Першы экзамен здадзены

Важнае Грамадства

На базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава прайшоў цэнтралізаваны экзамен, які стаў для выпускнікоў першай прыступкай да паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

На Дзятлаўшчыне 84 чалавекі абралі ў якасці першага іспыту рускую мову і 36 – беларускую. Ці па сілах быў першы дзяржаўны экзамен, расказалі выпускнікі школ раёна.

 Паліна Загдай, навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава:

– Разам са сваімі аднакласнікамі я праходзіла ЦЭ па беларускай мове. У сваіх ведах была ўпэўнена, таму на гэты конт не хвалявалася. Другі год займаюся з рэпетытарам па ўсіх асноўных прадметах. Але было вельмі хвалююча пераносіць адказы ў экзаменацыйны бланк. Калі правільна не запоўніш дакумент, другой спробы ўжо не будзе. Дадавала хвалявання сама атмасфера строгасці і дысцыпліны. Праз тыдзень – наступны цэнтралізаваны экзамен, у мяне гэта будзе англійская мова, якую я грунтоўна вывучаю з 8 класа. Затым – цэлы месяц на падрыхтоўку да заключнага экзамену. Усім, хто будзе здаваць ЦЭ ў далейшым, хачу параіць рыхтавацца да яго загадзя, не адкладваючы на апошні год: дзясяты клас для таго каб атрымаць, веды, адзінаццаты – сістэматызаваць і замацаваць іх. На іспытах быць уважлівымі, спакойнымі і не губляць пазітыўны настрой.

Васіліна Міхалевіч, навучэнка Новаяльнянскай сярэдняй школы:

– На першы цэнтралізаваны экзамен я выбрала беларускую мову. Калі рыхтавалася, перажывала, як усё пройдзе. Заданні аказаліся не складанымі, падобныя мы выконвалі на рэпетыцыйным тэсціраванні і разбіралі ў школе. Думаю, я справілася. У час экзамену падрабязна і дэталёва нам растлумачылі працэдуру запаўнення бланкаў. Усе былі ветлівымі, добразычлівымі, супакойвалі і падбадзёрвалі нас, было камфортна. 21 мая мяне чакае экзамен па біялогіі. Спадзяюся, ён таксама пройдзе без праблем.

Анастасія Аляксеева, навучэнка Казлоўшчынскай сярэдняй школы:

– Я здала свой першы цэнтралізаваны экзамен па рускай мове. Асабіста я не адчувала моцнага хвалявання, але бачыла, што ў многіх школьнікаў ад напружання нават дрыжэлі рукі. Сам экзамен быў не надта складаным, усе заданні і пытанні  былі зразумелымі для мяне. У час экзамену кожны разлічвае толькі на сябе і свае веды. Нешта прасцейшае я рашала адразу, больш складаныя заданні пакідала на потым, каб добра абдумаць. Тое, што экзамен праходзіў не ў маёй роднай школе, а ў Дзятлаве, мне не перашкодзіла: у гэтай навучальнай установе мы былі не першы раз, тут жа праводзілі рэпетыцыйныя тэсціраванне і экзамен. Ніякіх новых парадаў для тых, хто будзе здаваць экзамен, я не дам. Трэба ўважліва вывучаць школьны матэрыял, рыхтавацца самастойна і працаваць з педагогамі. Хачу паступаць на юрыдычны факультэт, таму ў далейшым мяне чакаюць экзамен па грамадазнаўстве і тэсціраванне па англійскай мове.

Першы этап пераадолены, але расслабляцца школьнікам рана. Наперадзе – яшчэ адзін ЦЭ. Вынікі цэнтралізаванага экзамену па рускай і беларускай мовах стануць вядомыя не пазней як праз 10 рабочых дзён. Усім, хто атрымае бал, вышэйшы за нуль, выдадуць сертыфікат, у якім выставяць адзнаку па 100-бальнай шкале. Для атэстата яе перавядуць у 10-бальную. Сертыфікат цэнтралізаванага экзамена будзе сапраўдны два гады.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga