Лёс Дзятлаўскага гета

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

22 лютага 1942 года ў Дзятлаве было створана гета, куды нацысты сагналі ўсіх яўрэяў мястэчка.

Гета было закрытага тыпу, абнесена драўляным плотам з калючым дротам, двое мясцовых паліцэйскіх заўсёды дзяжурылі каля варот. Любыя кантакты з неяўрэйскім насельніцтвам, нават размовы, забараняліся пад страхам смерці. Перадача прадуктаў харчавання ў гета каралася расстрэлам. У хаты, вызваленыя ад неяўрэйскага насельніцтва, немцы засялялі па 5-6 сем’яў, многія сем’і былі раздзелены. У адным пакоі жылі па 8 і больш чалавек. Мэблі не было, толькі стаялі двухузроўневыя ложкі. Паводле ўспамінаў тых, хто выжыў, гета знаходзілася ў цэнтры мястэчка, у раёне сучасных вуліц Чырвонаармейскай, Кутузава, Леніна. Выходзіць з гета не дазвалялася. Некаторыя яўрэі мелі спецыяльныя пропускі, але гэта былі тыя, каго прымушалі працаваць на “карысць нямецкай арміі”.

Дзятлаўскае гета знішчалі ў два этапы – у красавіку і жніўні 1942 года.

29 красавіка 1942 года немцы арыштавалі юдэнрат і акружылі гета. На досвітку 30 красавіка ўсім яўрэям, якія знаходзіліся ўнутры яго, загадалі ісці на старыя яўрэйскія могілкі (зараз на гэтым месцы сквер і помнік І. Ю. Філідовічу). Немцы і паліцаі пачалі выводзіць яўрэяў з дамоў, збіваючы іх нагамі і забіваючы на ​​месцы тых, хто не хацеў падпарадкоўвацца. Яны адабралі “непатрэбных”, на іх думку, людзей – жанчын, старых і дзяцей, аддзяліўшы ад маладых кваліфікаваных рабочых. Каля 1200 адабраных яўрэяў (дакладная лічба да гэтага часу невядомая) пагналі па вуліцах Дзятлава ў Курпешскі лес. Асуджаныя людзі ішлі, крычалі і галасілі, развітваючыся са сваякамі, а беларусам і палякам нацысты загадалі не высоўвацца з дамоў, і выставілі ўздоўж дарогі ахову з сабакамі.

Наступная акцыя знішчэння яўрэяў Дзятлаўскага гета адбылася 6 жніўня 1942 года. Пасля селекцыі немцы пакінулі каля 200 маладых людзей. Астатніх вывялі на яўрэйскія могілкі. Там людзей заставілі капаць сабе магілу.  У выніку гэтых расстрэлаў ад 1500 да 3000 яўрэяў былі забіты і пахаваны ў брацкіх магілах на новых яўрэйскіх могілках (па вуліцы Кастрычніцкай). 200 яўрэйскіх рамеснікаў-спецыялістаў на наступны дзень перавялі ў гета горада Навагрудка.

На гэтым скончылася гісторыя не толькі Дзятлаўскага гета, але і яўрэйскай абшчыны Дзятлава. Усяго за час акупацыі гітлераўцы замучылі і забілі ў нашым мястэчку 5800 яўрэяў. Некалькі сотняў змаглі выратавацца і дажыць да вызвалення ў сямейным партызанскім лагеры, які знаходзіўся ў Ліпічанскай пушчы.

Яшчэ раз нагадаць пра трагічныя падзеі, звязанныя з лёсам яўрэйскага насельніцтва, якое пражывала на Дзятлаўшчыне, сёння завіталі ў музей вучні 7 класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава з класным кіраўніком Наталляй Белаус. Ім правялі экскурсію па выставе “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць”.

Толькі памяць людзей здольна не даць паўтарыцца падобнай трагедыі на нашай зямлі!

Матэрыял падрыхтавала Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: