29 кастрычніка — Дзень работнікаў службы пазаведамаснай аховы

Падзеі

ГОДНА НЯСУЦЬ СЛУЖБУ, ЯКУЮ АБРАЛІ

У календары прафесійных датаў 29 кастрычніка пазначаны як Дзень работнікаў службы пазаведамаснай аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды карэспандэнтка газеты сустрэлася з начальнікам Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы падпалкоўнікам міліцыі Дзянісам Цумаравым, пацікавілася ў яго адметнасцямі службы, зменамі, якія адбываюцца ў ёй.
 — Штогод мы працуем на павышэнне якасці службы аховы. Цяпер мы абслугоўваем 259 аб’ектаў, якія ахоўваюцца вартавой службай, міліцыяй, сродкамі ахоўнай сігналізацыі з падключэннем на пульт цэнтралізаванага назірання. Значная частка аб’ектаў, якія мы абслугоўваем, размешчаны ў Дзятлаве, Наваельні, Казлоўшчыне. Ёсць і шэраг прыватных дамоў, якія абсталяваны сігналізацыяй, у населеных пунктах раёна.

— А колькі цяпер чалавек працуе ў Дзятлаўскім аддзеле аховы?
— Больш за сто сорак чалавек.

— Ці папаўняюць калектыў маладыя спецыялісты?
— Так, папаўняюць. У бягучым годзе да нас на службу прыйшлі 2 маладыя супрацоўнікі. Яшчэ трое чалавек праходзяць падрыхтоўку ў вучэбным цэнтры Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Яны прыйдуць працаваць праз чатыры месяцы. А, увогуле, курс навучання ў цэнтры доўжыцца паўгода. Дарэчы, упершыню ў гісторыі Дзятлаўскага аддзеле аховы несці службу міліцыянера сюдзе прыйдзе дзяўчына — Вераніка Ільюхіна.

— Якія патрабаванні існуюць да тых, хто хоча прыйсці працаваць у службу аховы?
— Прэтэндэнт павінен мець добрае здароўе, фізічную падрыхтоўку, валодаць адпаведнымі маральна-дзелавымі якасцямі. Таксама ў яго біяграфіі не павінна быць парушэнняў закона. «Чыстую» біяграфію павінны мець і яго родныя.

— Дзяніс Міхайлавіч, а калі пачынаецца гісторыя службы аховы?
— Яна бярэ пачатак з 29 кастрычніка 1952 года. Тады была прынята пастанова Савета Міністраў СССР аб стварэнні пазаведамаснай аховы. Дзятлаўскі аддзел пазаведамаснай аховы пры Дзятлаўскім аддзяленні міліцыі пачаў дзейнічаць з 15 чэрвеня 1967 года. Размяшчалася яно ў будынку па вуліцы Кастрычніцкай, 83. Начальнікам аддзялення быў Міхаіл Васільевіч Карабанаў. Звесткі пра яго, яго першае пасведчанне сёння захоўваюцца ў абласным музеі службы аховы ў Гродне. Вядома, служба аховы тады і цяпер — зусім розныя. Цяпер нашы супрацоўнікі экіпіраваны ўсім неабходным, ды і праз даступныя сродкі сувязі могуць весці кантроль за станам сродкаў аховы. Тады ж людзям, якія працавалі ў вартавой службе, даводзілася хадзіць пешшу, ездзіць на веласіпедах.

— Дзяніс Міхайлавіч, назавіце імёны тых, хто працуе ў Дзятлаўскім аддзеле аховы ўжо шмат гадоў.
— Больш за 29 гадоў начальнікам аховы участку ў Наваельні працуе Аляксандр Дзедулька. Гэта супрацоўнік з вялікім вопытам работы, у якога многаму могуць павучыцца маладыя работнікі.

Вялікі стаж службы — у старшага інспектара вартавой службы, маёра Дзмітрыя Харошкі. Ён пачынаў служыць сяржантам, цяпер ужо маёр міліцыі.

— Дзяніс Міхайлавіч, штогод супрацоўнікі Дзятлаўскага аддзела аховы прымаюць удзел у міжгаліновых спартыўных спаборніцтвах. Як вынікова?
— У мінулым годзе наша каманда заняла другое месца ў чэмпіянаце Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь па самба, трэцяе месца — па лёгкаатлетычным кросе. Трэцяе месца мы таксама здабылі на чэмпіянаце па рукапашным баі. Цяпер мы зноў рыхтуемся да ўдзелу у падобным чэмпіянаце. Спадзяёмся на добрыя вынікі.

— Каго варта адзначыць напярэдадні прафесійнага свята?
— Лічу, што кагосьці аднаго выдзеліць немагчыма, паколькі ўсе людзі, якія працуюць у нас, годна і сумленна нясуць службу, якую абралі.

— Дзяніс Міхайлавіч, чаго пажадаеце калегам у сувязі з іх прафесійным святам.
— Найперш — здароўя, таксама мірнага неба і спакойных начэй.

ТАМАРА ЦЯРЭШКА. БУХГАЛТАР І ПРАФСАЮЗНЫ ЛІДАР

37 гадоў бухгалтарам у Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь працуе Тамара Канстанцінаўна Цярэшка. Шматгадовая і сумленная праца жанчыны неаднаразова адзначалася ўзнагародамі, у ліку якіх ёсць Падзячнасць Дэпартамента аховы МУС Рэспубліки Беларусь.

У Дзятлаўскі аддзел аховы Тамара Канстанцінаўна прыйшла адразу ж пасля заканчэння Ашмянскага сельскагаспадарчага тэхнікума. А вось практычны вопыт работы яна пераймала ад Яніны Віктараўны Сцепанішчавай, тагачаснага галоўнага бухгалтара аддзела аховы, узначальваў якое Станіслаў Станіслававіч Казакевіч.

Увогуле, за трыццаць сем гадоў у аддзеле аховы змяніліся шэсць начальнікаў, кожны з якіх быў выдатным чалавекам і кіраўніком. Добрых словаў заслугоўвае і калектыў аддзела аховы ў цэлым, паколькі гэтая акалічнасць і дазволіла Тамары Канстанцінаўне застацца працаваць тут на доўгія гады. Хаця прапановы памяняць месца працы былі.

Тамара Канстанцінаўна — не толькі бухгалтар са шматадовым стажам, яна яшчэ і прафсаюзны лідар Дзятлаўскага аддзела аховы. На пасадзе старшыні прафкама — ужо дваццаць гадоў. У верасні бягучага года калектыў зноў абраў Тамару Канстанцінаўну кіраўніком прафсаюзнага камітэта, тым самым выказаўшы ёй давер як чалавеку і як супрацоўніку.

Расказваючы аб прафсаюзным жыцці, Тамара Канстанцінаўна ўзгадвае калектыўныя падарожжы. Сёлета гэта паездка на лінію Сталіна, у мінулым годзе — у Брэсцкую крэпасць, пазалетась — у Нясвіж і Мір. У планах, гаворыць жанчына, наведаць Беларускі дзяржаўны цырк, пабачыць яго новы будынак і новыя праграмы.

У асабістым жыцці Тамара Канстанцінаўна таксама аматар вандровак. У мінулым годзе разам з унучкай і сястрой яна наведала Крым, пазалетась з’ездзіла ў Адэсу.

У ліку захапленняў жанчыны — вырошчванне кветак, «дэкарыраванне» імі тэрыторыі ля дома, які часта наведваюць дзеці — а гэта сын Аляксандр і дачка Вольга, а таксама ўнучка Дар’я, якая ўжо вучыцца ў другім класе.

На пытанне аб жыццёвым крэда Тамара Канстанцінаўна адказвае, што не задумвалася над ім. Аднак па жыцці заўсёды імкнецца ісці з усмешкай і добрым настроем, дапамагаць і падтрымліваць іншых. Менавіта дабрыня, як лічыць жанчына, і з’яўляецца тым «тонусам», які дазваляе ўспрымаць жыццё аптымістычна. Гэтага Тамара Канстанцінаўна жадае і ўсім работнікам службы аховы ў сувязі з іх прафесійным святам, а таксама здароўя, бадзёрасці духу, поспехаў у цяжкай, але такой патрэбнай працы.

А. ДУБРОЎСКАЯ
А. ГОМАН



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *