Кветачкі – дарагія, або Што трэба ведаць пра першацветы

Грамадства Свежыя навіны

Першацветы – вельмі прыгожыя, але ўразлівыя расліны, таму многія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, збор іх забаронены.

У Дзятлаўскім раёне таксама растуць такія расліны: чарамша, арніка горная, любка зеленакветкавая, некера пёрыстая, прастрэл раскрыты, фамітопсіс ружовы, шаўкоўнік Каўфмана і іншыя.

Штогадовы масавы збор першацветаў у сакавіку-красавіку можа быць прычынай іх знікнення ў прыродзе. Асноўныя працэсы, якія забяспечваюць іх выжыванне, працякаюць пад зямлёй: у каранях, клубнях і цыбулінах. За невялікі час раслінам патрабуецца назапасіць пажыўныя рэчывы, неабходныя для наступнага года, паспявання і рассейвання насення. Зрываючы кветкі, мы не даём расліне сфарміраваць насенне для новых пакаленняў. Акрамя таго, яна слабее і можа загінуць.

Памятайце, што, купляючы першацветы, мы заахвочваем браканьераў, а збіраючы, самі становімся “кветкавымі” браканьерамі, бо губім іх.

Рэдкія расліны знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы: за збор чырванакніжных відаў у Рэспубліцы Беларусь прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 16.8 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях з накладаннем штрафу ў памеры ад 20 да 30 базавых велічыняў.

Акрамя таго, асобе, якая знішчыла дзікарослыя расліны, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, неабходна будзе пакрыць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, у памеры 5 базавых велічыняў за адну самавольна сарваную расліну, 100 базавых велічыняў – за знішчэнне адасобленага ўчастка такіх раслін.

Прадугледжана адказнасць і за гандаль дзікарослымі чырванакніжнікамі. У адпаведнасці з часткай 8 артыкула 13.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях штраф складзе ад 5 да 50 базавых велічыняў.

Любуйцеся вясновымі букетамі ў прыродзе, захоўваючы прыгажосць для будучых пакаленняў.

Дзмітрый БАЛЬКОЎСКІ,
начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga