У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Дню работнікаў лесу, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, арганізацый Дзятлаўшчыны, працоўны калектыў Дзятлаўскага лясгаса.
Словы віншавання і ўдзячнасці ў адрас калег выказаў дырэктар арганізацыі Сяргей Дурко:
– Усе, хто прыйшоў працаваць у лясную галіну і застаўся верным свайму выбару, – сапраўдныя героі. Тут знаходзяцца людзі, шчыра адданыя сваёй справе. Місія зберагчы і з розумам распарадзіцца прыродным багаццем ляжыць на плячах усіх, хто выбраў гэту няпростую, але дастойную прафесію. І сёння мы – каманда прафесіяналаў, здольная аператыўна і якасна вырашаць пастаўленыя задачы, разам пераадольваць цяжкасці, якія ўзнікаюць на прафесійным шляху. Выказваю вам падзяку за працавітасць, адказнасць і сумленнасць. Шчыра жадаю моцнага здароўя, невычэрпнай жыццёвай энергіі, шчасця, міру, дабра вам і вашым блізкім. Са святам!
Сяргей Віктаравіч уручыў узнагароды работнікам лясгаса. Грамату Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь – вадзіцелю аўтамабіля на вывазцы лесу Івану Мясаеду, падзяку Міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь – машыністу тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны Дзмітрыю Калодку, граматы Гродзенскага ДВЛГА – інжынеру па лесакарыстанні Анастасіі Ермаковіч, лесаводу Казлоўшчынскага вопытнага лясніцтва Андрэю Місніку, сертыфікат аб занясенні на Дошку гонару Гродзенскага ДВЛГА – слесару па рамонце аўтамабіляў Аляксандру Жылко.
Павіншаваў работнікаў лесу з надыходзячым прафесійным святам старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:
– Лес для нашай краіны з’яўляецца асноўным рэсурсам. 41 % тэрыторыі Дзятлаўшчыны заняты лясамі. Ваша праца заўважна не кожнаму, аднак яна надзвычай няпростая і карпатлівая. Пачынаецца ад маленькага насення і расточка, а заканчваецца глыбокай перапрацоўкай драўніны. Лясная гаспадарка – гэта праца людзей розных прафесій. У гэты святочны дзень хачу пажадаць кожнаму з вас, каб ніякія стыхіі не ўносілі карэктывы ў вашу работу, каб яна была планавай, сістэмнай і выніковай. Жадаю вам і вашым сем’ям добрага надвор’я, шчасця, мірнага неба, дабрабыту і моцнага здароўя.
Кіраўнік раёна ўручыў работнікам лясной галіны заслужаныя ўзнагароды.
Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны начальнік пажарна-хімічнай станцыі Дзмітрый Гульнік, спецыяліст па арганізацыі закупак Таццяна Васько, падзячнымі лістамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – інжынер па маркетынгу Дзмітрый Лагун, трактарыст на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Ігар Курман.
Павіншаваць работнікаў лесу з прафесійным святам прыйшлі маленькія памочнікі – удзельнікі дашкольнага лясніцтва з дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава. Яны падарылі старэйшым калегам відэаролік і сувеніры. Узамен адміністрацыя Дзятлаўскага лясгаса таксама аддзячыла іх прыемнымі сюрпрызамі.
З нагоды свята ўзнагароды Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання ўручыла старшыня прафкама Дзятлаўскага лясгаса Алена Свораб.
Ганаровыя граматы Дзятлаўскага лясгаса калегам уручыў галоўны ляснічы Канстанцін Дзісько.
Музычныя падарункі гасцям свята дарылі Сяргей Малышчык, Ганна Харлінская, Марына Міхалоўская, Марына Варган, Анастасія Клімец, Іна Анушкевіч, ВІА “Гарачыя сэрцы”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga