Пад знакам Чырвонага Крыжа

Важнае Грамадства

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа, які праходзіць у Беларусі з 8 мая па 1 чэрвеня, на Дзятлаўшчыне прайшоў брыфінг маладых валанцёраў гэтага аб’яднання і раённага клуба “Мы разам!” з сярэдніх школ № 3, № 1 і гімназіі № 1 горада Дзятлава.

Ён ладзіўся ў фармаце класнай гадзіны з сімвалічнай назвай “Пад знакам Чырвонага Крыжа”. Навучэнцы ўзгадалі гісторыю ўзнікнення гэтага міжнароднага руху, даведаліся, што яго актыўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца тыя, для каго міласэрнасць і гуманнае стаўленне да чужых пакут стала асноўным жыццёвым прынцыпам.

Затым маладыя валанцёры паўдзельнічалі ў віктарыне “Правільна – няправільна” на веданне асноўных прынцыпаў аб’яднання і фактаў, з ім звязаных. Для больш практыкаарыентаванага падыходу дзецям былі прапанаваны праблемныя сітуацыі і дадзена заданне знайсці найбольш аптымальны выхад з іх. Паўдзельнічалі добраахвотнікі і ў тэсце “Наколькі вы памяркоўныя?”.

– Чырвоны Крыж стаў сімвалам грамадства, якое аказвае дапамогу ахвярам няшчасных выпадкаў, эпідэмій, стыхійных бедстваў, войнаў. Гэта знак шчырага і бескарыслівага служэння людзям. Стаўшы на гэты шлях, вы, валанцёры, павінны быць неабыякавымі і актыўнымі, – падвяла вынікі брыфінга каардынатар раённага клуба “Мы разам!” і валанцёр раённага аб’яднання Ірына Мішчанка.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga