Ёсць у гісторыі нашай вялікія даты…

Важнае Грамадства

8 мая ў аграгарадку Гезгалы праходзіць свята, прысвечанае 78-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, з сімвалічнай назвай “Пад яркім салютам Вялікай Перамогі”.
Пачалося яно з мітынгу “Героям вайны прысвячаецца”, які быў арганізаваны каля абеліска, дзе сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, вайскоўцы, школьнікі, жыхары.

– З кожным днём усё менш застаецца сведкаў той страшнай вайны, якая адгрымела 78 гадоў таму, – адкрыў урачыстасць старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык. – На жаль, на тэрыторыі сельсавета жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай ужо не засталося. Наша асноўная задача: памятаць людзей, якія аддалі свае жыцці за нашы свабоду, шчаслівае жыццё і мірнае неба, бо, калі забудзем – нашчадкі нам не даруюць. Мы бачым, што там, дзе забываюць мінулае, зноў пачынаюцца войны, уздымаюць галовы неанацысты. Наша мэта – захоўваць гістарычную памяць у стагоддзях.

– Заўтра мы адзначым самае светлае і сапраўды ўсенароднае свята – Дзень Перамогі, а таму павінны ведаць, хто падарыў нам мір, – прадоўжыў тэму ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. – Сёння я звяртаюся да маладога пакалення: вы стваральнікі будучыні. Мы, старэйшае пакаленне, павінны данесці да вас усе боль і трывогу, якія параджае вайна. Жадаю ўсім міру, здароўя, дабрабыту, стваральнай працы на карысць Беларусі.

Пранікнёнымі былі і выступленні прадстаўнікоў мудрага пакалення – старшыняў ветэранскіх арганізацый.

– Усё больш часу аддзяляе нас ад таго светлага майскага дня, калі прагучала слова “перамога”, – звярнуўся да прысутных старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл Аляксандр Волкаў. – Савецкі Саюз неймавернымі намаганнямі, цаной мільёнаў жыццяў адстаяў не толькі свабоду і незалежнасць, але і змог зламаць хрыбет фашызму і вызваліць Еўропу ад фашысцкага ярма. Супраць нас ваявала не толькі Германія, нам аб’явілі вайну многія іншыя краіны, але нашы дзяды перамаглі. Мы павінны памятаць, што менавіта яны ўзнялі сцяг Перамогі і распісаліся на Рэйхстагу, пра гэта трэба расказваць дзецям і перадаваць эстафету памяці наступным пакаленням.

– Вялікую Перамогу савецкія салдаты здабывалі доўгія 1418 дзён і начэй, – звярнуўся да фактаў гісторыі старшыня РГА “Ветэраны ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння” Іван Кірычэнка. – Перад нападам на Савецкі Саюз Гітлер загадаў ваенным начальнікам, каб сцерлі савецкі народ з карты свету. Быў створаны план “Ост” – аб перавазе арыйскай расы над усімі іншымі. Нам быў падрыхтаваны лёс рабоў. Гэтыя тэрыторыі меркавалі засяліць немцамі, а пэўную колькасць славян пакінуць у якасці абслугоўваючага персаналу. Найбольшыя страты панесла Беларусь, бо заўжды была “прахадным дваром” для захопнікаў. Беларусы супраціўляліся з усіх сіл: ваявалі на франтах, у партызанскіх атрадах, падполлі, аднак загінуў кожны трэці, у тым ліку і мірнае насельніцтва. Перамога і незалежнасць даліся нашым продкам дарагой цаной, таму наша задача – захаваць іх і зберагчы Радзіму. Для гэтага маем усё неабходнае, у тым ліку сучаснае ўзбраенне.

Узгадалі прысутныя і аб тым, што ў гады ваеннага ліхалецця на Дзятлаўшчыне было нямала герояў. У пацвярджэнне факта верш уласнага сачынення пра ліпічанскага Сусаніна, нашага земляка Іосіфа Філідовіча, прачытала мясцовая паэтка Вера Хрышчановіч.

Не менш кранальным было выступленне навучэнцаў Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Памяць загінулых удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да абеліска.
Яшчэ адной важнай падзеяй святочнага дня стала сумесная закладка алеі Памяці ў гонар ветэранаў войскаў стратэгічнага прызначэння. Прыняць удзел у працоўным дэсанце і пасадзіць маладзенькія туі гезгальцы выйшлі цэлымі сем’ямі. Дзякуючы іх намаганням, цяпер аграгарадок упрыгожваюць 30 дэкаратыўных дрэўцаў.

Урачыстасці прадоўжыла праграма “Песні, з якімі мы перамаглі”.
Вечарам чакаюцца выстава работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці, інтэрактыўнае шоу студыі роставых лялек, у тым ліку Міланы Хаметавай, “Яркае свята для ўсіх”, канцэрт “Памятае сэрца, не забудзе ніколі” і феерверк.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga