэнтнераў з гектара, “Граніт-Агра” – 571 цэнтнер з гектара.
Валавая вытворчасць малака павялічылася на 1,3 працэнта. Найбольшы прырост забяспечаны ў СВК “Граніт-Агра” (109,5 працэнта) і СВК “Хвінявічы” (109,4 працэнта). У сярэднім на адну карову атрымана 4190 кілаграмаў малака. Вышэй за раённы паказчык надой на карову ў СВК “Жукоўшчына” – 6150 кілаграмаў і СВК “Граніт-Агра” – 5380 кілаграмаў.
З веснавымі палявымі работамі найлепш справіўся СВК “Граніт-Агра”. Гаспадарка першая ў аптымальныя тэрміны, згодна з зацверджаным рабочым планам, закончыла сяўбу зерневых і зернебабовых культур, буракоў, ільну, кукурузы, пасадку бульбы, якасна, без парушэнняў правяла ўвесь комплекс веснавых палявых работ. Віншаванні з перамогай у спаборніцтве прымалі старшыня СВК “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур, галоўны аграном Антон Тарасевіч, галоўны інжынер Андрэй Падліпскі. Гаспадарка адзначана прэміяй у 60 базавых велічыняў. Былі адзначаны і лепшыя механізатары з гэтай гаспадаркі, якія старанна папрацавалі на веснавых палетках. Гэта Дзмітрый Афанасік і Дзмітрый Болтач.
Сярод вытворчых участкаў пераможцам прызнаны ўчастак “Хвінявічы” СВК “Хвінявічы” якім загадвае Алена Шыпіла. З гэтай гаспадаркі прэміяваны і Барыс Парфіновіч і Анатоль Лаўнік.
Прэміямі, кветкамі, музычнымі падарункамі была ўшанавана вялікая група механізатараў, якая закладвала вясною фундамент сёлетняга ўраджаю. Сярод іх – механізатары Віктар Даргевіч, Сяргей Сасінскі, Юрый Чэпукойць, Анатоль Ванчук, Уладзімір Малаед, Алег Ломаць, Іван Цівунчык, Віктар Бельскі (СВК “Русь-Агра”); Віктар Лепка, Мечыслаў Гайдук, Мікалай Жукоўскі, Сяргей Лабар, Анатоль Апанасік (СВК “Дварэц-Агра”); Сяргей Кучынскі (СВК “Жукоўшчына”); Анатоль Загдай, Сяргей Герасімчык (СВК “Войневічы”); Канстанцін Чувак (СВК “Белагурна”); Дзмітрый Храноўскі (СВК “Вензавец”); Павел Юрчык (СВК “Слава працы”).
Пераможцам раённага спаборніцтва ў перыяд восеньскіх палявых работ сярод сельгаскааператываў Дзятлаўшчыны стаў зноў-такі СВК “Граніт-Агра”. Старшыня гаспадаркі Станіслаў Мазур, галоўны аграном Антон Тарасевіч, галоўны інжынер Андрэй Падліпскі прымалі віншаванні з перамогай і прэміі, прадугледжаныя ўмовамі спаборніцтва. Да іх далучыліся прадстаўнікі СВК “Русь-Агра” і СВК “Хвінявічы”, чые гаспадаркі занялі адпаведна другое і трэцяе месцы. Вялікая група механізатараў, якія працавалі на ворыве глебы, церабленні лёну была адзначана прэміямі за старанную працу. Сярод іх Мікалай Ганчар (СВК “Дварэц-Агра”), Юрый Буткевіч (СВК “Граніт-Агра”), Павел Сухецкі (СВК “Войневічы”), Аляксандр Салаўёў (СВК “Русь-Агра”).
Добрыя словы віншаванняў, пажаданні далейшых поспехаў пачулі на свой адрас лепшыя механізатары-корманарыхтоўшчыкі. Сярод іх названы Віктар Гукіш з СВК “Граніт-Агра”, Павел Сухецкі з СВК “Войневічы”, Сяргей Орсік з СВК “Хвінявічы”, Іван Цівунчык з СВК “Русь-Агра”. А пераможцам сярод сельгаскааператываў у першай групе гаспадарак прызнаны СВК “Войневічы”. Гаспадарка адзначана прэміяй 30 базавых велічыняў за выкананне ўстаноўленых аб’ёмаў нарыхтовак травяністых кармоў. Корманарыхтоўшчыкі гэтага СВК найлепшым чынам паклапаціліся, каб у стойлавы перыяд жывёла была накормлена. На ўмоўную галаву жывёлы тут нарыхтавана 33,4 цэнтнера кармавых адзінак.
Найвышэйшых паказчыкаў у вытворчасці, нарыхтоўцы, павелічэнні якасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў зімова-стойлавы перыяд 2013-2014 года дасягнуў СВК “Жукоўшчына”, а ў летне-пашавы перыяд 2014 года — СВК “Граніт-Агра”.
— І сёння я хачу шчыра падзякаваць усім вам за зробленае, — звярнуўся да працаўнікоў у час урачыстасці старшыня райвыканкама І. Крахмальчык. – Асабліва я хачу падзякаваць ветэранам аграпрамысловага комплексу за іх працу, за той вопыт, які яны перадаюць нашаму маладому пакаленню.
Сёння неабходна сказаць пра задачы і перспектывы развіцця аграпрамысловага комплексу раёна у наступным 2015 годзе. У першую чаргу мы павінны павысіць эканамічную эфектыўнасць вядзення гаспадаркі. Забяспечыць рост прадукцыйнасці працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1,5 раза, павялічыць рэнтабельнасць продажу да 10-11 працэнтаў.
У 2015 годзе плануем набыць па тры адзінкі збожжаўборачных камбайнаў КЗС-1218, энерганасычаных трактараў “Беларус-3522”, кормаўборачных комплексаў “Палессе”, дзве адзінкі пагрузчыкаў “Амкадор”.
Прыярытэтнымі застаюцца задачы па развіцці ашчаднага земляробства, вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі, мадэрнізацыі сектара аграпрамысловага комплексу шляхам укаранення сучасных тэхналогій, асабліва на малочнатаварных фермах. Дзеля гэтага ў 2015 годзе неабходна завяршыць рэканструкцыю малочнатаварных фермаў “Белагурна” (СВК “Белагурна”) і “Явар” (СВК “Вензавец”). Таксама неабходна закончыць будаўніцтва новага бульбасховішча на 2000 тон у СВК “Дварэц-Агра”.
У наступным годзе неабходна атрымаць збожжа і зернебабовых культур у першапачаткова апрыходаванай вазе 72 тысячы тон, масланасення рапсу – 5,3 тысячы тон, бульбы – 15 тысяч тон, цукровых буракоў – 125 тысяч тон.
Асаблівую ўвагу варта звярнуць на выкананне праграмы “Лён” у 2015 годзе. Прэзідэнтам нашай краіны пастаўлены дакладныя задачы і вызначаны прыярытэты ў развіцці гэтай галіны. Наша з вамі задача – забяспечыць выкананне даведзеных паказчыкаў.
Нам неабходна таксама прадоўжыць работу па развіцці жывёлагадоўлі: атрымаць малака 54 тысячы тон і 6,2 тысячы тон мяса з наступнай яго рэалізацыяй. Дзеля выканання рэспубліканскай праграмы авечкагадоўлі за кошт сродкаў СВК “Хвінявічы” плануецца закупіць 400 галоў авечак.
Перад прадпрыемствамі перапрацоўчай галіны таксама стаяць задачы выканання асноўных паказчыкаў на 2015 год, павышэння прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці прадукцыі.
Упэўнены, што мы разам абавязкова даб’ёмся поспехаў і выканаем пастаўленыя перад намі задачы. Віншую ўсіх са святам! Жадаю моцнага здароўя, новых поспехаў і, вядома ж, багатых ураджаяў.
Шчыра дзякуючы за выніковую працу, старшыня райвыканкама ўручыў вялікай групе працаўнікоў сельскай гаспадаркі, перапрацоўчых прадпрыемстваў Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы, прэміі з пажаданнямі здароўя, шчасця, аптымізму, высокага прафесійнага майстэрства і новых працоўных поспехаў.
Да гэтых віншаванняў у час святочнай цырымоніі далучыліся член Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, галоўны рэдактар газеты “Гродзенская праўда” П. Сухарукаў, старшыня Дзятлаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК У. Казак, сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” А. Чурай, кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў В. Даўгач (спіртзавод), Я. Варган (льнозавод), І. Рэгіневіч (крухмальны завод), начальнік РКЦ №22 у Дзятлаве філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”-Гродзенскае абласное ўпраўленне С. Клімко, галоўны інжынер сырзавода В. Болцік. Яны ўручылі лепшым працаўнікам, актывістам прафсаюзнага руху, актывістам грамадскіх аб’яднанняў граматы, прэміі, каштоўныя падарункі.
Вялікую канцэртную праграму прысутным на свяце прапанавалі артысты Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ.