Самавольнае будаўніцтва і яго наступствы

Падзеі

У апошні час жыхарамі горада Дзятлава і Дзятлаўскага раёна актыўна вядуцца будаўніцтва і рэканструкцыя жылых дамоў, гаспадарчых пабудоваў з абсталяваннем іх цэнтралізаваным ацяпленнем, водаправодам, каналізацыяй, цэнтралізаванай падачай газу. Жаданне ўладкаваць сваё жыллё, стварыць годныя сучасныя ўмовы пражывання для сябе і сваіх блізкіх уласціва амаль кожнаму чалавеку. Але пры ажыццяўленні сваіх будаўнічых планаў можна без злога намеру трапіць у непрыемную сітуацыю, якая не толькі даставіць шмат клопатаў, але і прывядзе да значных фінансавых затратаў.

Адно з асноўных парушэнняў, з якім часцей за ўсё сутыкаецца забудоўшчык, — гэта самавольнае будаўніцтва. Згодна з артыкулам 223 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пад самавольным будаўніцтвам трэба разумець дзейнасць асобы па стварэнні або змене нерухомай маёмасці шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі (прыбудовы, надбудовы, перабудовы) капiтальнага будынка (будынка, збудавання), калi яна ажыццёўлена на самавольна занятым зямельным участку, на зямельным участку, выкарыстаным не па мэтавым прызначэнні, без атрымання неабходных дазволаў на будаўніцтва, рэканструкцыю або без праектнай дакументацыі ў выпадках, калі неабходнасць яе падрыхтоўкі прадугледжана заканадаўствам, альбо з істотнымі парушэннямі горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў і правілаў.

Нерухомая маёмасць, створаная ў выніку самавольнага будаўніцтва, з’яўляецца самавольнай пабудовай.
Самавольнае будаўніцтва павінна быць неадкладна прыпынена.

Асоба, якая ажыццявіла самавольнае будаўніцтва, не набывае права ўласнасці на самавольную пабудову і не мае права карыстацца і распараджацца самавольнай пабудовай — прадаваць, дарыць, здаваць у арэнду, здзяйсняць іншыя здзелкі.

Для любога будаўніцтва ў першую чаргу неабходна мець зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку зямельны ўчастак. Права ўласнасці або пажыццёвае спадчыннае валоданне на зямельны ўчастак павінна пацвярджацца пасведчаннем аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў дачыненні да зямельнага ўчастка або дзяржаўным актам на зямельны ўчастак. Ажыццяўляць будаўніцтва на зямельным участку, які не мае дзяржаўнай рэгістрацыі, забаронена. Самавольная пабудова ў гэтым выпадку падлягае зносу.

Калі ў забудоўшчыка праваўстанаўліваючыя дакументы на зямельны ўчастак аформлены ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, нельга карыстацца правілам, што зямля мая: як хачу, так і будую, што нярэдка і адбываецца. Размяшчэнне пабудоваў на прадастаўленым зямельным участку рэгламентуецца рознымі нарматыўнымі актамі. Пры гэтым улічваюцца горадабудаўнічыя, будаўнічыя, супрацьпажарныя, санітарныя і іншыя нормы. Сам забудоўшчык не ў сілах разабрацца і ўлічыць усе нюансы. Пабудова, збудаваная з істотнымі парушэннямі горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў і правілаў, падлягае зносу.

Для вызначэння магчымасці размяшчэння той ці іншай пабудовы ўладальнік зямельнага ўчастка павінен звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган па дазвол на праектаванне і будаўніцтва альбо рэканструкцыю. Гэты дазвол выдаецца заяўніку бясплатна.

Пасля атрымання дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа забудоўшчык звяртаецца ў любую праектную арганізацыю, якая на платнай аснове вырабіць праектную дакументацыю і ўзгодніць яе ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Менавіта праектам будзе прадугледжана размяшчэнне пабудовы ў адпаведнасці з жаданнем забудоўшчыка і патрабаваннямі горадабудаўнічых, будаўнічых і іншых нормаў і правілаў.

Толькі пры наяўнасці дазволу на будаўніцтва і праектнай дакументацыі, узгодненай ва ўстаноўленым парадку, можна прыступаць да будаўніцтва.

Калі ў працэсе будаўніцтва забудоўшчык вырашыў нешта змяніць у сваёй пабудове, то гэтыя змяненні спачатку неабходна адкарэктаваць у дазваляючай і праектнай дакументацыі, вызначыўшы магчымасць дадзеных змяненняў у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. У гэтым выпадку давядзецца зноў ісці да чалавека, які займаецца праектнай дакументацыяй, паколькі пры істотных адхіленнях ад распрацаванага праекта пабудова набудзе статус самавольнай.

Калі ж так адбылося, што ўласнік участка без дазваляючай і праектнай дакументацыі ўзвёў самавольную пабудову, заканадаўствам прадугледжана працэдура яе ўзаконьвання.

У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку прыняцця рашэнняў па самавольных пабудовах, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22.12.2007 №1802, пастаянна дзеючая камісія, створаная мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па заяве забудоўшчыка, правядзе абследаванне самавольнай пабудовы.

Пры абследаванні самавольнай пабудовы камісія звяртае ўвагу на яе размяшчэнне ў адносінах да іншых будынкаў, тэхнічны і эстэтычны стан, стан сістэмаў ацяплення, электразабеспячэння, водазабеспячэння, каналізацыі.

Па выніках работы камісіі складаецца акт агляду самавольных пабудоваў, у якім прапісваецца магчымасць захавання самавольнай пабудовы альбо, пры істотных парушэннях горадабудаўнічых, будаўнічых, супрацьпажарных і санітарных нормаў і правілаў, самавольная пабудова падлягае зносу. На падставе акта камісіі мясцовы выканаўчы камітэт прымае рашэнне, якім дазваляецца рэгістрацыя пабудовы, альбо ўстанаўліваюцца тэрміны, у якія самавольная пабудова павінна быць знесена.

Асоба, якая ажыццявіла самавольнае будаўніцтва, прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 21.12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У адпаведнасці з вышэйуказаным артыкулам, самавольнае будаўніцтва караецца штрафам у памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічыняў, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дваццаці да ста базавых велічыняў, а на юрыдычную асобу — да пяцісот базавых велічыняў.

Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і факт выплаты штрафу асобай, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, не з’яўляецца падставай для ўзаконьвання самавольнай пабудовы.

Для атрымання кансультацыі па пытаннях будаўніцтва і рэканструкцыі вы можаце звяртацца ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта (г. Дзятлава, вул. Леніна, 18, 3-і паверх, кабінет 302. Кантактны тэлефон: 8-01563-2-13-23, 6-01-70).

А. ЛАТУШКА,
начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *