Выбар прафесіі – складаны і адказны крок у жыцці чалавека

Грамадства Свежыя навіны

Навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава не губляюць час дарма і выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб больш даведацца аб новых прафесіях.

Група школьнікаў з 9-11 класаў адправілася на канікулах у горад Мінск, каб пазнаёміцца з факультэтамі і спецыяльнасцямі БНТУ і БДПУ імя Максіма Танка. Сустрэча была арганізавана ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж установамі з мэтай павышэння якасці адукацыі, ажыццяўлення ўзаемадзеяння, абмену вопытам, арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі.

У БНТУ старшакласнікаў сустрэў першы прарэктар універсітэта, які расказаў, якім поспехам карыстаюцца выпускнікі ВНУ і наколькі запатрабаваны іх спецыяльнасці не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за мяжой. У рамках праекта “Канікулы ў БНТУ” дзецям было прапанавана наведаць інтэрактыўныя майстар-класы інжынернага, эканамічнага і архітэктурнага профіляў на факультэтах.

У ходзе мерапрыемстваў  вучні змаглі задаць пытанні, з задавальненнем выконвалі заданні, прапанаваныя выкладчыкамі, удзельнічалі ў майстар-класах. Эканамічны профіль універсітэта прадстаўлялі студэнты старэйшых курсаў аўтатрактарнага факультэта, таму даведацца аб студэнцкім жыцці школьнікі змаглі з першых вуснаў.

Пакуль адна частка навучэнцаў знаёмілася з тэхнічнымі спецыяльнасцямі, група педагагічнай накіраванасці актыўна ўжывалася ў ролю студэнтаў філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка. У рамках праекта “Студэнт-на-адзін-дзень” дзецям было прапанавана наведаць лекцыі “Сучасная беларуская літаратурная мова”, “Антычная літаратура і літаратура эпохі Сярэднявечча і Адраджэння”, “Асновы псіхалогіі і педагогікі”.

Па словах навучэнкі школы Анастасіі Маскаль, такія мерапрыемствы вельмі карысныя і цікавыя, бо дзякуючы ім можна больш даведацца аб сваёй будучай прафесіі, пабыць у ролі студэнта, папрысутнічаць на занятках, пагутарыць са студэнтамі і выкладчыкамі, такім чынам лягчэй вызначыцца з будучай прафесіяй.

Святлана САЛАЎЁВА,
настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga