Спаборніцтва таленавітых, актыўных, прадпрымальных

Галоўнае Грамадства

Пакуль што гэта толькі гульня, але, магчыма, хто-небудзь з сённяшніх старшакласнікаў выбера прадпрымальніцтва як асноўную прафесію дарослага жыцця.

У школах Прынёманскага краю з ініцыятывы камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама праходзяць бізнес-віктарыны “Батл-ТАП”, што расшыфроўваецца як “спаборніцтва таленавітых, актыўных, прадпрымальных”.

На гэты раз спецыялісты ўпраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі завіталі на Дзятлаўшчыну і правялі фінансавую гульню для навучэнцаў 10-11 класаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

Спачатку маладыя ўдзельнікі прайшлі адборачны тур, які ўяўляў сабой бліц-апытанне. Па выніках адбору вызначыліся два лідары – каманды “Аранжавых” і “Фіялетавых”, якія і ўступілі ў асноўную гульню віктарыны.

Варта адзначыць, што фіналістаў чакалі няпростыя заданні: пытанні-асацыяцыі, рэбусы, зашыфраваныя назвы прафесій і відаў дзейнасці, на веданне знешнеэканамічнай гандлёвай прасторы.

Лепш справіцца з прапанаванымі галаваломкамі і ўкласціся ў адведзены час удалося камандзе “Аранжавых”. Напрыканцы кожны з членаў каманды-пераможцы атрымаў памятныя прызы.

Як расказала начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Алена Валько, менавіта камітэт з’яўляецца распрацоўшчыкам фінансавай гульні “Батл-ТАП”, прызначана яна для школьнікаў з розных куткоў Гродзеншчыны. Напрыклад, пасля маладых дзятлаўчан у бізнес-баталіях паўдзельнічаюць навучэнцы школ Навагрудскага і Лідскага раёнаў. Як упэўніліся спецыялісты, маладому пакаленню гульня цікавая. Увогуле ж, распрацоўшчыкі пастараліся, каб у яе ўдзельнікаў “уключалася” крытычнае мысленне, бо пытанні падабраны самыя разнапланавыя, каб дзеці маглі максімальна хутка пераключацца. Неабходны і веды, па большай частцы эканамічныя, якія могуць спатрэбіцца ў далейшым жыцці.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся капітан каманды пераможцаў, навучэнец 10 класа Серафім Каско:

– Гульня спадабалася. Раней я ўдзельнічаў у школьнай алімпіядзе па фінансавай адукаванасці, аднак пытанні бізнес-віктарыны “Батл-ТАП” адрозніваюцца: яны нестандартныя, і гэта быў прыемны сюрпрыз. На памяць аб удзеле мне дасталіся майка і шопер, а таксама станоўчыя эмоцыі – было цікава і захапляльна. Падобныя праекты лічу карыснымі: яны дазваляюць моладзі развіваць мысленне, вывучаць законы эканомікі і фінансаў, падрыхтавацца да рэалій сучаснасці. У жыцці я часта сустракаюся з фінансавымі пытаннямі як пры наведванні магазінаў, так і на ўроках. Мяркую, што дзяцей варта вучыць кіраванню малымі фінансамі, бо існуе шмат кніг аб вялікім капітале, а гэта тэма сустракаецца радзей, аднак яна не менш важная.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: