Развод пасля 41 года сумеснага жыцця

Важнае Грамадства

Рэгістрацыя шлюбу, нараджэння, смерці, устанаўленне бацькоўства … для вырашэння гэтых і многіх іншых пытанняў людзі звяртаюцца ў ЗАГС.

Дзеці прыходзяць у наш свет, каб падарыць цяпло і пяшчоту, мора ўсмешак, радасці і шчасця! У Дзятлаўскім раёне ў 2022 годзе нарадзілася 137 дзяцей: 69 хлопчыкаў і 68 дзяўчынак сваім першым гучным крыкам заявілі свету аб сваім з’яўленні (у 2021 годзе – 155 дзетак). У 39 сем’ях немаўляткі сталі першым дзіцем, радасць ад з’яўлення ў другога дзіцяці адчула 59 сямей, у 27 – дзетак стала трое, у 8 – чацвёра, пятае дзіця нарадзілася ў 2 сем’ях, і па адным дзіцяці сталі шостым і восьмым у сем’ях дзятлаўчан. У пяці пар нарадзіліся двайняты.

Самай маладой маме ў мінулым годзе споўнілася 18 гадоў, а бацьку – 21, максімальны ўзрост бацькі 52 гады, а мамы – 45.

Найбольш папулярныя жаночыя імёны, якія бацькі выбіралі дзеткам: Вікторыя, Марыя, Анастасія, Паліна, Сафія. Сярод рэдкіх імёнаў –Віялета, Дзіна, Ніколь, Славяна, Сняжана.

Хлопчыкам часцей за ўсё давалі імёны: Міхаіл, Аляксандр, Арцём, Багдан, Яўген, Мацвей, Яраслаў. Немаўлятамі з рэдкім мужчынскім імем у нашым раёне сталі Яфім, Рэнат і Тыгран.

Колькасць зарэгістраваных шлюбаў у 2022 годзе зменшылася на 30 у параўнанні з 2021 годам. Ажаніліся летась 82 пары: 55 – у горадзе, 27 – у сельскай мясцовасці. Толькі 22 пары пажадалі правесці цырымонію заключэння шлюбу ва ўрачыстай абстаноўцы. Самай маладой нявесце споўнілася 18 гадоў, жаніху – 21, а самымі ўзроставымі мужам і жонкай сталі мужчына 65 гадоў і жанчына таксама 65 гадоў. У нашым раёне былі зарэгістраваныя шлюбы з замежнымі грамадзянамі (Туркменістана і Расійскай Федэрацыі).

У 2022 годзе зарэгістравана 10 скасаванняў шлюбаў у аддзеле ЗАГСа (у 2021 – 11). Сярэдні ўзрост мужчын, якія пайшлі на развод – 44 гады, жанчын – 42. Максімальная працягласць скасаванага ў 2022 годзе шлюбу 41 год 2 месяцы 17 дзён, а самае кароткае сямейнае жыццё доўжылася ўсяго 1 год 9 месяцаў 17 дзён.

Як і раней, смяротнасць перавышае нараджальнасць. У 2022 годзе ў раёне зарэгістравана 497 смерцяў, што на 153 менш, чым у 2021 годзе. Аддзелам ЗАГС – 145 смерцяў, сельвыканкамамі – 352. З 497 памерлых 253 мужчыны і 244 жанчыны. Доўгажыхаром была жанчына, якая памерла ва ўзросце 101 год.

Кацярына ВАНІСЛАЎЧЫК,
начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама

Фота з адкрытых крыніц

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga