Двайная нагода для свята

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца акцыя “Наш жывёлавод”, якая праводзіцца Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу  сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Гэтым разам узнагароды прымалі работнікі фермы “Ёцавічы” КСУП “Войневічы”.

З прыемнай місіяй іх наведалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і старшыня прафкама КСУП “Войневічы” Вольга Сухецкая.

Уладзімір Фёдаравіч падзякаваў работнікам фермы за добрасумленную працу і адказнасць пры выкананні сваіх службовых абавязкаў:

– Ад імя раённага выканаўчага камітэта і прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу хачу выказаць вам шчырую ўдзячнасць за працавітасць, вернасць абранай прафесіі, любоў і адданасць свайму працоўнаму калектыву, роднай зямлі. Праца жывёлавода заўжды была паважанай і дастойнай. Няхай вашы старанні і прафесіяналізм будуць па заслугах ацэнены і прыносяць важкія вынікі. Здароўя вам, дабрабыту і мірнага неба.

Ён уручыў Падзячныя лісты і памятныя падарункі аператарам машыннага даення Лідзіі Коваль і Людміле Ляўкевіч, жывёлаводам Івану Нічыпару і Юрыю Ляўкевічу. Акрамя ўзнагароды, Лідзія Мікалаеўна прымала віншаванні і кветкі да Дня нараджэння, які адзначала ў гэты дзень.

Для добрага настрою Вольга Сухецкая прывезла работнікам фермы салодкія пачастункі ад прафсаюзнага камітэта гаспадаркі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga