Вольга Жэлезоўская: “У нас шмат таленавітай моладзі”

Галоўнае Грамадства Падзеі

У Гродзенскім абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі ўшанавалі 56 таленавітых школьнікаў і студэнтаў Прынёмання, якія сталі лаўрэатамі стыпендыі Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”.

Сярод стыпендыятаў былі і дзятлаўчане: навучэнец Казлоўшчынскай сярэдняй школы Артур Мазоль і навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Дар’я Петрыкевіч. У абласны цэнтр яны прыехалі разам з намеснікам старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, старшынёй раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Вольгай Жэлезоўскай і педагогам Тамарай Буяк.

Удзельнікаў цырымоніі віталі і ўручалі ім узнагароды намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Іван Калбаска.

– Вельмі прыемна было бачыць на сцэне сярод адоранай моладзі рэгіёна і нашых дзяцей, – расказала Вольга Жэлезоўская. – Калі чуеш аб іх значных дасягненнях, то разумееш, што ў Беларусі ёсць будучыня, што падрастаючаму пакаленню ёсць на каго раўняцца і да чаго імкнуцца. Безумоўна, дзецям было прыемна атрымаць узнагароды, цікавіліся яны і дзейнасцю нашага грамадскага аб’яднання. Падобныя сустрэчы матывуюць і моладзь, і дарослых: радасна адчуваць, што падрастаючае пакаленне паспяхова праяўляе сябе ў розных сферах навукі, творчасці, спорту. Веру, што і надалей, калі яны будуць прыкладаць намаганні, то змогуць дабіцца вялікіх поспехаў. Мне было цікава паразмаўляць з Артурам і Дар’яй, даведацца пра іх планы на жыццё. Напрыклад, Артур не пашкадаваў, што трапіў на заняткі ў тэхнапарк, а да гэтага яго заахвоціла Тамара Аляксандраўна. Лічу, што для навучэнцаў вельмі важна сустрэць на сваім жыццёвым шляху настаўніка, які заўважыць поспехі, падштурхне да самаўдасканалення, дапаможа развівацца. Было відаць, як педагогі перажывалі і радаваліся за сваіх вучняў. 2023 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам міру і стварэння і Беларускі фонд міру будзе працаваць у гэтым кірунку. Галоўная частка расходаў нашага аб’яднання заўсёды накіроўваецца на падтрымку адораных і таленавітых дзяцей. Акрамя ўручэння стыпендый, мы праводзім конкурсы. Як старшыня раённай арганізацыі я жадаю падрастаючаму пакаленню, каб яно жыло пад мірным небам, без ваенных дзеянняў, каб магло развівацца, расці, дасягаць, ствараць і думаць аб перспектывах.

Уражаннямі ад паездкі падзяліліся і самі навучэнцы.

Артур Мазоль:

– Нечакана і вельмі прыемна было атрымаць узнагароду. Я пераможца раённага этапу, удзельнік абласной алімпіяды па біялогіі, быў удзельнікам міжнароднага экалагера “Экалогія без межаў”, у лістападзе ў секцыі “інжынерная экалогія” прайшоў навучанне ў тэхнапарку, за поспехі заняткі прадаўжаю дыстанцыйна і, калі буду старацца, без экзамена змагу быць залічаны на экаспецыяльнасць у ВНУ. Сярод дасягненняў таксама ІІ месца ў абласной і ўдзел у рэспубліканскай эколага-біялагічнай канферэнцыі навукова-даследчых работ. У школе займаюся біялогіяй на павышаным узроўні. Жыву ў сельскай мясцовасці, праз дарогу – лес, таму назіраць за прыродай падабалася з дзяцінства, затым узяўся за тэорыю. У далейшым мару стаць студэнтам факультэта аховы навакольнага асяроддзя БДТУ, бо мне блізкая тэма экалогіі. У свеце нарастае праблема звалак, больш увагі неабходна скіраваць на карысную перапрацоўку адходаў. Калі гэта не вырашаць цяпер, праблема будзе нарастаць. На дыстанцыйных занятках тэхнапарка займаюся тэмай выкарыстання стокавых водаў у сельскай гаспадарцы, цікаўлюся праблемай падаўжэння жыццёвага цыклу адходаў, хочацца, каб развіваліся іх асобны збор і глыбокая перапрацоўка. На цырымоніі ўзнагароджання мяне перапаўняла пачуццё гонару не толькі за сябе, але і за іншую таленавітую моладзь. Віктар Францавіч вельмі трапна сказаў, што за намі будучыня, а таму трэба развівацца, не стаяць на месцы, яго словы вельмі матывуючыя. Парадаваў і канцэрт ад маладых талентаў Гродзеншчыны. Сваім равеснікам я жадаю паспяховага паступлення на выбраныя спецыяльнасці. Астатнім навучэнцам – упарта ўзяцца за выбраны кірунак і ўдасканальвацца ў ім, не забываючы пра агульнае развіццё. Не бойцеся выступаць на сцэне, праяўляць ініцыятыву перад настаўнікамі і вы зразумееце, наколькі гэта цікава.

Дар’я Петрыкевіч:

– Уражанні самыя найлепшыя, цырымонія прайшла на высокім узроўні, спадабаліся і выступленні ўдзельнікаў, паслухаць іх было цікава і карысна. Мяне ўшаноўвалі за спартыўныя поспехі. Па выніках 2022 года наша каманда “Дынама-Мінск” БДУФК, у саставе якой я выступаю на футбольных спаборніцтвах, зноў заняла І месца ў Рэспубліцы Беларусь, за кошт чаго я ўжо двойчы пацвердзіла званне КМС – кандыдат у майстры спорту. Яшчэ дакладна не вырашыла: звяжу далейшае жыццё толькі са спортам ці атрымаю настаўніцкую спецыяльнасць. Стыпендыю Беларускага фонду міру мяркую патраціць на сваё захапленне фізічнай культурай – набуду спартыўны абутак. Беларускай моладзі жадаю ўдасканальвацца і развівацца ў тым, што ім падабаецца, дабівацца пастаўленых мэтаў. Аднак варта памятаць, што ва ўсім галоўнае – гэта жаданне, без яго нічога не атрымаецца.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі мерапрыемства

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga 



Теги: