Дзякуй тым, хто дапамагае з намі

Важнае Грамадства

11 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень “дзякуй”.

– Гэта цудоўная магчымасць адрасаваць цёплыя словы шчырай удзячнасці ўсім, хто з’яўляецца сацыяльным партнёрам і памочнікам Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, – адзначае яе старшыня Галіна Касцюк. – Тысячы людзей у нашай рэспубліцы і за яе межамі дапамагаюць Беларускаму Чырвонаму Крыжу – ахвяруюць свае грошы, час, рэсурсы. Штогод дапамогу аб’яднання атрымліваюць шматдзетныя і няпоўныя сем’і, тыя, дзе гадуюцца дзеці з інваліднасцю, сем’і бежанцаў і вымушаных перасяленцаў, адзінокія пажылыя і цяжкахворыя людзі, асуджаныя і былыя асуджаныя, а таксама многія іншыя, хто знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі і мае патрэбу ў дапамозе. Аднак без вашай падтрымкі мы не змаглі б дапамагчы такой колькасці людзей!

– Дзятлаўская раённая і Гродзенская абласная арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа кажуць “дзякуй” усім, хто падтрымлівае гуманітарную дзейнасць аб’яднання – членам, валанцёрам, партнёрам, індывідуальным прадпрымальнікам, неабыякавым людзям, – прадаўжае свой цёплы зварот Галіна Касцюк. – У сваю чаргу нашы валанцёры і работнікі ні адзін раз на год, а, можна сказаць, кожны дзень чуюць слова “дзякуй”, якое ідзе ад самага сэрца тых, каму дапамагаем. З вашым актыўным удзелам Таварыства Чырвонага Крыжа паляпшае якасць жыцця людзей, якія маюць патрэбу ў асаблівых увазе і клопаце.

Галіна Эдвардаўна расказала, што 2022 год быў багатым на дапамогу і супрацоўніцтва. Сярод нядаўніх добрых спраў аб’яднання назвала дабрачынную навагоднюю акцыю “Ёлка жаданняў”, рэалізаваць якую дапамаглі дзятлаўчане, якія папаўнялі карзіну з адпаведным лагатыпам у магазіне “Родны Кут” райцэнтра. Дзякуючы ахвяраваным пачастункам, навагодніх падарункаў у рамках акцыі дачакаліся больш за 50 жыхароў раёна. Сярод іх была і замяшчальная сям’я Таццяны Сянчурынай, дзе гадуюцца трое дзяцей. Ад Таварыства Чырвонага Крыжа яны атрымалі не толькі салодкія падарункі і прадуктовы набор, але і тры ўтульныя коўдры, новую куртку.

– Дзякуй кожнаму, хто неабыякавы да чужой бяды і дапамагае разам з намі. Спадзяёмся на далейшае выніковае супрацоўніцтва! – падрахункавала свой аповед Галіна Касцюк.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Галінай КАСЦЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga