Дзе пачынаецца духоўнае адраджэнне?

Важнае Спорт і турызм

Як “дакрануцца” да хрысціянскіх святыняў Дзятлаўшчыны, больш даведацца аб храмах нашага раёна, іх святарах, непаўторнай гісторыі і зрабіць такія вандроўкі прывабнымі для турыстаў, у фармаце дыскусіі абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, пасяджэнне якога прайшло ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што ў Беларусі распрацавана Нацыянальная стратэгія развіцця турызму да 2035 года, куды ўваходзяць канкрэтныя кірункі дзейнасці, у тым ліку рэлігійны турызм. Пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь створаны рэспубліканскі экспертна-каардынацыйны савет па турызме. На Дзятлаўшчыне таксама рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 29 лістапада 2022 года № 709 створана 7 рабочых груп па розных відах турызму ў рамках дзейнасці міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме пры Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце. Тры аб’екты нашага раёна, сярод якіх касцёлы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве і Божага Цела ў аграгарадку Дварэц ужо ўвайшлі ў рэспубліканскі маршрут “Нёманская нітка”. Уключаны нашы храмы і ў 8 раённых турыстычных маршрутаў, у тым ліку нядаўна атэставаны “Дарогамі Дзятлаўшчыны” экскурсавода Алены Абрамчык. У планах – распрацаваць яшчэ адзін – “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы або Накрышская гісторыя”. Наталля Яўгенаўна заклікала спецыялістаў разглядаць цэрквы і касцёлы і як асобныя аб’екты турызму, вызначыцца, якія канкрэтна, сабраць аб іх цікавую інфармацыю, папулярызаваць праз газету і сацыяльныя сеткі, знайсці свае “ізюмінкі” пры падачы матэрыялу.

Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель выказаў прапанову на пачатку звярнуцца да гісторыі храмаў горада Дзятлава, аграгарадкоў Вензавец і Дварэц, расказаў, на чым можна зрабіць акцэнты, параіў актыўней падключаць да рэлігійнага турызму працоўныя калектывы, анансаваў ідэю ў больш аддаленай перспектыве пераўтварыць Праабражэнскую царкву горада Дзятлава ў храм-музей. Святар падкрэсліў, што важна, каб у час наведвання рэлігійных аб’ектаў турысты не толькі пазнавалі іх гісторыю, але і развіваліся духоўна, бо храм – гэта часцінка неба на Зямлі, якая дапамагае ўратавацца чалавечай душы.

Па выніках размовы ўдзельнікі круглага стала таксама намецілі распрацаваць рэкламныя прайс-лісты аб наведванні храмаў як асобных аб’ектаў турыстычнага паказу. З гэтай нагоды Дзятлаўскаму раённаму фізкультурна-спартыўнаму клубу і гісторыка-краязнаўчаму музею дадзена даручэнне забяспечыць размяшчэнне адпаведнага кантэнту на сайце і ў сацыяльных сетках.

Практычнай часткай семінару стала віртуальная экскурсія “Падарожжа ў духоўнае мінулае і сучаснасць раёна “Ля вытокаў духоўнасці” ад старшага навуковага супрацоўніка музея Алены Абрамчык.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga