На Дзятлаўшчыне працягваецца адкрыццё памятных аб’ектаў

Важнае Грамадства

Цырымоніі адкрыцця памятных аб’ектаў па ўвекавечанні памяці аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны працягваюцца на Дзятлаўшчыне.

Урачыстыя мерапрыемствы праходзяць у рамках шырокамаштабнага абласнога патрыятычнага праекта “Памяць. Адзінства. Перамога”, які рэалізуецца з нагоды святкавання юбілейнай даты – 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Праект скіраваны на захаванне гістарычнай памяці аб ваенных дзеяннях у час вайны і ўвекавечанне памяці яе герояў, ахвяраў, удзельнікаў.

Адным з накірункаў праекта з’яўляецца архіўна-даследчая работа па ўстанаўленні імёнаў, лёсаў, месцаў пахаванняў воінаў, а таксама мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечанне памяці аб іх.

Цырымоніі адкрыцця памятных аб’ектаў ужо прайшлі на тэрыторыі Дзятлаўскага, Жукоўшчынскага і Парэцкага сельсаветаў. Памятныя шыльды ўсталяваны на месцах гібелі ўдзельнікаў вайны ў вёсках Муляры, Зачэпічы, Яблынька, Чырвоны Бор.

 

Спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, раённага камітэта ГА “БРСМ”, раённай арганізацыці ГА “Беларускі саюз жанчын”, Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, старшыні сельсаветаў усталёўваюць на месцах гібелі ўдзельнікаў вайны памятныя шыльды, ускладаюць кветкі да памятных аб’ектаў, хвілінай маўчання ўшаноўваюць памяць аб загінулых.

8 мая чарговая цырымонія адкрыцця пямятнай шыльды адбылася па вуліцы Першамайскай у Дзятлаве.

Тут са снежня 1941 года і з ліпеня 1942 года знаходзілася яўрэйскае гета.

У памяць аб месцы яго размяшчэння, жудасцях карных аперацый нацыстаў і ахвярах вайны сярод жыхароў яўрэйскай народнасці ўсталявана памятная шыльда, якая будзе нагадваць жыхарам Дзятлаўшчыны і гасцям раёна аб гістарычных падзеях мінулага стагоддзя і трагедыях халакосту – невымоўнага болю і вечнай памяці дзятлаўскай зямлі.

Нагадаем, што для атрымання больш падрабязнай інфармацыі пра падзеі, аб якіх нагадваюць памятныя шыльды, жыхары раёна і госці Дзятлаўшчыны могуць скарыстацца QR-кодамі, размешчанымі на кожнай з іх.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: