Хто паклапоціцца пра жывых?

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне, як і па ўсёй Беларусі, з асаблівай увагай адносяцца да памяці памерлых продкаў.

Таму Радаўніца (а ў нашай мясцовасці Правадная нядзеля) – хіба што самае масавае мерапрыемства года, калі нават здалёку на малой радзіме збіраюцца сваякі.

Сёлета мы таксама прыехалі на могілкі ў Явар разам з дзецьмі і бацькамі, каб ушанаваць памяць памерлых, абнавіць кветкі, пакласці велікоднае яйка. Але, каб дайсці да месца, дзе на ўскрайку ляснога масіву пахаваны дзядуля і яго радня, давялося абысці ўнушальных памераў звалку. Зразумела, што ўтварылася яна не за адзін дзень (у маім дзяцінстве такой вялікай не помню). Тут ігліца і перапрэлае лісце, прыбранае з магіл, вянкі і нават адламаная стыхіяй галіна сасны, якая дапоўніла ўсю карціну.

Каб не судзіць перадузята, прайшла са “старых” могілак, што размешчаны наводшыбе, на “новыя” ў пошуках іншых звалак і кантэйнераў для смецця. Першых – немалая колькасць, другіх, на жаль, адшукаць не атрымалася. За агароджай могілак знайшлася толькі кантэйнерная пляцоўка, а на ёй… яшчэ адна груда смецця і папялішча: значыць, нехта спрабаваў сабранае смецце спаліць.

Што тут сказаць? І людзей апраўдаць складана: самі ж складзіруюць штучныя вянкі, кветкі ды лампадкі проста пад дрэвамі, абы чуць далей ад магілы. Некаторыя нават памінаюць памерлых тут жа не па царкоўным каноне, пра што сведчаць бутэлькі ад спіртных напояў. І можна зразумець, што могілкі старыя, у сельсавета шмат такіх аб’ектаў…

Можна доўга наракаць на людзей і знаходзіць апраўданні тым, хто не прымае крокі да вырашэння сітуацыі, пакуль не прыязджаеш у памятны дзень на могілкі і не бачыш землякоў, якія ўжо самі ў паважаным узросце, але ўсё адно кожны год прыходзяць здалёку даглядаць за магіламі. Бо больш няма каму гэта рабіць. Выносіць смецце або тым больш вывозіць яго цывілізаваным чынам у іх проста няма сіл і магчымасцяў.

Дык няўжо нерэальна хаця б раз на год арганізаваць транспарт і вывезці звалкі з могілак? А яшчэ лепш – паставіць у некалькіх месцах па пару кантэйнераў, каб тая бабулька ці дзядуля маглі выкінуць смецце па прызначэнні. Аб памерлых у нас ёсць каму паклапаціцца – дапамажыце жывым.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga