У храмах Дзятлаўшчыны ўзнеслася малітва за Беларусь

Важнае Грамадства

Сёння, 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у праваслаўных і каталіцкіх храмах раёна прагучала малітва за нашу Айчыну.

Праваслаўныя святары Дзятлаўскай царкоўнай акругі сабраліся на малітву ў саборы святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у райцэнтры. Богаслужэнне ўзначаліў благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель.

– Праваслаўная Царква штодзённа і нястомна моліцца за нашу Беларусь, каб міласцівы Гасподзь дараваў кіраўніцтву краіны мірнае праўленне і каб людзі праводзілі спакойнае, ціхамірнае жыццё ў набожнасці і чысціні. У гэты асаблівы дзень для нашай дзяржавы святары Дзятлаўшчыны сабраліся ў саборы разам з веруючымі людзьмі адзінымі вуснамі і сэрцам памаліцца, каб Бог падарыў нашай Беларусі яснае неба, а нас захаваў у адзінстве, бо ў адзінстве наша сіла, – адзначыў айцец Іаан.

Агульная малітва аб’яднала вернікаў усіх канфесій.

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула заклікаў прысутных не баяцца выпрабаванняў і цяжкасцяў, якія так часта сустракае чалавек, але якія былі і на шляху Езуса, Марыі і многіх святых. Пажадаў вернікам тварыць дабро, беражліва захоўваць дар жыцця, быць разам у любові да Айчыны, да роднай зямлі, людзей.

Завяршылася агульная малітва аб міры на беларускай зямлі і адзінстве народа святочным звонам.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga