Першыя крокі ў дарослае жыццё

Важнае Грамадства

23 мая ў Лідзе адбылося маштабнае свята – рэспубліканскі “Апошні званок” з удзелам выпускнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі.

Урачыстасць ладзілася пад дэвізам “Стварэнне ў імя будучыні” і была прысвечана Году міру і стварэння.

На яе запрасілі па 100 адзінаццацікласнікаў са сталіцы, Брэсцкай, Гомельскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей і больш за 800 выпускнікоў Гродзеншчыны. Гэта былі выдатнікі, пераможцы алімпіяд, фестываляў, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, міжнародных чэмпіянатаў, лідары вучнёўскага самакіравання, валанцёры, дэпутаты моладзевага парламента. Мерапрыемствы рэспубліканскага “Апошняга званка” адбываліся ў Лідскім замку, лядовай арэне, таксама яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі на Кургане Неўміручасці.

Дзятлаўшчыну ў Лідзе прадставілі 4 выпускнікі: Данііл Івашэвіч з сярэдняй школы № 3 і Данііл Шуляк з гімназіі № 1 горада Дзятлава, а таксама навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы Ягор Пікта і Аляксандр Баковіч.

Яны дзеляцца сваімі ўражаннямі ад паездкі.

Данііл Івашэвіч:

– Свята было маштабным і вельмі спадабалася, бо арганізавана на высокім узроўні. Асаблівую ўрачыстасць лінейцы надало тое, што праходзіла яна ў Лідскім замку. Запомнілася выступленне міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца, які пажадаў нам поспехаў і акцэнтаваў увагу на далейшай рэалізацыі перадавых ідэй пры развіцці сістэмы адукацыі і навукі. Шмат прыемных сустрэч з сябрамі з іншых рэгіёнаў былі звязаны з маім ранейшым удзелам у фестывалях, конкурсах, навучаннем у Нацыянальным тэхнапарку. Уразілі наведванне Кургана Неўміручасці, святочны феерверк, канцэрт і асабліва дыскатэка ў Лядовым палацы. Апошні званок – гэта яшчэ і крок у дарослае жыццё. Я планую стаць спецыялістам у галіне інфармацыйных і камп’ютарных тэхналогій. У бліжэйшы час завяршаю работу па стварэнні 3D-мадэляў шахмат аб Ліпічанскай пушчы. Маім аднакласнікам і ўсім выпускнікам жадаю поспехаў у здачы экзаменаў і пры паступленні на выбраныя спецыяльнасці. Школьнікам раю смела ўключацца ва ўсе конкурсы, удзельнічаць у абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, бо гэта вельмі дапамагае ў развіцці асобасных якасцяў, рэалізацыі ідэй, а яшчэ дае льготы пры паступленні. Напрыклад, я ад Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка атрымаў рэкамендацыю наглядальнага савета для залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь без уступных выпрабаванняў.

Аляксандр Баковіч:

– Ганаруся тым, што змог трапіць у спіс паспяховых выпускнікоў 2023 года і паехаць на рэспубліканскае свята апошняга званка. У Лідзе мне вельмі спадабалася, яркія ўражанні пакінулі канцэртная праграма ў Лядовым палацы і салют, які завяршыў урачыстасць.Сустрэча атрымалася цікавай, запамінальнай, адметнай. Сваім равеснікам і ўсім выпускнікам нашай краіны я жадаю поспехаў, ніколі не спыняцца на паўдарогі і заўсёды даводзіць пачатыя справы да канца.

Данііл Шуляк:

– Быў вельмі рады, калі атрымаў запрашэнне на рэспубліканскі “Апошні званок”. Свята запомнілася сваімі маштабамі, яркімі момантамі і адметнымі выступленнямі. Больш за ўсё спадабаліся канцэрт і дыскатэка. Напрыканцы для нас быў арганізаваны святочны феерверк. Я ганаруся, што трапіў у лік найбольш паспяховых навучэнцаў Рэспублікі Беларусь. Упэўнены, што, каб дасягнуць поспехаў, трэба старанна працаваць. У сваім дарослым жыцці хачу стаць праграмістам, мару заснаваць уласную IT-кампанію.

Ад усяго сэрца жадаю нашай Радзіме далейшага росквіту і развіцця, міру і спакою. Няхай будучыня маіх равеснікаў, ды і ўсіх беларусаў наогул, будзе мірнай і светлай!

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі свята

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: