Аляксандр Бургун: “Зверка зойме не больш за 15 хвілін”

Важнае Грамадства

У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца зверка ўліковых даных ваеннаабавязаных.

Як гэта адбываецца на Дзятлаўшчыне, расказаў намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун:

– У нашай краіне праводзіцца планавая зверка ўліковых даных ваеннаабавязаных. У ходзе яе выклік грамадзян у ваенны камісарыят і сельскія выканаўчыя камітэты раёна адбываецца пераважна павесткамі. Да цяперашняга часу зверка ўліковых даных у асноўным праводзілася з ваеннаабавязанымі, якія працуюць у арганізацыях і на прадпрыемствах, незалежна ад формаў уласнасці.

З сярэдзіны лістапада да канца 2022 года ўліковыя даныя будуць звераны ва ўсіх без выключэння  ваеннаабавязаных, якія стаяць на воінскім уліку.

Ваеннаабавязаным, якія зарэгістраваны па месцы жыхарства на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна і не занятыя ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь, неабходна да 23 снежня 2022 года асабіста прыбыць у ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна ў рабочыя дні з 8 да 17 гадзін для ўдакладнення ўліковых даных. Пры сабе трэба мець пашпарт, ваенны білет і вадзіцельскае пасведчанне. Пры немагчымасці асабістай яўкі неабходна звязацца са спецыялістамі ваеннага камісарыята па тэлефоне 8-01563-2-10-61 у рабочы час.

У сярэднім зверка ўліковых даных аднаго ваеннаабавязанага займае не больш за 10-15 хвілін. Пасля ўдакладнення інфармацыі грамадзяне адправяцца па месцы работы або жыхарства.

Сваімі ўражаннямі ад праходжання працэдуры падзяліўся ваеннаабавязаны, які знаходзіцца на ўліку ў ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна, Дзмітрый Вішнарэўскі:

– 17 лістапада я прыбыў у ваенны камісарыят па павестцы для ўдакладнення ўліковых даных. Візіт заняў літаральна 10 хвілін. У мяне ўдакладнілі даныя, якія сведчаць асобу, пашпартныя, аб месцы работы і іншыя. Пасля гэтага я пайшоў па сваіх справах.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga