Родная вёска – жыцця крыніца

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёлета свой 80-гадовы юбілей адзначыла наша зямлячка, жыхарка вёскі Вялікія Шастакі Тэрэза Хаванская.

У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці з віншаваннямі і добрымі песнямі да яе завіталі Ганна Харлінская, Ірына Бакшук і Іван Каско з баянам. Разам з юбіляркай праспявалі добра знаёмыя песні, папрасілі яе ўзгадаць старонкі свайго жыцця.

Як і ва ўсіх дзяцей вайны, біяграфія жанчыны была няпростай. Яна нарадзілася ў сялянскай сям’і на хутары паблізу вёскі Вялікія Шастакі. На пачатку вайны яе бацьку, гаспадара хаты, прызвалі на фронт, адкуль ён не вярнуўся жывым. У асірацелай сям’і засталіся ўдава і двое дзяцей – Тэрэза Вікенцьеўна і яе брат. Матуля працавала ў калгасе, каб пракарміць дзяцей, а тыя, як маглі, дапамагалі ёй у хатніх справах.

Скончыўшы сем класаў мясцовай школы, Тэрэза Хаванская таксама пайшла працаваць у калгас, практычна ўсё жыццё прысвяціла рабоце на ферме на пасадзе кладаўшчыка.

У роднай вёсцы сустрэла асабістае шчасце: на вяселлі ў сяброў яна пазнаёмілася з маладым чалавекам, з якім разам гулялі за шафераў. У хуткім часе яны стварылі сям’ю, пабудавалі новы дом у Вялікіх Шастаках, дзе нарадзілася трое дзяцей – два сыны і дачка. Двое разляцеліся з бацькоўскага дома ў Гродна і Санкт-Пецярбург, бываюць тут гады ў рады, часцей тэлефануюць. Затое пастаянным госцем і памочнікам стаў сын, які застаўся жыць на малой радзіме ва ўласнай хаце.

Муж Тэрэзы Вікенцьеўны Іван Хаванскі – выхадзец з вялікай сям’і. Ён добра ведае цану хлеба на стале – доўгі час плённа працаваў у калгасе механізатарам. Гаспадыня дома ў вольныя ад работы хвіліны захаплялася вышываннем, стварала хатнюю ўтульнасць.

Сёлета Тэрэза Вікенцьеўна Іван Паўлавіч Хаванскія сустрэлі яшчэ адзін важкі юбілей – 60-годдзе з дня нараджэння іх сям’і. Душа ў душу пражылі ўсе гэтыя дзесяцігоддзі. Як і належыць вяскоўцам, трымалі вялікую гаспадарку – каня, кароў, свіней, апрацоўвалі зямлю, садзілі агарод пры доме. Цяпер сілы ўжо не тыя, падводзіць здароўе, ды і гады яго не прыбаўляюць ­– двойчы на тыдзень іх наведвае сацыяльны работнік, часам да пажылых людзей заходзіць фельчар з Раготна.

– Навокал усе хаты пустыя, – расказвае Іван Паўлавіч. – Засталіся тут толькі мы адзін у аднаго разам век векаваць.

Але не спяшаюцца Хаванскія да дзяцей у горад на зімоўку: у сваёй вёсцы і сонца свеціць па-іншаму, і родныя сцены даюць сілы прачынацца і пачынаць новы дзень.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: