Газеце «Перамога» — 70 гадоў

Падзеі

21 верасня 1944 года – дата выхаду першага нумара газеты пасля вайны. У той час раённая газета, як калектыўны прапагандыст і арганізатар, натхняла сваімі палымянымі словамі людзей на дапамогу Чырвонай арміі ў разгроме германскага фашызму, заклікала дзятлаўчан на ўдарную працу па аднаўленні разбуранай гаспадаркі, павелічэнні сельгаспрадукцыі, продажы яе дзяржаве.

На старонках газеты таго часу друкаваліся такія заклікі: “Усё для фронту”, “Усё для перамогі над ворагам”, “Чырвонай Арміі – больш хлеба, мяса і малака”, “Што ты зрабіў для перамогі над германскім фашызмам”. У той час газета друкавалася ў Навагрудку, спачатку на дзвюх палосах, перыядычнасцю два, а потым тры разы на тыдзень, тыражом крыху больш за тысячу экзэмпляраў. Рэдактарам яе быў Міхаіл Пятровіч Жураўлёў.

Пасля вайны, у 1945 годзе, газету перайменавалі ў “Сцяг Камунізму”. Рэдактарам працаваў Фелікс Станіслававіч Станішэўскі.

З красавіка 1952 года яна выходзіць на чатырох палосах, тры разы на тыдзень. Да 1952 года газета была органам Дзятлаўскага раённага камітэта КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Баранавіцкай вобласці.

8 студзеня 1954 года на падставе пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Дзятлаўскі раён увайшоў у склад Гродзенскай вобласці. Газета перастала выдавацца з 25 снежня 1962 года.

6 студзеня 1965 года быў зноў утвораны Дзятлаўскі раён. Рэдакцыя Дзятлаўскай раённай газеты пачала працаваць з 29 сакавіка 1965 года. Выданне набіралася ўручную, пазней лінатыпам і друкавалася на плоскадрукавальнай машыне ў Дзятлаўскай раённай друкарні. Рэдактарам газеты быў Рыгор Пятровіч Кавальчук.

У 1979 годзе рэдактарам газеты “Перамога” прызначаны Станіслаў Дзмітрыевіч Барысаў, з 1987 па 2005 год — Іван Антонавіч Кіслы.

У розны час шмат зрабілі для газеты, яе папулярызацыі Уладзімір Васько, Валянціна Смірнова, Васіль Пранкевіч, Мікалай Сакольчык, Мікалай Янушкевіч, Міхаіл Бабок, Леанарда Юргілевіч, Мікалай Жыхар, Мечыслаў Трахімовіч, Раман Шэўка, Аркадзь Кур’ян, Святлана Мурына, Аркадзь Брындо, Уладзімір Томчык, Аляксандр Карпук, Людміла Трафімовіч, Алена Абрамчык, Іосіф Заяц, Аляксандр Осіпаў, Марына Лявошка, Дзмітрый Ягораў, Ганна Лях, Аляксандр Ляўкевіч, Марыя Стракоўская, Алена Дзікалава, Наталля Сціслевіч, Ала Волкава, Надзея Трахімовіч, Віталь Аляхновіч.

Калектыў рэдакцыі на працягу ўсёй сваёй гісторыі ўносіў і ўносіць пэўны ўклад у жыццё раёна, у выкананне планаў і праграм, інфармаванне чытачоў аб найбольш значных падзеях, аб добрасумленных працаўніках і знакамітых земляках.

Больш як за 70 гадоў свайго існавання газета “Перамога” змянілася непазнавальна: ад першай дзвюхпалоскі – да сённяшняй, аб’ёмам – 8 старонак па серадах і 12 – па суботах, якая робіцца з дапамогай самай сучаснай камп’ютарнай тэхнікі. Друкуецца газета ў Лідскай друкарні, дастаўляецца аўтатранспартам Лідскага вузла паштовай сувязі. Тыраж раёнкі пастаянны – больш за чатыры тысячы экзэмпляраў. У перспектыве і планах рэдакцыі пераход на пашыраны фармат друку, выпуск газеты ў каляровым афармленні. Але нязменным застаецца адно, самае галоўнае прызначэнне газеты: быць патрэбнай людзям, нашым чытачам.

А. КУДЗІНАЎ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *