Ніна Стэльмах сустрэла 90-ю вясну

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вёска Ахонава прыбралася ў свежую далікатную зеляніну і вітае праязджаючых першай квеценню садоў.

У такі прыгожы вясновы дзень 90 гадоў таму на свет з’явілася наша шаноўная зямлячка Ніна Стэльмах (у дзявоцтве Рудзік), якая большую палову жыцця прысвяціла менавіта вёсцы Ахонава, а таму кожны мясцовы жыхар яе добра ведае і паважае.

Не прамінулі важкую дату заслужанай зямлячкі і ў Данілавіцкім сельвыканкаме. Яго старшыня Ганна Жых разам з фальклорнай групай “Суседачкі” мясцовага дома культуры з кветкамі і падарункамі паспяшаліся на адрас юбіляркі.

– Ніна Мікалаеўна, дарагі наш чалавек, прымайце самыя шчырыя віншаванні з прыгожай асабістай датай ад землякоў і калектыву Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта, – адрасавала цёплыя словы імянінніцы Ганна Жых. – Мы ведаем вас як чулую, добрую, спагадлівую жанчыну. Асабіста мне пашчасціла быць знаёмай з вашай сям’ёй: Анастасія Мікалаеўна вучыла мяне працаваць на пасадзе, пастаяннай памочніцай была і Соф’я Мікалаеўна. Таму заўсёды прыемна заязджаць у ваш дом, дзверы якога гасцінна адкрыты. Не кожнаму наканавана дажыць да такога шаноўнага, як у вас, узросту. Мяркую, на гэта Божая воля. Вы ніколі не крыўдзілі людзей, і яны адгукваюцца пра вас выключна станоўча. Вы дбайная гаспадыня, цудоўная маці, якая дала пуцёўку ў вялікае жыццё двум паспяховым сынам, клапатлівая бабуля, шчырая працаўніца. Ваш партрэт неаднаразова знаходзіўся на Дошцы гонару. Ад усяго сэрца землякі жадаюць вам моцнага здароўя і каб яшчэ доўгі час вы сустракалі сваіх дзяцей на парозе бацькоўскай хаты, падтрымлівалі іх мудрымі парадамі, заставаліся клапатлівай ахоўніцай сямейнага ачага.

Удачы, радасці, дабрабыту і невычэрпнай энергіі пажадалі імянінніцы работніцы культуры і выказалі спадзяванне завітаць да яе яшчэ і на соты юбілей.

Адметным падарункам для Ніны Стэльмах стала Падзяка сельвыканкама да 90-годдзя з надпісам-пажаданнем: “бадзёрасці, сілы духу, надзеі, здароўя, фізічнага і душэўнага цяпла, павагі блізкіх людзей, удачы, радасці, дастатку, энергіі”.

Віншаванняў у гэты дзень дачакалася і былая настаўніца, стараста вёскі Клішавічы Соф’я Чэрнік. Соф’я Мікалаеўна – родная малодшая сястра Ніны Стэльмах. Так ужо супала, што паміж іх днямі нараджэння розніца ў восем гадоў і адзін дзень. Таму на сямейным календары сясцёр даты 25-26 красавіка пазначаны чырвоным колерам.

Вылучыўшы хвілінку паміж віншаваннямі і цёплымі размовамі з гасцямі, Ніна Мікалаеўна ўзгадала некаторыя факты сваёй багатай на падзеі і выпрабаванні біяграфіі.

– Нарадзілася я ў вёсцы Клішавічы. У сям’і бацькоў гадаваліся чацвёра дзяўчынак. Жылося нам няпроста, бо на ногі ставіла адна матуля. Бацьку ў час Вялікай Айчыннай вайны забілі ворагі. Мне тады ішоў дзявяты гадок. Тата працаваў на чыгунцы. Аднойчы ў Яцуках яго ў бункер паклікалі немцы. Што там адбывалася далей – невядома, бо з таго дня ён знік без вестак. Матуля дзевяць месяцаў запар шукала, нават адважылася з’ездзіць у турму. Толькі калі фашыстаў прагналі, мама знайшла тату закапаным на станцыі і перапахавала. Гадаваць нас дапамагала бабуля, сваякі. Матуля хадзіла працаваць да людзей, каб затым яны прыйшлі нам пакасіць ці ўзараць поле.

З-за жыццёвых цяжкасцяў і пасляваеннай беднасці Ніна змагла скончыць усяго 5 класаў. Напрыканцы апошняга года навучання яна моцна застудзілася, бо не мела абутку, цяжка захварэла, дактары на яе ўжо махнулі рукой. Аднак лёсам дзяўчынцы было наканавана пражыць доўгае жыццё, шчасліва выйсці замуж. Чатырнаццацігадовым падлеткам літаральна за зіму яна здолела ў швачкі-полькі вывучыцца кравецкаму майстэрству, дапамагаць сваёй сям’і запатрабаваным рамяством.

Са сваім будучым мужам, таксама сіратой, Іванам Стэльмахам Ніна сустрэлася на вясковых танцах. Яны абодва былі яшчэ зусім юнымі – па дваццаць гадоў. Хутка малады чалавек зрабіў прапанову рукі і сэрца, і доўгія 64 гады Іван Іванавіч і Ніна Мікалаеўна прайшлі па жыцці поруч, раздзяляючы на дваіх шчасце і выпрабаванні. Спачатку яны жылі на хутары пад Боцкавічамі. Ніна Мікалаеўна 8 гадоў працавала ў калгасе. Затым як швачку яе паклікалі на работу ў павільён у Ахонава. У гэтай вёсцы маладая сям’я набыла сабе дом. Ніна Мікалаеўна працавала старанна і спорна, заўсёды была ў перадавіках. Яна шыла пад заказ амаль усё, нават паліто, пакупнікі былі ўдзячны за прыгожыя абноўкі.

Годнымі людзьмі Стэльмахі выгадавалі двух сваіх сыноў. Віктар цяпер працуе выкладчыкам у Мінскім палітэхнічным універсітэце, Аляксандр – генеральны дырэктар аднаго са сталічных прадпрыемстваў. Ніна Мікалаеўна – шчаслівая бабуля і прабабуля, якую радуюць трое ўнукаў і двое праўнукаў. Усё сваё жыццё яна была дбайнай гаспадыняй і майстрыхай залатыя рукі: не толькі шыла, але і вязала на спіцах і кручком, вышывала. І сёння ў яе хаце нямала рукатворных упрыгажэнняў, якія аздабляюць сціплы вясковы інтэр’ер. Аднак сама доўгажыхарка лічыць, што яе галоўная заслуга – гэта добрыя адносіны да людзей, з якімі заўсёды імкнулася жыць у міры і згодзе. Сучаснай моладзі Ніна Стэльмах таксама жадае ўсяго найлепшага і каб жылі мірна, шанавалі адзін аднаго.

Ірына СТЫРНІК      

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: