Кіно, танцы, сямейныя святы

Важнае Грамадства

У кожным горадзе ёсць свае цэнтры прыцягнення, дзе прыемна адпачыць і правесці вольны час.

Чым вабіць у Дзятлаве гараджан і гасцей аддзел па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, расказала загадчыца ўстановы Ірына Сарачынская:

– Наш аддзел пачаў сваё існаванне пасля рэарганізацыі кінатэатра “Спадарожнік” і скасавання КУКП “Дзятлавакінавідэасетка” ў 2020 годзе. Спачатку было складана займець наведвальнікаў, бо многія не падазравалі, што ўстанова працуе. Каб заявіць пра сябе, разам з метадыстам Кацярынай Сарачынскай, культарганізатарам Аксанай Анушкевіч стварылі бестэрміновы праект “Дзеці. Моладзь. Сям’я”. Асаблівы ўхіл зрабілі менавіта на падрастаючае пакаленне, бо гэта наша будучыня. Пачаць вырашылі з сямейных урачыстасцяў для самых маленькіх, для гэтага аднавілі работу міні-кафэ “Мікс”. Па першым часе ладзіць у нас дні нараджэння запрашалі дзяцей знаёмых, затым у якасці надзейнай рэкламы спрацавала “сарафаннае радыё”, цяпер амаль кожныя выхадныя ў нас ёсць кліенты. Робім усё, каб дні нараджэння праходзілі цікава і запамінальна: нашы работнікі рыхтуюць фотазону, зону адпачынку, спецыяльную дзіцячую дыскатэку, для якой набылі “сярэбранае шоу” – лёгкія бліскучыя стужачкі, з якімі вельмі любяць гуляць маленькія наведвальнікі. Нядаўна набылі новыя забаўкі – мыльныя бурбалкі і бадмінтон. Прапаноўваем згуляць і ў папулярны з ранейшых часоў аэрахакей. Наш адміністратар Святлана Рымша распрацоўвае насычаныя праграмы дзіцячых святаў з конкурсамі і віншаваннямі, якія вельмі падабаюцца малечы і іх бацькам, таму запіс кліентаў фарміруецца наперад. Традыцыйнымі сталі выпускныя вечарыны для дзіцячых садоў і пачатковых класаў. Сёлетні год не выключэнне – чакаем заказаў. Пры жаданні можам сустрэць і выпускнікоў 11 класаў, бо практыкуем такую паслугу, як “выязны рэстаран” па дамоўленасці з кафэ “Паніква”, якое прадастаўляе гарачыя стравы і афіцыянтаў для арганізацыі свята на базе нашай установы.

– Якія вашы паслугі запатрабаваны ў моладзі?

– Для падлеткаў і маладых людзей па выхадных з 19 да 22 гадзін у нас праходзяць тэматычныя дыскатэкі, у тым ліку прафілактычнай скіраванасці з інфармацыйнай часткай, фотазонамі, нават бітвамі дыджэяў, адначасова працуе кафэ, дзе можна пасядзець за кубачкам чаю. Летам плануем арганізаваць дыскатэкі яшчэ і для малечы. Актыўна наведваюць нашы мерапрыемствы падлеткі, з якімі ладзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Увогуле імкнёмся ўлічваць галоўныя пажаданні моладзі, для чаго вывучаем патрэбы і запыты, у тым ліку музычныя. Для гэтага ёсць скрыначка пажаданняў, куды юныя наведвальнікі апускаюць свае прапановы. Радуе, што змаглі “адарваць” іх ад тэлефонаў, што ім палюбілася танцаваць.

Яшчэ запатрабаваны наш більярд, набывае папулярнасць сумесны прагляд кінастужак “на вялікім экране”. Свежую афішу навінак і прапановаў можна ўбачыць як на інфармацыйных стэндах установы, так і на старонцы ў Instagram. Падабаецца гасцям і адпачынак у міні-кафэ “Мікс”, дзе можна заказаць каву з кавамашыны, чай, гарачы поп-корн, прысмакі. Праводзім прывабныя акцыі для пакупнікоў: “Падвойваем радасць” – пры пакупцы прадукцыі кафэ на 5 рублёў у суботні вечар уваход на дыскатэку ўжо бясплатны, “Шчаслівы пакупнік” – пастаянныя кліенты кафэ атрымліваюць салодкія прызы.

– Раскажыце пра сямейныя формы адпачынку.

– У рамках праекта ў нядзелю ў 17 гадзін працуе клуб “Кінасям’я”, калі збіраюцца некалькі сем’яў, выбіраюць з кінатэкі і глядзяць любую стужку. Для маленькіх дзетак, якім цяжка ўседзець у зале, мы на гэты час знаходзім забавы – размалёўкі, аэрахакей, атракцыён-матацыкл, іншыя. Затым у дарослых і малечы ёсць магчымасць пасядзець за чаем у кафэ.

У чацвер у 17 гадзін прапануем наведвальнікам дакументальны кінацыкл “Легенды спорту” пра вядомых спартсменаў.

Наш праект ужо правераны часам і быў прадстаўлены на абласным выязным семінары, які праходзіў у Дзятлаве ў 2021 годзе.

Увогуле на базе ўстановы зараджаецца своеасаблівы сацыяльна-забаўляльны цэнтр па арганізацыі вольнага часу з ухілам на непаўналетніх і моладзь, якіх прывабліваюць дыскатэкі, кінасеансы, тэматычныя праграмы, адпачынак у міні-кафэ. У канікулярны час работа актывізуецца: штодзень ладзім дзіцячыя кінасеансы, запрашаем да сябе адпачывальнікаў летнікаў, выхаванцаў дзіцячых садоў. Па магчымасці з кіналекторыямі стараемся выязджаць у сельскія ўстановы адукацыі, абслугоўваем па дзве на месяц.

– Як удаецца быць паспяховымі?

– Наш калектыў – гэта 8 аднадумцаў, у кожнага вялікая зона адказнасці. Многіх назвала, яшчэ варта адзначыць вопытнага, адказнага, энергічнага кінамеханіка Наталлю Лях, добрасумленнага, стараннага відэадэманстратара-касіра Марыну Жых, якая выязджае ў сельскія школы, працавітага камунікабельнага бармена Ганну Шышко, якая ўмее нават самым юным наведвальнікам падабраць пачастунак. Нельга не ўзгадаць нашу прыбіральшчыцу Лідзію Гемза, якая сочыць за чысцінёй, парадкам і ўтульнасцю. Мы – зладжаная каманда, якой па сілах любыя задачы і планы.

– Ці сутыкаецеся з цяжкасцямі ў рабоце?

– На жаль, яны ёсць: у аддзела адсутнічае свая машына, каб выязджаць на раён, даўно не папаўнялася матэрыяльна-тэхнічная база, хацелася б абнавіць апаратуру для дыскатэкі, перацягнуць більярдны стол і набыць новыя кіі, не вельмі аператыўна да нас даходзяць кінанавінкі.

– Што ў планах надалей?

– Стварыць свой музейны куток, бо маем ранейшую апаратуру, кінаўстаноўкі, ёсць і старажылы, якія дапамогуць з напісаннем экскурсіі. Гэта актуальна, бо да нас часта заходзяць госці, прыязджаюць адпачывальнікі з санаторыя “Радон”, іншагароднія, нават іншаземцы. Наведванням спрыяе зручны графік работы: працуем з аўторка па нядзелю з 8 да 23 гадзін, у панядзелак – з 8 да 17 гадзін, абедзенны перапынак з 13 да 14 гадзін. Заходзьце.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga