Тры пакаленні ў адзіным страі

Важнае Спорт і турызм

На Дзятлаўшчыне прайшла грамадска-турыстычная акцыя “Час быць разам”, прысвечаная Дню народнага адзінства.

Яна аб’яднала тры пакаленні – людзей пенсійнага ўзросту, прадстаўнікоў працоўных калектываў і вучняў школ горада Дзятлава.

Турыстычны прабег стартаваў каля помніка Іосіфу Філідовічу, які ў часы Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна, цаной свайго жыцця ўратаваўшы партызанскі шпіталь. Ад гэтым нагадала экскурсавод Алена Абрамчык.

Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда павітаў удзельнікаў мерапрыемства:

– Прыемна, што ў акцыі ўдзельнічаюць людзі рознага ўзросту, аб’яднаныя патрыятызмам і любоўю да роднага краю. Сёння ў вас ёсць магчымасць дакрануцца да гераічнай і трагічнай гісторыі Дзятлаўшчыны, магчыма, даведацца нешта новае для сябе, зразумець, чаму нам усім важна быць адзінымі і дружнымі.

Удзельнікі патрыятычнай акцыі праехалі па веламаршруце “Партызанскай сцяжынай па Ліпічанскай пушчы”, наведалі месцы гібелі мірных жыхароў раёна, ушанавалі іх памяць, усклалі кветкі да помнікаў і пахаванняў.

Фінальнай кропкай маршруту стаў партызанскі шпіталь у Ліпічанскай пушчы, на месцы якога нашы землякі ўзвялі ўваходную групу з цэльнага бруса ў форме зоркі ў памяць аб подзвігу савецкіх салдат і партызан.

Удзельнікі акцыі падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Ала Кучынская, наведвальніца хору “Ветэраны ў страі” клуба “Нам гады не бяда”:

– Разам з сяброўкамі з клуба мы шмат падарожнічаем, бачылі розныя куточкі Беларусі. Былі і ў розных куточках Дзятлаўшчыны, але па такім маршруце я еду ўпершыню. Усё вельмі спадабалася, дзякуй арганізатарам. Пачула ад экскурсавода кранальны аповед пра часы Вялікай Айчыннай вайны, даведалася нешта новае, хоць і шмат чула раней ад сваёй любімай мамачкі Вольгі Кучынскай. Яна жыла ў Малой Волі, бачыла ўсе падзеі тых страшных гадоў, аказвала дапамогу партызанам. З задавальненнем назірала сёння за маладымі людзьмі, іх шчырай цікавасцю да гісторыі сваёй зямлі.

Святлана Дзяхцевіч, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства:

– Удзел у патрыятычных мерапрыемствах разам са сваімі калегамі я прымаю пастаянна. Гэта збліжае людзей, мы становімся адзіным цэлым. Сёння моцна адчуваецца сувязь пакаленняў, мы разам пазнаём новае, перажываем эмоцыі, пранікаемся гісторыяй. Лічу, што такіх акцый павінна праходзіць больш: важна тлумачыць, расказваць нашым дзецям і ўнукам праўдзівую гісторыю, каб яны ў будучым не рабілі непапраўных памылак.

Ганна Сіневіч, Кацярына Кібінь, навучэнкі 9 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава:

– Мы ўдзячны за магчымасць разам з дарослымі яшчэ больш даведацца пра лёс нашай малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адна справа – вывучаць гісторыю на ўроках, хоць яны і вельмі цікавыя ў нас, а зусім іншая – пабываць на месцы падзей, паслухаць аповед пра спаленыя вёскі Дзятлаўшчыны, адчуць боль тых гадоў, ускласці кветкі да магіл. У гэтым навучальным годзе мы будзем вывучаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны па гісторыі Беларусі, сённяшні экскурс нам у гэтым вельмі дапаможа.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga